Педагог з Мастоў Юлія Палубятка вярнулася на радзіму маладым спецыялістам і атрымлівае асалоду ад работы з дзецьмі

- 10:34Первое рабочее место

У сярэдняй школе № 2 Мастоў імя Героя Савецкага Саюза В.П.Жукава 21% настаўнікаў — былыя выпускнікі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Юлія Палубятка, праўда, вучылася ў сярэдняй школе № 5 Мастоў, але на работу трапіла ў школу № 2. Дзяўчына з дзяцінства марыла стаць педагогам. І гэта не дзіўна: яе мама Лілія Эдуардаўна — настаўніца рускай мовы і літаратуры, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 1 імя Д.І.Валковіча Мастоў, а да гэтага 20 гадоў працавала спецыялістам упраўлення адукацыі Мастоўскага райвыканкама.

Юлія адзначае, што менавіта мама паўплывала на яе выбар, з’яўляецца для яе прыкладам, падтрымлівае ва ўсіх пачынаннях. Юлія вучылася на філалагічным факультэце ГрДУ імя Янкі Купалы па спецыяльнасці “Рамана-германская філалогія” і цяпер выкладае англійскую мову, а пры неабходнасці і нямецкую.

— Мне падабаецца прафесія педагога, бо я вельмі люблю дзяцей, асабліва маленькіх, — расказвае настаўніца. — Для мяне сапраўднае задавальненне — працаваць з малодшымі класамі. Я выкладаю англійскую мову ў 3, 4 і 6 класах. Дзеці такія дапытлівыя, жыццярадасныя, непасрэдныя, і гэта радуе. Запомніўся мой першы ўрок, які праводзіла ў 6 класе. Я, вядома, хвалявалася, грунтоўна рыхтавалася, каб усё прайшло добра. І адчула, што навучэнцы прынялі мяне.

Юлія Алегаўна вельмі хутка выклікала прыхільнасць да сябе дзяцей. У калектыве маладую настаўніцу прынялі таксама цёпла, многія ведалі яе з дзяцінства. Дарэчы, сярэднюю школу Юлія скончыла з залатым медалём.

Задаволены работай маладога спецыяліста і дырэктар школы Аляксандр Рыгоравіч Старавойтаў:

Урокі Юліі Алегаўны вылучаюцца паслядоўнасцю, лагічнасцю, цэласнасцю. Педагог добра арыентуецца ў метадычных аспектах выкладання англійскай мовы, валодае метадамі актыўнага навучання, шырока выкарыстоўвае дыдактычныя, аўдыя- і відэаматэрыялы, магчымасці інтэрнэту. Вялікую ўвагу ўдзяляе стварэнню і падтрыманню ў вучняў патрэбы ў камунікацыі, засваенню ў працэсе зносін моўнага і маўленчага матэрыялу. Важна адзначыць строгасць і патрабавальнасць настаўніцы ў спалучэнні са справядлівасцю і дабрынёй. Юлія Алегаўна вельмі творчая, займае актыўную грамадзянскую пазіцыю, з задавальненнем удзельнічае ў розных конкурсах. Яна пастаянная вядучая раённых мерапрыемстваў, член Мастоўскага раённага савета працоўнай моладзі.

Юлія Палубятка па­дзялілася сваім бачаннем арганізацыі работы на ўроку. Улічваючы той факт, што настаўніца выкладае ў малодшых класах, яна стараецца прадумваць розныя цікавыя заданні-гульні, выкарыстоўвае раздатачны матэрыял, каб захапіць дзяцей, уцягнуць іх у пра­цэс гульні. Педагог шырока прымяняе на ўроках чытанне і інсцэніраванне навучэнцамі дыялогаў, урыўкаў з тэкстаў. Такі падыход матывуе да вывучэння мовы.

— Радуе, што боль­шасць дзяцей настроены праца­ваць, ім сапраўды гэта цікава, яны хочуць ведаць мову, вывучаць яе. Калі прыхо­дзяць трэцякласнікі, гэта чысты ліст, і я вельмі радуюся іх маленькім перамогам, калі яны авалодваюць алфавітам, гукамі, самастойна чытаюць, паступова папаўняюць свой лексічны запас. Я працую ў школе другі год. Мне падабаецца займацца з дзецьмі, таму кожны дзень іду на работу, каб убачыць іх зацікаўленыя вочы, парадавацца іх маленькім поспехам. Мяне гэта зараджае энергіяй, напаўняе жаданнем праца­ваць далей, — падзялілася Юлія Палубятка.

На ўроках англійскай мовы рэгулярнымі сталі тэматычныя фізкультхвілінкі з маўленчым і часта з музычным суправаджэннем. Настаўніца ўдзяляе аднолькавую ўвагу як высокаматываваным навучэнцам, так і тым, каму вывучэнне мовы даецца цяжэй, выхоўвае ў дзецях адказнае стаўленне да вучобы, працаві­тасць і суперажыванне.

Юлія Палубятка і сама стараецца самаўдасканальвацца, павышаць свой адукацыйны ўзровень. Педагог з задавальненнем пераймае вопыт калег, наведваючы іх урокі, а таксама семінары, курсы павышэння кваліфікацыі. У 2023 годзе ў складзе каманды Мастоўскага раёна была ўдзель­ніцай міжнароднага фестывалю педагагічных ідэй “Прызванне — педагог” на базе Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі. Яна стала пераможцай раённага конкурсу маладых спецыялістаў “Першыя крокі ў прафесію”, пераможцай раённага этапу абласнога конкурсу сачыненняў “Вялікая Айчынная вайна ў гісторыі маёй сям’і”, пераможцай раённага этапу і ўладальніцай дыплома III ступені абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу работ творчай моладзі “Залатое пяро “Белай Русі” за эсэ “Айчыне ў дар застануцца…”. Дзяўчына напісала пра свайго дзядулю Эдуарда Эдуардавіча Пацука.

— Я вельмі цаню, паважаю свайго дзядулю, які працаваў шафёрам, мае шмат узнагарод, а цяпер на пенсіі, — прызналася Юлія.

А яшчэ яна пераможца абласнога конкурсу і лаўрэат прэміі “Паспяховы старт” Гродзенскіх абласных арганізацый РГА “Белая Русь” і Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.

Такая ўзнагарода патрабуе далейшай якаснай працы.

***

 Сёння ў сярэдняй школе № 2 Мастоў імя Героя Савецкага Саюза В.П.Жукава працуюць чатыры маладыя спецыялісты. Па словах дырэктара А.Р.Старавойтава, кожны з іх заняты ў грамадскім жыцці школы і раёна. Настаўніца пачатковых класаў Анжаліка Лысюк і настаўніца геаграфіі Марыя Грыгарэнка — члены маладзёжнага парламента пры Гродзенскім абласным Савеце дэпутатаў, удзельнікі адукацыйнага анлайн-курса “Школа карысных кампетэнцый” у рамках партнёрскага альянсу раёнаў Гро­дзенскай вобласці па ўстойлівым развіцці. Настаўнік фізічнай культуры і здароўя Вадзім Чура, як і Юлія Палубятка, з’яўляецца вядучым школьных і раённых мерапрыемстваў.

— За апошнія 5 гадоў ні адзін малады спецыяліст, які прыйшоў у нашу школу, не пакінуў яе пасля заканчэння тэрміну адпрацоўкі, — расказаў кіраўнік установы адукацыі. — Моладзь ідзе ў школу, тут яна можа развівацца. У кожнага маладога спецыяліста ёсць праграма адаптацыі, праводзім анкетаванне, далей працуем па сістэме. Стараемся, каб кожны выпрацаваў індывідуальны стыль педагагічнай, творчай дзейнасці. Школе пашанцавала: усе нашы маладыя педагогі таленавітыя, імкнуцца самаўдасканальвацца, працаваць над сабой, актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці.

Ірына АНІКЕВІЧ
Фота аўтара