Педагог з Рэчыцы Таццяна Каляністава ў прафесіі больш за 40 гадоў, яна не толькі працягвае педагагічную дынастыю, паспяхова займаецца інавацыйнымі праектамі і бачыць у гэтым сваю місію. Акрамя гэтага, у сярэдняй школе № 7 працуе амаль усёй сям’ёй — разам з мужам і дачкой. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Таццяна Каляністава не дзеліць вучняў на добрых і дрэнных, дзеці для яе ўсе выдатныя. Цяпер яна з вялікім энтузіязмам займаецца выхаваннем юных грамадзян на занятках аб’яднанняў па інтарэсах: юныя ратавальнікі-пажарныя, інспектары руху, сябры міліцыі. Працуючы ў галіне адукацыі больш за 40 гадоў, гаворыць: “Калі б жыццё павярнуць назад, выбрала б гэты ж шлях”.
Калегі пра захопленага і таленавітага педагога гавораць з цеплынёй. Дырэктар установы Алена Скварцова падкрэслівае, што Таццяна Уладзіміраўна “ўмее трымаць дысцыпліну ў школе”, яе таксама вылучае творчы патэнцыял, ініцыятыўнасць. Яна мае шматлікія поспехі і дасягненні, на высокім узроўні ажыццяўляе праектную дзейнасць. Так, установа была ў ліку пераможцаў на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Энергамарафон” аж 4 разы. У якасці ўзнагароды і падтрымкі школе выдзяляліся сродкі з рэспубліканскага бюджэту, якія далі магчымасць не толькі замяніць лямпы і свяцільні, але і ўстанавіць пластыкавыя вокны, новую энергазберагальную тэхніку ў школьнай сталовай. Вось і ў гэтым навучальным годзе праца калектыву прывяла да перамогі на абласным этапе конкурсу “Энергамарафон-2023” у намінацыі “Сістэма інфармацыйна-прапагандысцкай работы ў сферы энергазберажэння ва ўстанове адукацыі”. У канцы сакавіка праект прадставіць рэгіён на рэспубліканскім этапе.
Таццяна Каляністава ганарыцца перамогамі сваіх вучняў на рэспубліканскіх конкурсах “Лідар года”, “Энергія і асяроддзе пражывання”, “Патрыёт. бай”, “ТэхнаІнтэлект”, “Таленты XXI стагоддзя”. Яе выхаванцы — удзельнікі рэспубліканскага праекта “Цягнік Памяці”, патрыятычнага турніру “Выклік”.
Падчас нашага знаёмства педагог падалася даволі сціплым чалавекам, чаго нельга сказаць пра яе ўклад у адукацыйны працэс рэгіёна, бо ён вельмі маштабны. Яе кабінет больш падобны да музея, тут ганаровыя месцы займаюць шматлікія ўзнагароды: кубкі, медалі, дыпломы, нагрудныя знакі і многае іншае. На падзяках чытаецца: “за істотны ўклад у адказную справу прафілактыкі надзвычайных сітуацый, праяўленую ініцыятыву і прафесійную кампетэнтнасць”, “за аказанае садзейнічанне ў патрыятычным выхаванні моладзі і развіцці Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі ратавальнікаў-пажарных”, “за значны асабісты ўклад у гарантаванне бяспекі дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму і развіццё атрадаў юных інспектараў руху”.
З размовы з педагогам стала зразумела, што з дзяцінства яна дакладна ведала, што пойдзе па слядах маці, якая шмат гадоў працавала настаўніцай у музычнай школе, прысвяціла ўсё сваё жыццё гэтай высакароднай справе. Так і здарылася.
— Муж, дачка і сын таксама педагогі, — расказвае пра дынастыю суразмоўніца. — Муж Уладзімір Аляксандравіч — выдатны настаўнік фізічнай культуры, а дачка Ганна, як я і яе бабуля, — настаўніца музыкі. Мы ўсе выкладаем у адной установе. Сын Дзмітрый працуе ў сярэдняй школе № 6. Як і бацька, ён настаўнік фізічнай культуры. Памятаю, як з дзяцінства маці хацела, каб я стала педагогам у музычнай школе. Калі вучылася, любіла ўрокі музыкі і вельмі хвалявалася, калі хлопчыкі не слухалі маладую настаўніцу. Напэўна, менавіта тады сказала сабе, што адвучуся на педагога, вярнуся ў родную школу і навяду парадак. Паставіла такую мэту, яе і дасягнула: пасля заканчэння Гомельскага дзяржаўнага педагагічнага каледжа імя Л.С.Выгоцкага па размеркаванні трапіла ў сярэднюю школу № 2, выпускніцай якой і была. Тут і пачалася мая педагагічная дзейнасць. Пазней скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка і папоўніла настаўніцкі склад калектыву сярэдняй школы № 7.
Спецыяліст прызнаецца, што цяперашніх школьнікаў цяжэй зацікавіць, але крэатыўны падыход і добрасумленная падрыхтоўка да заняткаў могуць здзівіць і захапіць хлопчыкаў і дзяўчынак. Аднак не ва ўсіх ёсць талент да спеваў, не кожнае дзіця можа чыста выдаваць гукі, а вось любоў да музыкі можна прывіць кожнаму.
— Калі ў класе 30 чалавек, вядома, не ўсім пад сілу навучыцца правільна і прыгожа браць ноту, гэта даволі складаны і карпатлівы працэс, — тлумачыць настаўніца. — Скажам, не ўсе дзеці імкнуцца прыгожа выводзіць літары ў сшытках, хоць і робяць гэта кожны дзень на занятках, а музыка ў школьнікаў усяго раз на тыдзень, і за гэты час яны засвойваюць веды ў музычным напрамку. Навучэнцам, як і шмат гадоў назад, падабаюцца ўсё тыя ж песні, якія спявалі яшчэ іх бацькі. З любімых: “Вместе весело шагать”, “Дважды два — четыре”. Яны ніколькі не горшыя за сучасныя. Вучні часта расказваюць, як спяваюць разам з маці на кухні “…это всем известно в целом мире”.
З улікам практыкі
Таццяна Уладзіміраўна лічыць, што прафесія настаўніка асаблівая, яна патрабуе вялікай адказнасці і вялікай любові да дзяцей, да працы, да жыцця.
— Працуючы 24 гады ў якасці намесніка дырэктара, прызнацца, крыху змяніла прыярытэты, бо, акрамя выкладання музыкі ў пачатковых класах, наладжвання выхаваўчай работы ў школе, удаецца паспяхова рэалізоўваць патэнцыял і ў іншых напрамках, — дзеліцца педагог. — Напрыклад, адна з папулярных сярод навучэнцаў форм пазаўрочнай занятасці — клубная. Праз работу клубаў — юных інспектараў дарожнага руху, юных сяброў міліцыі, юных ратавальнікаў-пажарных — ажыццяўляецца прававая асвета школьнікаў. Самы цікавы творчы праект, які прадстаўляем на працягу трох гадоў, — “Бяспечны новы год”. У тэатралізаванай форме маленькія акцёры вучаць аднагодкаў асновам бяспекі жыццядзейнасці, правілам паводзін у экстрэмальных умовах. Тэксты казак, тэатралізаваных паказаў, агітацыйных праграм пішу сама, гэта яшчэ адно хобі.
Аб’яднанні па інтарэсах карыстаюцца сярод дзяцей неверагоднай папулярнасцю, ды і вынік, размах праведзенай працы, бясспрэчна, уражвае. Акрамя таго, у дзецях удаецца развіваць тыя якасці і здольнасці, якія, несумненна, спатрэбяцца ім у дарослым жыцці. Нават калі не ўсе яны ў будучыні трапяць на службу ў праваахоўныя органы, можна смела сцвярджаць, што стануць годнымі грамадзянамі краіны.
— Нашы вучні дасягаюць поспехаў у вучобе, яны ўдзельнічаюць у акцыях, праектах, мерапрыемствах, перамагаюць на злётах, конкурсах, прадметных алімпіядах, паступаюць у найлепшыя УВА краіны, і, галоўнае, у іх жыцці ўсё складваецца паспяхова. А гэта значыць, што работа па адукацыйнай і прафарыентацыйнай траекторыі праведзена са знакам якасці, — адзначае Таццяна Уладзіміраўна. — У апошні час выяўленню і падтрымцы юных талентаў удзяляецца вялікая ўвага, конкурсы тут выконваюць значную ролю.
Спаборніцкі момант — выдатны сродак заахвочвання адораных навучэнцаў. Але да конкурсаў трэба шмат і карпатліва рыхтавацца. Гэта складаны, напружаны і разам з тым адказны працэс.
Падрыхтоўка актывізуе творчыя магчымасці навучэнцаў, садзейнічае праяўленню ў іх самастойнасці, адказнасці, развівае камунікатыўныя навыкі і, вядома, удасканальвае майстэрства сярод педагогаў. У кожнага дзіцяці свае таленты. І сапраўдны настаўнік, які любіць сваю справу, павінен убачыць іх і дапамагчы раскрыцца, зарадзіць зерне самастойнасці ў дзіцячай душы. Акрамя таго, вучні вучацца наладжванню зносін, узаемавыручцы, падтрымцы, разуменню. Як прыклад, ганаруся тым, што летась мой вучань Дзіма Каробачка, які выйграў конкурс актыўных, таленавітых, ініцыятыўных школьнікаў “Лідар года”, паступіў ва Універсітэт грамадзянскай абароны МНС Беларусі, дзе зараз працягвае шліфаваць уменні і навыкі, атрыманыя на занятках клуба ратавальнікаў. Гэта і страявая падрыхтоўка, і правілы аказання першай дапамогі, і немалаважнае ўменне — правільна размяркоўваць уласны час, знаходзіць выйсце з любой сітуацыі — усё спатрэбілася падчас вучобы ва ўніверсітэце. Я радуюся поспехам і дасягненням маіх вучняў і сачу за іх жыццём. Лічу, што дзецям трэба ўдзяляць шмат увагі, яны гэта адчуваюць, і, калі вырастаюць, мяняючы школьную парту на ўніверсітэцкую лаўку, працягваюць трансліраваць гэтаму свету дабро.
Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара