Разам і ў спазнанні роднага краю, і ў імкненні да экалагічнага ладу жыцця. Педагогі Глыбачанскай сярэдняй школы імя Б.І.Юркіна Ушацкага раёна Арцём і Таісія Церашкавец сумесна ажыццявілі ўжо больш за дзясятак праектаў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Прыцягненне Глыбачкі
Таісія Ігараўна — карэнная жыхарка аграгарадка Глыбачка. Скончыўшы мясцовую школу, вырашыла пайсці па слядах сваіх настаўнікаў. Па словах маёй суразмоўніцы, падштурхнула яе да гэтага рашэння парада тагачаснага дырэктара ўстановы адукацыі Галіны Леанідаўны Кляпец. Вопытны педагог разгледзела ў дзяўчыне, якая з цікавасцю ўдзельнічала ў грамадскім жыцці школы, добра ладзіла з дзецьмі розных узростаў, настаўніцкі патэнцыял. І параіла: “Табе трэба ісці ў педагогіку”.
Адукацыю Таісія Ігараўна атрымала ў Віцебскім дзяржаўным ўніверсітэце імя П.М.Машэрава па спецыяльнасці “Пачатковая адукацыя. Замежная мова”. Падчас вучобы і пазнаёміліся з будучым мужам. У той час Арцём Іванавіч, адслужыўшы тэрміновую вайсковую службу, працягваў служыць у арміі ўжо на кантрактнай аснове. Дзеля любімай жонкі ён крута павярнуў сваё жыццё — змяніў і месца жыхарства, і сферу дзейнасці. Маладая сям’я асталявалася ў Глыбачцы. Таісія Ігараўна працуе ў школе, якую некалі скончыла сама, настаўніцай нямецкай мовы. Арцём Іванавіч пасля заканчэння гуманітарнага факультэта Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Еўфрасінні Полацкай сумяшчае дзейнасць кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні і настаўніка фізічнай культуры і здароўя.
— Я родам з Полаччыны, і сваю малую радзіму вельмі люблю. Але і да Ушаччыны прыкіпеў душой. Тут дом, сям’я, любімая работа. Свае далейшыя жыццёвыя планы звязваем з нашай Глыбачкай, — адзначае Арцём Церашкавец.
Настаўніцкі дуэт працуе ў школе ўжо восем гадоў.
Муж і жонка аднадушныя ў думцы, што ў сумеснай працы шмат плюсоў. Не згодны з меркаваннем, што пры такім раскладзе ёсць рызыка стаміцца адно ад аднаго. Наадварот, гэта збліжае, лічаць яны. Фарміруецца больш шырокае агульнае кола зносін, паляпшаецца ўзаемаразуменне, з’яўляюцца дадатковыя сумесныя інтарэсы.
— Муж з дзяцінства захапляецца гісторыяй. Шмат чытае, любіць глядзець тэлевізійныя перадачы і дакументальныя фільмы, прысвечаныя гэтай тэматыцы. З цягам часу яго цікавасць перадалася і мне. Як вынік — разам задумалі і ажыццявілі ўжо шэраг школьных краязнаўчых, гісторыка-патрыятычных праектаў, — расказвае Таісія Ігараўна.
Апантаныя гісторыяй
Ушаччына — знакаміты партызанскі край, дзе ў 1942 годзе народныя мсціўцы адбілі ў фашыстаў і больш за паўтара года абаранялі вялізную тэрыторыю. У Глыбачанскай школе шмат робіцца для захавання памяці аб героях і ахвярах Вялікай Айчыннай вайны. І настаўніцкі дуэт Церашкаўцоў сапраўдны рухавік гэтай працы. Разам з калегамі і навучэнцамі яны распрацавалі захапляльную віртуальную квест-экскурсію “Партызанскімі сцежкамі”, стварылі інтэрнэт-рэсурс аб мясцовых партызанах і байцах Чырвонай Арміі “Сцяна памяці”, сайт аб спаленых вёсках Ушаччыны “Засталіся ў памяці навек”, ажыццявілі іншыя праекты.
Не абыходзяць педагогі ўвагай і іншыя старонкі багатай гісторыі роднага краю. І, вядома ж, яго ўнікальнае прыроднае багацце. Пры ўездзе ў аграгарадок бялее бярозавы гай, які высадзіў у пасляваенныя гады ўрач мясцовай бальніцы — па бярозцы ў гонар кожнага народжанага ў ёй дзіцяці. Побач з Глыбачкай знаходзіцца ажно тры возеры. А яшчэ тут ёсць узвышша, якое мясцовыя жыхары называюць Панскі бераг. На яго маляўнічых палянах растуць кветкі, якія не сустрэнеш больш нідзе ў наваколлі, і духмяныя суніцы. Некалі тут стаяла сядзіба, уладар якой любіў вырошчваць гэтую ягаду і розныя незвычайныя для нашых краёў расліны.
Натхніўшыся ўсёй гэтай прыгажосцю, знакавымі гістарычнымі помнікамі, настаўнікі разам з вучнямі распрацавалі некалькі экскурсійных маршрутаў. Яны даступны на сайце школы ўсім жадаючым, дзякуючы чаму не толькі школьнікі, але і дарослыя жыхары аграгарадка, яго госці могуць адкрыць для сябе шмат цікавага.
Трэба адзначыць, плённая праца глыбачанцаў не застаецца незаўважанай. Іх праекты неаднаразова адзначаны дыпломамі конкурсаў раённага, абласнога, рэспубліканскага ўзроўню, фестываляў, выстаў педагагічнага вопыту і творчасці моладзі.
Для нас і прыроды
Яшчэ адзін кірунак, які натхняе Арцёма і Таісію Церашкавец на сумесную працу, — экалагічная тэматыка. Іх сям’я некалькі разоў уваходзіла ў лік пераможцаў абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Энергамарафон” у намінацыі “Энергазберагальная сям’я”. А сёлета былі адзначаны дыпломам рэспубліканскага конкурсу “Энергазберажэнне для нас і прыроды”.
Ганаровае званне “Энергазберагальная сям’я” Церашкаўцы падтрымліваюць штодзённымі справамі.
Настаўнікі прызнаюцца, што пагружэнне ў тэму экалогіі значна змяніла іх лад жыцця. Правялі “рэвізію” свайго дома і ўнеслі ў яго шмат карэкціровак, якія дазволілі больш эканомна расходаваць электраэнергію, цяпло, ваду. Так, замянілі ўсе лямпачкі на энергазберагальныя, на краны паставілі спецыяльныя насадкі, замест ванны абсталявалі душ, уцяплілі вокны і сцены, сталі больш разумна карыстацца электрапрыборамі і шмат чым яшчэ. Як вынік — вельмі адчувальна знізілі сумы камунальных плацяжоў. Арцём Іванавіч змайстраваў станок, на якім з пілавіння вырабляе брыкеты. Ацяпляючы імі паравы кацёл, змаглі зменшыць расход дроў. А зараз настаўнік выношвае ідэю аб тым, каб зрабіць прыладу для здрабнення пластыку.
Яблычкі ад яблынькі
Бацькоўскія інтарэсы падзяляюць і двое іх дзяцей — Ксенія і Аляксей. Старэйшая дачка вучыцца ў 8 класе Глыбачанскай школы, актыўна праяўляе сябе ў самых розных кірунках дзейнасці. Піша даследчыя работы, удзельнічае ў праектах. Мінулай восенню Ксенія разам з бацькамі хадзіла ў сямейны пешы паход па месцах ваенных падзей, і прысвечаная гэтаму яе работа заняла 1-е месца ў адной з намінацый рэспубліканскага конкурсу “Дарогамі міру і стварэння”. А яшчэ дзяўчына любіць спорт, прадстаўляе школу і раён на спаборніцтвах па біятлоне і мнагаборствах.
Сакавік гэтага года адзначыўся ў жыцці Ксеніі Церашкавец асаблівай падзеяй — яна атрымала пашпарт. Гэты дзень стаў для дзяўчыны па-сапраўднаму незабыўным, бо дакумент ёй у ліку іншых навучэнцаў уручылі на ўрачыстай цырымоніі ў Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу.
Малодшы сын Аляксей наведвае дашкольную групу, якая існуе на базе школы. У свае 6 гадоў імкнецца не адставаць ад бацькоў і сястры. Нядаўна паўдзельнічаў у раённым конкурсе навукова-даследчых работ дзяцей дашкольнага ўзросту. Сваё дзіцячае даследаванне ён прысвяціў хамякам. За аб’ектамі вывучэння далёка хадзіць не спатрэбілася — два хамячкі жывуць у яго дома. Намеціў ужо і тэму на перспектыву, будзе даследаваць жыццё сваіх акварыумных рыбак і раслін. Што ж, калі хлопец з дзяцінства мае перад вачыма годныя прыклады старэйшых членаў сям’і, матывацыі да плённай дзейнасці яму не займаць!..
Аксана МЫЦЬКО
Фота аўтара