LEGO-цэнтр, інтэрактыўная пясочніца, унікальны праект “Мазыр на далоні” — фішкі дзіцячага сада № 41 горада над Прыпяццю. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Сад мары
Як толькі адчыняеш брамку і ступаеш на тэрыторыю дзіцячага сада, трапляеш у краіну дзяцінства. Будынак установы нагадвае замак з добрай казкі. Унутры таксама чароўна: кожны куток, калідор, фае прасякнуты творчымі ідэямі педагогаў. Напрыклад, незвычайны дызайн першага паверха дазваляе апынуцца ў віртуальным свеце экскурсій — “Мазыр на далоні”. Пра тое, што горад над Прыпяццю — культурны і гістарычны цэнтр Палесся, сведчаць мясцовыя помнікі.
— Абавязак дарослых — захаваць гістарычную спадчыну і перадаць яе наступнаму пакаленню, а праект “Мазыр на далоні” — выдатны варыянт знаёмства не толькі з гарадскімі аб’ектамі, але і са славутасцямі Беларусі, — расказвае загадчыца дзіцячага сада № 41 Мазыра Вольга Шаўчэнка. — У нашай установе ў мініяцюры прадстаўлены найбольш знакавыя месцы, якія бацькі могуць наведаць разам з дзецьмі, не пакідаючы будынак дзіцячага сада. У віртуальнай экскурсіі сабрана інфармацыя аб культурных, гістарычных, памятных, прамысловых, забаўляльных і іншых значных аб’ектах. Дастаткова навесці тэлефон і адсканіраваць QR-код. Пра кожны пункт маршрутнага ліста прадстаўлена інфармацыя, якая дапамагае бацькам даступна расказаць свайму дзіцяці пра самыя цікавыя факты і адказаць на ўсе іх “чаму”.
Ідучы ў нагу з часам, сочым за развіццём навукі і тэхнікі і, прымяняючы сваё педагагічнае майстэрства, робім адукацыйны працэс больш пазнавальным, цікавым і даступным для дзяцей.
Па словах загадчыцы сада, больш за ўсё дзецям падабаецца даведвацца пра Мазырскі замак, які ўражвае і карэнных жыхароў, і гасцей горада, кафедральны сабор Святога Архангела Міхаіла, мемарыяльны комплекс “Курган Славы”. Вядома, лагічным працягам віртуальнага знаёмства са славутасцямі ўсё часцей становяцца рэальныя экскурсіі. На гэта, уласна, і быў зроблены разлік. Бо што можа быць лепш, чым калі мамы і таты разам са сваімі дзецьмі бавяць час з карысцю, узбагачаючыся маральна і духоўна.
Непарушная сувязь
Захапляльнае падарожжа па ўстанове працягваецца. Калі падняцца на два паверхі вышэй, у цэнтры ўвагі будзе міні-музей, ды не адзін.
— Мы задумаліся, як зрабіць так, каб нашы экспазіцыі не толькі знаёмілі з гісторыяй, але і забяспечвалі актыўную ўцягнутасць навучэнцаў у працэс далучэння да культуры свайго народа, — працягвае размову Вольга Іванаўна. — У выніку ва ўстанове з’явіліся вельмі цікавыя па сваёй тэматыцы і форме міні-музеі, якія адлюстроўваюць гісторыю роднага краю і побыт яго жыхароў, народныя традыцыі, сямейную пераемнасць. Дарэчы, у іх стварэнні ўдзельнічалі як педагогі, так і дзеці, іх бацькі. Такая форма сумеснай работы дазваляе выхоўваць у дашкольніках пачуццё гордасці за краіну, малую радзіму, дзіцячы сад, сваю групу. Галоўным цэнтрам адукацыйнай прасторы лічыцца міні-музей “Мір дому твайму: традыцыі, звычаі”. Гэта рэканструкцыя беларускай хаткі, у якой нашы продкі пражывалі самыя значныя сямейныя падзеі: вяселле, нараджэнне дзяцей, імяніны і царкоўныя святы. Хлопчыкі і дзяўчынкі не толькі могуць паразважаць пра адметнасці такога дома, але і азнаёміцца з традыцыямі папярэдніх пакаленняў.
Тым часам насустрач нам спяшаюцца выхаванцы дзіцячага сада ў нацыянальных касцюмах. Разам з выхавальніцай Надзеяй Рабцавай яны рады правесці займальную экскурсію. Дзеці ўжо ведаюць, для чаго ў хаце падкова і венік і якія прадметы, згодна з павер’ямі, прыносяць шчасце. Яны паказваюць тканыя вырабы і вышыўку, прадметы народнай мастацкай творчасці, адзенне, упрыгажэнні з засцерагальным сімвалам, адгадваюць загадку пра печку, якую задае выхавальніца, а потым усе дружна спяваюць народную песню для лялькі ў калысцы. Гэтых гаваркіх хлопчыкаў і дзяўчынак можна слухаць бясконца, але, пажадаўшы юным экскурсаводам вясёлай прагулкі на свежым паветры, рухаемся далей, да экспазіцыі, якая прысвечана подзвігу ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.
— Стваралі міні-музей “Мы памяць беражліва захоўваем…” педагогі разам з дзецьмі і іх бацькамі, — адзначае Вольга Шаўчэнка. — У кожнай сям’і захоўваюцца лісты, фатаграфіі і іншыя гістарычныя артэфакты, таму ўсе разам збіралі каштоўны матэрыял, які сведчыць пра подзвіг беларускага народа ў гады ваеннага ліхалецця. Дзякуючы агульным намаганням, з’явілася магчымасць дакрануцца да гісторыі, адчуць сапраўдную гордасць за свой народ. Разам складалі макеты, газеты, плакаты для экспазіцыі, праводзілі экскурсіі, запрашалі на тэматычную выставу ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Таксама мы правялі сямейны конкурс, дзе бацькі выхаванцаў расказвалі пра сваіх продкаў — непасрэдных удзельнікаў ваенных дзеянняў. Многія нават падрыхтавалі сямейныя альбомы. Маладыя спецыялісты таксама пранікліся гэтай ідэяй, і праект, які яны рыхтавалі аб дзецях вайны, знайшоў водгук у сэрцы кожнага.
Акрамя грамадзянска-патрыятычнага, педагогі ўстановы асаблівую ўвагу ўдзяляюць і працоўнаму выхаванню. Для таго каб сфарміраваць у дашкольнікаў паважлівыя адносіны да працы, важна азнаёміць іх з рознымі прафесіямі, расказаць пра ролю таго ці іншага майстра. Прызнацца, міні-музей “Мая прафесія — мая будучыня” ўражвае. Тут усё выглядае вельмі натуральна: і каравай, і пачка пельменяў. У гэтым музеі можна адчуць сябе ў ролі кандытара ці пекара Мазырскага хлебазавода, супрацоўнікам швейнай фабрыкі, нафтаперапрацоўчага завода ці рамеснікам.
Інавацыі ў справе
Пасля прагулкі па трохпавярховым будынку сада дапоўніць уражанні можа хіба толькі басейн, дзе дашкольнікі з задавальненнем вучацца плаваць, і трэнажорная зала, дзе дзеці стараюцца стаць больш моцнымі і хуткімі. Дарэчы, ва ўстанове вялікая ўвага ўдзяляецца фізкультурна-аздараўленчай дзейнасці. Па выніках рэспубліканскага адукацыйнага праекта “Марафон алімпійскай адукацыі” сад прызнаны лепшым сярод адпаведных устаноў Беларусі. Сучаснае абсталяванне сканцэнтравана і ў LEGO-цэнтры, камп’ютарным класе. Інтэрактыўная пясочніца, сталы, дошка дазваляюць педагогам рэалізоўваць праграму дашкольнай адукацыі. Тут ёсць усё, каб праз гульню дзеці знаёміліся з навакольным светам.
— Памяшканні абсталяваны па апошнім слове тэхнікі, — далучаецца да размовы выхавальнік-метадыст Кацярына Курчыч. — Паколькі мы жывём у век лічбавых тэхналогій, то літаральна кожнае вынаходства дазваляе нашым выхаванцам знаёміцца з навакольным светам па-новаму. У нашай установе педагогі выкарыстоўваюць нетрадыцыйную форму работы з дашкольнікамі — віртуальныя экскурсіі. Яны дазваляюць дзецям не толькі даведвацца пра гісторыю роднага краю, але і лёгка падарожнічаць, скажам, па вуліцах роднага горада, адпраўляцца на Курган Славы і г.д. Юныя гараджане шмат даведваюцца пра герояў, у гонар якіх названы вуліцы, пра іх подзвігі і разам з тым паўтараюць правілы дарожнага руху. Абсталяванне дазваляе замацоўваць атрыманыя веды на практыцы. Так, пасля віртуальнага падарожжа ў Мазырскі драматычны тэатр імя І.Мележа ўспамінаем ПДР, а потым расфарбоўваем персанажаў казак. А пабываўшы на футбольным матчы, можам з дзецьмі правесці матч у нашай інтэрактыўнай пясочніцы. У садзе створаны ўсе ўмовы для ўсебаковага гарманічнага развіцця і навучання падрастаючага пакалення. Робім многае, каб нашы выхаванцы раслі ў творчай атмасферы, умацоўвалі сваё фізічнае здароўе і былі шчаслівымі грамадзянамі нашай краіны.
Ганарымся і захапляемся
На пасяджэнні выніковай калегіі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь гучалі словы падзякі ў адрас педагогаў за майстэрства і адданасць сваёй справе. Менавіта яны штодзённай працай фарміруюць будучыню Беларусі. Лепшыя прадстаўнікі галіны адукацыі былі адзначаны высокімі ўзнагародамі, і ў іх ліку Вольга Шаўчэнка, якая атрымала падзяку Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь за шматгадовую плённую працу, высокае прафесійнае майстэртсва, значны асабісты ўклад у навучанне і выхаванне падрастаючага пакалення.
Па словах Вольгі Іванаўны, вельмі прыемна атрымліваць прызнанне за праведзеную работу на такім высокім узроўні. Бо сфера адукацыі, дашкольныя ўстановы, праца педагогаў — у цэнтры ўвагі грамадства, а стан здароўя падрастаючага пакалення — найважнейшы паказчык дабрабыту насельніцтва і дзяржавы.
— За доўгія гады работы ў напрамку фізкультурна-аздараўленчай актыўнасці дзяцей дашкольнага ўзросту назапашаны багаты вопыт, які дазваляе ў поўным аб’ёме рэалізоўваць задачы вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі па фізічным выхаванні дзяцей, — адзначае загадчыца дзіцячага сада. — Пераканана, што зладжанае ўзаемадзеянне спецыялістаў нашай дашкольнай установы дае магчымасць дасягнуць гармоніі, спалучэння трох галоўных напрамкаў развіцця дзіцяці — духоўнай раўнавагі, інтэлектуальнага развіцця і фізічнай дасканаласці. Вельмі рада, што разам са мной працуе каманда аднадумцаў, прафесіяналаў, людзей творчых, якія па-сапраўднаму адданыя сваёй справе. Таму, карыстаючыся магчымасцю, перадаю словы падзякі маім выдатным калегам. Дзякуй за сумесную плённую працу, арыгінальныя ідэі і падтрымку!
Таксама кіраўнік установы падкрэсліла, што дашкольная адукацыя з’яўляецца першым узроўнем асноўнай адукацыі, таму вельмі важна, што сёння шмат увагі ўдзяляецца менавіта выхаванню дзяцей:
— Ролю педагога ў выхаванні юных грамадзян немагчыма пераацаніць. Выхавальнік — першы важны чалавек пасля маці, які сустракаецца дзецям на іх жыццёвым шляху. І работа з дашкольнікамі адна з самых складаных і адказных. Дашкольны перыяд вельмі кароткі, а асноўныя псіхалагічныя працэсы, духоўныя і маральныя якасці асобы закладваюцца менавіта ў гэтым узросце. Выхавальнік выбірае тыя формы і метады работы, якія дазваляюць дзецям максімальна раскрыць свае здольнасці, адчуць упэўненасць у сабе, падрыхтавацца да самастойнага жыцця ў будучыні. І наша сістэма дашкольнай адукацыі беражліва захоўвае, прымнажае і перадае гэты вопыт маладым спецыялістам.
Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара