Педагогі дзіцячага сада № 70 Магілёва стварылі інтэрактыўны плакат «Мой родны горад — Магілёў»

- 15:19Образование

Патрыятычнае выхаванне становіцца адным з прыярытэтных напрамкаў функцыянавання ўстаноў дашкольнай адукацыі. У гэтай рабоце важна не адставаць ад сучасных тэндэнцый, грунтавацца на адукацыйных сродках, якія могуць захапіць дзяцей.

Для фарміравання патрыятычных пачуццяў выхаванцаў у нашай установе актыўна прымяняецца метад візуалізацыі. У арганізацыі заняткаў педагогі выкарыстоўваюць інтэлект-карты, кросенс, інфаграфіку. Як паказала практыка, асаблівую цікавасць у дзяцей выклікаюць новыя наглядна-дыдактычныя дапаможнікі — інтэрактыўныя плакаты. Яны не замяняюць традыцыйныя формы далучэння дзяцей да культуры і гісторыі, а паспяхова іх дапаў­няюць.

Для вырашэння задач пат­рыятычнага выхавання мы стварылі аўтарскі інтэрактыўны плакат “Мой родны горад — Магілёў”. Гэта адукацыйны рэсурс, які спалучае ў сабе гульнявы і адукацыйны аспекты. Займальна і наглядна дзеці замацоўваюць уяўленні аб дзяржаўных сімвалах, легендах, гістарычных і памятных месцах, знакамітых земляках, прадпрыемствах, прыродных, спартыўных і культурных аб’ектах горада.

Усяго ў інтэрактыўным плакаце дзесяць тэматычных раздзелаў. Так, раздзел “Відэаэкскурсіі” знаёміць малых з гісторыяй і духоўнымі каштоўнасцямі Магілёва. Біяграфіі вядомых землякоў выхаванцы вывучаюць у раздзеле “Знакамітыя людзі”. У раздзеле “7 цудаў прыроды” даведваюцца пра прыродныя асаблівасці горада.

Замацаваць уяўленні дзяцей дазваляюць гульнявыя практыкаванні. Дзеці вучацца знахо­дзіць геральдычныя знакі Магілёва, ведаюць прадукцыю прамысловых прадпрыемстваў, музеі, архітэктурныя сімвалы і славутасці.

Падтрыманню пазнавальнай актыўнасці выхаванцаў спрыяе персанаж Лёва, ад імя якога падаецца матэрыял. Інтэрактыўны плакат шырока прымяняецца на занятках па адукацыйных галінах “Дзіця і грамадства”, “Развіццё маўлення і культура маўленчых зносін”, “Дзіця і прырода”, “Выяў­ленчае мастацтва”, а таксама ў нерэгламентаваных відах дзейнасці і пры арганізацыі індывідуальнай работы. Максімальная нагляднасць дазваляе дасягаць высокага ўзроўню засваення ведаў.

Вольга ЗАЙЦАВА,
выхавальніца дзіцячага сада № 70 Магілёва