“Калі ласка, запрашаем у наш педагагічны кветнік, — вітае мяне на ганку намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці дзіцячага сада № 6 Мар’інай Горкі Пухавіцкага раёна Наталля Марчанка. — У нас працуюць лепшыя выхавальнікі. Многія па шмат гадоў”. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Комплексны падыход
Педагог Ганна Дзежкунова натхнёна расказвае выхаванцам сярэдняй групы пра нашу краіну на занятках “Дзіця і грамадства”.
Падчас нашага візіту яны разглядалі тэму дзікіх жывёл Беларусі. Маленькая Аня Усовіч паказвала выяву зубра, іншых прадстаўнікоў фаўны, а астатнія выхаванцы хорам іх называлі. Асабліва захапіла дзяцей інфармацыя пра небяспечных насякомых нашай краіны, пра якіх яны толькі што даведаліся.
— Калі пачынаць знаёміць дашкольнікаў з родным краем з малодшага ўзросту, то ўжо ў сярэдняй групе дзеці шмат чаго ведаюць, — заўважае Ганна Дзежкунова, — прычым не толькі пра сваю сям’ю, але і пра наш горад, пра краіну. Вось у беларускім куточку лялькі ў прыгожых нацыянальных касцюмах, а ў патрыятычным кутку можна ўбачыць лялек у вайсковай форме, мадэлі зброі. Праводзім дыдактычныя гульні, ставім казкі з гэтымі лялькамі. Малюем нацыянальныя касцюмы, жывёл Беларусі. Усё адбываецца ў форме інтэрактыву, каб дзецям было нясумна. Наогул, работа па грамадзянска-патрыятычным выхаванні праецыруецца на ўсё — нават ранішняя зарадка праходзіць пад адпаведную музыку.
Ганна Мікалаеўна адзначае: патрыятычнае выхаванне дашкольнікаў — задача няпростая. Мала ўключыць дзецям, напрыклад, гімн Беларусі, трэба растлумачыць сэнс яго слоў, каб яны маглі яго адчуць, зразумець. І яшчэ: педагог сам павінен добра ведаць сваю радзіму.
— Я шмат павандравала па роднай зямлі, — расказвае выхавальніца. — Наша прыгожая краіна, яе маляўнічыя краявіды кожны раз прыводзяць у захапленне, стараюся перадаваць гэтае пачуццё дзецям.
Што ні год — новы праект
Да настаўніка-дэфектолага Ларысы Андрыенка мы завіталі, калі яна займалася… праверкай сшыткаў.
— Не здзіўляйцеся, гэта графічны дыктант, які пісалі мае выхаванцы. Замест адзнак стаўлю ім “сэрцайкі”, — тлумачыць Ларыса Валер’еўна.
У педагога што ні год — новы праект. У мінулым годзе яна засяродзілася з дзецьмі на графічных дыктантах — такі від дзейнасці вучыць малышоў арыентавацца на лісце паперы, развівае фанетычнае і зрокавае ўспрыманне, выпрацоўвае ўважлівасць. У гэтым годзе Ларыса Андрыенка робіць акцэнт на развіцці звязнага маўлення праз прыдумванне розных гісторый.
— Апошняя наша тэма — “У гасцях у дзядзькі самавара”. На прыкладзе казкі “Фядорына гора” Карнея Чукоўскага малыя вывучалі посуд, — расказвае Ларыса Андрыенка. — Колькі чароўных гісторый яны склалі! Фантазіравалі, што прадметы жывыя: паміж імі наладзіліся чалавечыя зносіны. Кубкі, міскі размаўлялі — па сутнасці, дзеці прыдумалі сваю інтэрпрэтацыю вядомай казкі. Мая асноўная задача — скарэкціраваць маўленчыя недахопы дзяцей і падрыхтаваць іх да школы. Па малюнках мы будуем апавяданні, як у дыяфільме. Маленькія аўтары нават спаборнічаюць паміж сабой, у каго цікавей атрымаецца.
Дарэчы, Ларыса Валер’еўна родам з Украіны, 25 гадоў назад прыехала ў Беларусь і знайшла тут другую радзіму: прыняла грамадзянства, скончыла БДПУ.
У свеце гукаў
Музычны кіраўнік дзіцячага сада Ала Лапанік ставіць з дзецьмі музычныя нумары, у тым ліку на беларускай мове.
— Многія дзеткі таленавітыя, — лічыць яна. — Але трэба гэтыя здольнасці развіваць: не ўсе адразу адгукаюцца на музыку. Некаторыя ў малодшых групах саромеюцца. Прапаную ім такую гульню: да нас на заняткі “прыходзіць” цацка, якая прыносіць нейкі музычны інструмент, расказвае пра яго — і малышы раскрываюцца, разнявольваюцца. Лялька можа прыйсці з малюнкам, на якім, напрыклад, хлопчыкі і дзяўчынкі танцуюць, — і дзеці адразу разумеюць, што сёння мы будзем танцаваць. Развіваем слых: я хаваю які-небудзь прадмет, а малыя шукаюць яго, арыентуючыся на гук званочкаў: калі яны звіняць гучна — цацка блізка, калі ціха — далёка. Старэйшым выхаванцам падабаецца выступаць, у іх пачынаюць праяўляцца артыстычныя здольнасці.
Ала Віктараўна калісьці прыехала да нас з суседняй краіны, з расійскага горада Пскова, і затрымалася ў Беларусі. У дзіцячым садзе № 6 Мар’інай Горкі яна працуе ўжо 19 гадоў.
— З добрага месца ісці не хочацца, — ўсміхаецца яна. — Хачу сказаць вялікі дзякуй адміністрацыі Пухавіцкага раёна, а таксама нашаму бацькоўскаму камітэту, якія дапамагаюць з набыццём інструментаў. У нас тут вялікая колькасць гітар, балалаек, рознага рэквізіту — для цэлага ансамбля хопіць!
— Кожны дзень у нас напоўнены інтэрактывам, гульні і пазнавальныя, і ў форме квеста, — адзначае загадчыца Аксана Сачышына. — Асноўных напрамкаў два — аздараўленчы і грамадзянска-патрыятычны. Нашы педагогі стараюцца ўвесь час прыдумваць нешта новае, каб кожнаму выхаванцу было цікава, пры тым што сад для раённага цэнтра даволі вялікі — яго наведваюць больш за 200 дзяцей.
Смачныя сакрэты
Шэфповар Жанна Страхава адзначае: галоўнае — тэхналогія. Ад яе нельга адступіць ні на крок. Тады і стравы будуць смачныя.
— Дзеці пагулялі, паспявалі — ужо і паесці трэба, — запрашае мяне паглядзець харчаблок Наталля Марчанка.
Цікаўлюся, якія стравы дзеці любяць больш за ўсё.
— Катлеты, тут няма ніякага сюрпрызу, — адказвае Жанна Страхава. — Фарш робім самі, сёння не ўсе бацькі могуць знайсці на гэта час. А з самаробным фаршам атрымліваецца значна смачней! Мы кожную курыцу самі разбіраем, пракручваем мяса, потым яшчэ раз — ужо з батонам, фармуем катлеты і запякаем іх у духавой шафе. Яшчэ хлопчыкі і дзяўчынкі любяць тварожныя запяканкі, амлеты — часта бацькі нават просяць падзяліцца з імі рэцэптамі. Нашы амлеты атрымліваюцца пышнымі, важна гатаваць іх не на патэльні, а ў духоўцы, а яйкі — добра ўзбіць.
Шэф-повар працуе ў гэтым цудоўным садзе цэлых 18 гадоў. А кухар Святлана Кананчук гатуе для дзетак ўжо 35 гадоў!
— Сапраўды, нашы педагогі вельмі адданыя сваёй працы: затрымліваюцца тут надоўга, — адзначае загадчыца сада Аксана Сачышына. — Гэты раён для многіх з іх родны: тут яны нарадзіліся, раслі, у гэты сад вадзілі сваіх дзетак. Скажу больш: некаторыя нашы супрацоўнікі нават праходзілі перападрыхтоўку, каб стаць педагогамі дашкольнай адукацыі і працаваць тут. Напрыклад, наша выхавальніца Ганна Дзежкунова па першай прафесіі аграном, але потым скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка.
Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота аўтара і прадастаўлена дзіцячым садам