Педагогі, якія захапляюцца дызайнам

Завяршыліся адборачныя рэгіянальныя этапы Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу “Млын моды — 2017”, на якім журы разгледзела новыя прапановы дызайнераў і фатографаў, дало парады і рэкамендацыі.

Эскізны тур у Гомелі сабраў больш за 40 удзель­нікаў. Большасць твараў ужо знаёмыя — штогод калекцыі многіх з гэтых аўтараў дэманструюцца на фінальным паказе ў Мінску і займаюць пераможныя месцы. Напрыклад, малады дызайнер майстар вытворчага навучання Гомельскага прафесійнага шматпрофільнага ліцэя Сяргей Курохцін удзельнічае ў конкурсе ўжо дзесяць гадоў. Восем яго калекцый былі прадстаўлены ў фінальных паказах у Мін­ску. Восем гадоў стварае для паказу ў фестывалі-конкурсе калекцыі педагог дадатковай адукацыі Гомельскай сярэдняй школы № 72 Святлана Вараб’ёва. Не менш плённа працуюць над дызайнам дзіцячага адзення яе калегі з Мазырскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Ірына Дручы­ніна і Таццяна Куксо, якія часта прапаноўваюць сумесныя ідэі. І такіх дасведчаных дызайнераў на Гомельшчыне налічваецца некалькі дзясяткаў. Штогод да іх далучаюцца навічкі, якія ў хуткім часе выходзяць на даволі высокі ўзровень.

На эскізным туры мадэльеры прадстаўлялі замалёўкі сваіх будучых калекцый, узоры тканін, з якіх плануецца ствараць вопратку, а таксама па магчымасці першакрыніцы — тыя рэчы, прадметы ці малюнкі, якія натхнілі на стварэнне новай калекцыі.

Шматгадовая практыка паказвае, што гамяльчане лепш за ўсё праяўляюць сябе ў стварэнні адзення для дзяцей і падлеткаў. Ды і неяк само сабой так адбываецца, што іх інтарэс ляжыць менавіта ў гэтай плоскасці. Магчыма, гэта тлумачыцца тым, што дызайнеры ў большасці сваёй — гэта педагогі. Многія з іх, дарэчы, часткова разглядаюць сваю дзейнасць як праф­арыентацыйную работу. Аб’яднанні па інтарэсах і тэатры моды прыцягваюць выхаванцаў. Яны пачынаюць самі нешта ствараць. Для адных гэта застаецца захапленнем, іншыя робяць яго справай свайго жыцця.

— Удзельнічаць у такіх конкурсах не толькі прэстыжна, але і цікава для саміх аўтараў, — упэўнена пастаянная ўдзельніца і неаднаразовая пераможца конкурсу Ірына Дручыніна. — Калі ўвесь час быць самім па сабе, то аднойчы не хопіць натхнення. А вось калі некуды выязджаеш, глядзіш, што ствараюць іншыя, з’яўляюцца новыя ідэі. Шкада, што такі дызайнерскі конкурс, дзе ўдзельнічаюць непрафесіяналы, у нашай краіне ўсяго адзін.

У мінулым “Млыне моды” сумесная калекцыя педагогаў-дадаткоўцаў Ірыны Дручынінай і Таццяны Куксо заняла другое месца. У якасці ўзнагароды ў зацікаўленых дызайнераў, як і ў іншых пераможцаў, з’явілася магчымасць прадэманстраваць сваю творчасць у Польшчы і Чэхіі, а таксама пагля­дзець на адзенне, якое ствараюць маладыя мадэльеры Еўропы.

— Асноўнае адрозненне іх ідэй ад нашых — у прызначэнні адзення, — расказвае Святлана Вараб’ёва, мінулагодняя дзіцячая калекцыя якой атрымала трэцяе месца. — Мы ствараем тое, што можна насіць у штодзённым жыцці. Заходнія ж мадэльеры арыентуюцца на авангарднае адзенне.

Тым не менш нашы канкурсанты шыюць эксклюзіўныя рэчы, якія ў масавую вытворчасць не ўключаюцца ўжо хаця б таму, што іх выкананне даволі працаёмкае. Праўда, як прызнаюцца аўтары калекцый, было б нядрэнна, калі б нейкія ідэі пераймаліся, бо гэта б крыху ажыўляла звык­лыя сукенкі.

У другі тур прайшлі амаль усе. Зараз у распараджэнні канкурсантаў ёсць некалькі месяцаў на выпраўленне памылак і пашыў сваіх калекцый для паказу ў паўфінале рэгіянальнага адборачнага тура пад назвай “Увасабленне”. Лепшыя з іх прымуць удзел у фінальным паказе ў Мінску.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.