Педагогі з Ляхавіч даказалі, што праект «Зялёныя школы» можна паспяхова рэалізаваць і ў дзіцячым садзе

- 16:30Образование

Педагогі дзіцячага сада № 2 Ляхавіч даказалі, што рэспубліканскі адукацыйны праект “Зялёныя школы” можна паспяхова рэалізаваць і ў дашкольнай установе. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Мы з энтузіязмам адгукаемся на цікавыя ідэі і прапановы, якія дазваляюць разнастаіць нашу работу, — гаворыць намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці дзіцячага сада № 2 Ляхавіч Вікторыя Войцік. — Педкалектыў імкнецца, каб установу з задавальненнем наведвалі не толькі выхаванцы, але і іх баць­кі, для чаго стварае адпаведныя ўмовы.

Перш чым далучыцца да праекта “Зялёныя школы”, ляхавіцкія педагогі ўважліва вывучылі тэматычныя матэрыялы, правялі кансультацыі і семінары, прааналізавалі вопыт іншых устаноў у гэтым кірунку, пасля чаго стварылі творчую групу, склалі план работы, вызначылі адказных і г.д.

— У праекце ўдзельнічалі выхаванцы сярэдняй і старшай груп, бацькі і ўвесь педкалектыў, — працягвае Вікторыя Войцік. — Мы правялі вялікую работу ў галіне біяразнастайнасці, вода- і энергазберажэння, абыходжання з адходамі. Інфармацыйна-экалагічныя мерапрыемствы з грамадскасцю ўключалі сумесныя акцыі, афармленне і выпуск лістовак і плакатаў, арганізацыю конкурсаў і выстаў. Акрамя таго, дзеці актыўна займаліся разнастайнымі доследамі, эксперыментамі і даследчай дзейнасцю, а таксама ўдзельнічалі ў профільных экскурсіях і віктарынах.

Найбольшая ўвага ў рабоце з выхаванцамі ўдзялялася вывучэнню біяразнастайнасці навакольнага свету. Педагогі праводзілі спецыяльныя заняткі і назіранні на вуліцы, у групавых кутках прыроды, зялёным пакоі, на дзетсадаўскім участку. 

— Вядома, у рэалізацыі праекта не абысціся без адпаведных матэрыялаў, дапаможнікаў і развіццёвага асяроддзя, — заўважае Вікторыя Войцік. — Педагогі падрыхтавалі шмат неабходных дапаможнікаў і дыдактычных матэрыялаў, а вялікая тэрыторыя ўстановы дазволіла афор­міць розныя аб’екты экалагічнай сцяжыны: сухі ручай, метэапляцоўку, дзікі луг, хваёвы лес, клумбы для матылёў, агарод, лекавыя расліны, лісцевыя дрэвы… Іх адукацыйны патэнцыял выкарыстоўваецца падчас заняткаў, назіранняў, гутарак і падарожжаў-віктарын.

У адным з памяшканняў установы педагогі стварылі зялёны пакой, дзе размясцілі пакаёвыя расліны, матэрыялы і дапаможнікі для работы з выхаванцамі: альбомы, гульні, карты-схемы тэрыторыі дзіцячага сада з месцамі, дзе растуць расліны і жы­вуць птушкі, гербарый, матэрыя­лы для доследаў і назіранняў… Дзякуючы акцыі з баць­камі “Падары кветку дзіцячаму саду!”, зялёны пакой папоўніўся шматлікімі пакаёвымі раслінамі. Выхаванцам вельмі падабаецца займацца тут. У перспектыве педагогі плану­юць дапоўніць пакой невялікім камяністым кутком.

— У праектнай рабоце цяжка пераацаніць супрацоўніцтва з баць­камі выхаванцаў, — расказ­вае Вікторыя Войцік. — Калі мамы і таты цікавяцца жыццём сваіх дзяцей у дашкольнай установе, то ўважліва адносяцца да іх інтэлектуальнага развіцця і далейшай сацыялізацыі. Педагогі актыўна далучаюць бацькоў да сумесных спраў. Часам менавіта яны з’яўляюцца ініцыятарамі некаторых з іх: прыдумваюць віктарыны і экалагічныя крыжаванкі, актыўна ўдзельнічаюць у афармленні выстаў, конкурсах і забаўляльных мерапрыемствах. Так, мамы і таты ахвотна далучыліся да акцыі “Пасадзім дрэва разам!”, падчас якой на тэрыторыі ўстановы былі выса­джаны туі, пладовыя дрэвы, ядлоўцы і дэкаратыўныя кусты. Разам з бацькамі, педагогамі і супрацоўнікамі Ляхавіцкага лясгаса ў гэтым з задавальненнем удзельнічалі і дзеці. Дашкольнікі потым з не меншай радасцю даглядалі маладыя расліны.

У рамках праекта і не толькі ва ўстанове праводзяцца акцыі па зборы другаснай сыравіны, падтрымцы крылатых сяброў, вырабе кармушак і інш. Даволі цікавай і карыснай атрымалася сумесная акцыя педагогаў і бацькоў па добраўпарадкаванні тэрыторыі дзіцячага сада “Здароўе і праца жывуць побач!”, дзякуючы якой спартыўная пляцоўка і клумбы каля яе набылі яркі і нязвыклы выгляд.

— Праект “Зялёныя школы” даволі разнастайны, а галоўнае — неабходны: на яго аснове мы вучым дзяцей правільным адносінам да прыроды і яе рэсурсаў, а часам вучымся і самі, — падкрэслівае Вікторыя Войцік. — Вынікам мэтанакіраванай работы стаў дыплом ІІ ступені ў рэспуб­ліканскім адукацыйным праекце “Зялёныя школы”. Але на дасягнутым мы не спыніліся. З новага навучальнага года ва ўстанове пры падтрымцы Ляхавіцкага лясгаса працуе дашкольнае лясніцтва “Лесавічок”.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ