Педагогіка павінна быць эмацыянальнай

- 11:22Актуально, Апошнія запісы

11 лістапада ў штаб-кватэры “Белай Русі” адбылася сустрэча з народным настаўнікам Беларусі Валерыем Васільевічам Барашкавым. Валерый Васільевіч — цікавы суразмоўца, таму тры гадзіны праляцелі незаўважна. У цэнтры ўвагі былі пытанні развіцця беларускай сістэмы адукацыі, фарміравання грамадзянскай пазіцыі, патрыятызму праз удзел у маладзёжных грамадскіх арганізацыях, сучасных адукацыйных тэхналогій, ролі бацькоў і настаўнікаў у развіцці дзяцей, праблемы выхавання дзяцей у сям’і і школе.

Як на пачатку сустрэчы адзначыў лідар грамадскай арганізацыі “Белая Русь” Аляксандр Міхайлавіч Радзькоў, сустрэчы са знакавымі людзьмі краіны вельмі важныя, бо дапамагаюць зразумець галіну, якую яны прадстаўляюць, глыбей. Такія асобы — увасабленне філасофіі сваёй галіны. Валерый Васільевіч Барашкаў — настаўнік па прызванні. Нягледзячы на працоўныя гады, ён не страціў цікавасці ні да дзяцей, ні да педагогікі. Ён шмат гадоў выкладае фізіку і выхоўвае сваіх вучняў. Падчас сустрэчы педагог не раз падкрэсліваў важнасць менавіта выхавання і гаварыў пра тое, што ў педагогіцы вельмі важна быць эмацыянальным.

Кардынальных змен у адукацыі не адбудзецца, калі не зменіцца стаўленне ў грамадстве да працы і значнасці навучання. “Рэвалюцыі, якія адбываюцца ў інфармацыйным полі і тэхналогіях, не ў лепшы бок мяняюць маральныя каштоўнасці чалавека. Цяпер дзеці маюць зносіны ў асноўным праз інтэрнэт і розныя сродкі камунікацыі, а колькасць жывых зносін рэзка скарацілася. Адначасова адбываецца фарміраванне грамадства спажывання. Але правільнае спажыванне таксама трэба выхоўваць. Таму, калі не памяняем стаўленне ў нашым грамадстве да працы і значнасці навучання, кардынальных і якасных змен у адукацыі не адбудзецца”, — адзначыў Валерый Васільевіч Барашкаў.

Любыя рэформы ў сферы адукацыі не павінны быць рэзкімі. “У школе хуткіх змен не павінна быць. Перш чым нешта зрабіць, трэба добра падумаць. Калі нешта добра ідзе ў адным рэгіёне і школе, то масавым тыражом гэта можа і не прайсці. Усюды розныя ўмовы, розныя настаўнікі, дзеці, падыходы, псіхалогія. З жывым арганізмам лепш неабдумана не эксперыментаваць. Самае галоўнае — уводзіць якія-небудзь змены паступова і своечасова адступіць, калі нешта пойдзе не так”, — лічыць педагог.

Валерый Васільевіч заўважыў, што дыферэнцыяцыя ў адукацыі абавязкова павінна быць. Нельга ўсіх вучыць аднолькава, і немагчыма ўсіх засцерагчы ад цяжкасцей. “У жыцці ўсё намнога складаней. І калі нашы дзеці не зведаюць праблем у школе, то да дарослага жыцця мы іх не падрыхтуем”, — заўважыў настаўнік. Нагадаем: за сваю педагагічную дзейнасць Валерый Васільевіч падрыхтаваў вялікую колькасць алімпіяднікаў па фізіцы, у тым ліку і міжнароднага ўзроўню. А перамога — гэта пераадоленне сябе, узвышэнне на максімум сваіх магчымасцей. І перамога ніколі не бывае лёгкай. Тым не менш хтосьці здатны на такі ўздым, а некаму і “шасцёркі” па фізіцы дастаткова. “Дзяцей трэба адбіраць, бо работа са здольнымі і высокаматываванымі мае іншы характар. Акрамя таго, сярод моцных і матывацыя, і канкурэнцыя моцная”, — заўважыў настаўнік.

Выказваючы сваё стаўленне да цэнтралізаванага тэсціравання, Валерый Васільевіч адзначыў, што сваю асноўную функцыю яно выконвае. “Нягледзячы на некаторае спрашчэнне, ЦТ з адборам лепшых абітурыентаў спраўляецца выдатна. Цяпер усе маюць роўныя правы: і гарадскія, і сельскія дзеці, што, канечне, вельмі добра”, — лічыць настаўнік.

Адказваючы на пытанне пра шкалу ацэньвання ведаў вучняў, Валерый Васільевіч адзначыў, што пяцібальная сістэма па сутнасці была двухбальнай, а магчымасці 10-бальнай з’яўляюцца аптымальнымі, бо даюць настаўніку больш манеўраў для адэкватнай ацэнкі ведаў вучня. “Але і тут многае залежыць ад прафесіяналізму настаўніка, яго здольнасцей бачыць і адчуваць свайго вучня”, — сказаў Валерый Васільевіч.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.