Педсавет: удасканаленне функцыянальнай адукаванасці педагогаў

- 14:07Образование, Портфолио

Функцыянальная адукаванасць сёння стала найважнейшым індыкатарам грамадскага дабрабыту, а функцыянальная адукаванасць навучэнцаў — важным паказчыкам якасці адукацыі. У сувязі з гэтым быў праведзены педагагічны савет, мэтай якога было ўдасканаленне функцыянальнай адукаванасці педагогаў для развіцця функцыянальнай адукаванасці навучэнцаў на ўсіх ступенях навучання.

Задачы:

1) раскрыць сутнасць і актуальнасць праблемы фарміравання функцыянальнай адукаванасці навучэнцаў у сучасных умовах;

2) сфарміраваць у педагогаў навыкі складання заданняў па развіцці функцыянальнай адукаванасці навучэнцаў з наступным прымяненнем у адукацыйным працэсе і рэалізацыяй выхаваўчага патэнцыялу вучэбных заняткаў з выкарыстаннем края­знаўчага матэрыялу;

3) азнаёміць з магчымасцямі выкарыс­тання фармату мерапрыемства “Сусветнае кафэ” ў адукацыйным працэсе для развіцця прафесійна-творчай актыўнасці, раскрыцця ўнутранага патэнцыялу кожнага педагога.

Чаканыя вынікі:

  • стварэнне ўмоў для фарміравання функцыянальнай адукаванасці навучэнцаў;
  • павышэнне ўзроўню прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў па пытанні фарміравання функцыянальнай адукаванасці навучэнцаў;
  • стварэнне банка заданняў па розных відах функцыянальнай адукаванасці, якія можна выкарыстоўваць на вучэбных занятках любой прадметнай накіраванасці з рэалізацыяй выхаваўчага патэнцыялу на аснове краязнаўчага матэрыялу.

Метадычнае забеспячэнне: загад аб правядзенні педагагічнага савета; мультымедыйная прэзентацыя; вынікі дыягнастычнага апытання педагогаў па тэме “Кампетэнцыі настаўніка па фарміраванні адукаванасці навучэнцаў”; інфармацыйныя матэрыялы для работы педагогаў па функцыянальнай адукаванасці (этыкет кафэ — правілы работы ў групе, матэрыялы для канструявання заданняў па кожным відзе функцыянальнай адукаванасці, матэрыял, на падставе якога будуць складацца заданні па функцыянальнай адукаванасці, прыёмы, якія можна выкарыс­тоўваць для развіцця функцыянальнай адукаванасці).

Ход педагагічнага савета

І. Арганізацыйна-матывацыйны этап.

  1. Сакратар паведамляе аб колькасці прысутных і адсутных, аб вызначэнні паўнамоцнасці правядзення пасяджэння педагагічнага савета. Дырэктар інфармуе аб выкананні рашэнняў папярэдняга пасяджэння педсавета і аб ходзе выканання рашэнняў з больш працяглым тэрмінам.
  2. Педсавет па тэхналогіі “Сусветнае кафэ”.

Уладальнік кафэ:

— Добры дзень, паважаныя калегі! Наша сустрэча сёння будзе незвычайнай. Вітаю вас у нашым функцыянальным кафэ! Гэта варыянт тэхналогіі “Сусветнае кафэ”, ці тэхналогіі змястоўнай размовы, дзе галоўнае — атмасфера, у якую паглыб­ляюцца людзі для максімальнага ўцягвання ў абмеркаванне. Гэтую тэхналогію вы зможаце выкарыстоўваць для арганізацыі бацькоўскіх сходаў, метадычных мерапрыемстваў, а таксама пры арганізацыі адукацыйнай дзейнасці з навучэнцамі. “Дзяцей трэба вучыць таму, што спатрэбіцца ім, калі яны вырастуць”, — казаў старажытнагрэчаскі філосаф Арыстып, вучань Сакрата.

Пачаць педсавет мне хочацца з прытчы, вядомай з даўніх часоў, якая не страціла актуальнасці ў наш час.

— Сёння вы будзеце вывучаць абрад чайнай цырымоніі, — сказаў нас­таўнік і даў сваім вучням скрутак, у якім былі апісаны тонкасці чайнай цырымоніі.

Вучні паглыбіліся ў чытанне, а нас­таўнік пайшоў у парк і сядзеў там увесь дзень. Вучні паспелі абмеркаваць і вывучыць усё, што было запісана на скрутку. Нарэшце настаўнік вярнуўся і спытаў вучняў, пра што яны даведаліся.

— Вось пра што мы даведаліся: белы журавель мые галаву — прапалашчы чайнік кіпенем, — з гордасцю сказаў першы вучань.

— Бадхісатва ўваходзіць у палац — пакладзі чай у чайнік, — дадаў другі.

— Струмень грэе чайнік — кіпячую ваду залі ў чайнік, — падхапіў трэці.

Так вучні адзін за адным расказ­валі настаўніку ўсе падрабязнасці чайнай цырымоніі. Толькі апошні вучань нічога не сказаў. Ён узяў чайнік, заварыў у ім чай па ўсіх правілах чайнай цырымоніі і напаіў настаўніка чаем.

— Твой аповед быў найлепшым, — пахваліў настаўнік апошняга вучня. — Ты парадаваў мяне смачным чаем і тым, што спасціг важнае правіла: “Гавары не пра тое, што прачытаў, а пра тое, што зразумеў”.

— Настаўнік, але гэты вучань нао­гул нічога не гаварыў, — заўважыў нехта.

— Справы заўсёды гавораць гучней за словы, — адказаў настаўнік.

Сапраўды, мудрасці настаўніка можна пазайздросціць. Ён разумеў, што самыя трывалыя веды — тыя, якія здабыты самастойнай працай. Навучанне ў супрацоўніц­тве таксама дае станоўчыя вынікі (гэта інтэрактыўны метад). Уменне прымяняць веды ў жыцці — самае галоўнае, чаму мы павінны вучыць дзяцей. Гэтая прытча аб ведах і прымяненні іх на справе, кажучы сучаснай мовай, увасабленне функцыянальнай адукаванасці навучэнцаў.

У меню нашага кафэ ёсць не толькі чай, мы хочам уключыць туды разнастайныя стравы, пры гэтым хацелася б улічыць вашы чаканні.

Уладальнік кафэ:

— Паважаныя калегі, з якімі чаканнямі вы прыйшлі сёння ў наша кафэ? Напішыце некалькі слоў-чаканняў на стыкерах, якія знаходзяцца ў вас на сталах.

Вы падзелены на чатыры групы (па вучэбна-метадычных фарміраваннях), і для далейшай работы неабходна выбраць гас­падароў столікаў: шэфа і двух сушэфаў. Гэта тыя людзі, якія будуць заставацца за столікам увесь час і адказваць за фарміраванне меню. Іх задача — фіксаваць вынікі абмеркавання і ідэі новых страў — заданняў па функцыянальнай адукаванасці. Падчас вашай работы спачатку вы застаяцеся на сваёй кухні (на пэўным відзе функцыянальнай адукаванасці), гатуючы страву-заданне. Затым будзе адзін этап з дзяленнем на мікрагрупы ўнутры групы і пераходам удзельнікаў за іншыя столікі, каб згатаваць стравы-заданні новай кухні (віду функцыянальнай адукаванасці), і некалькі этапаў з пераходам удзельнікаў за розныя столікі.

На вашых сталах сёння знаходзіцца этыкет кафэ — правілы работы ў групе, матэрыялы па канструяванні заданняў кожнага віду функцыянальнай адукаванасці (рэцэпты), матэрыял, на падставе якога будуць складацца заданні па функцыянальнай адукаванасці (прадукты), прыёмы (асартымент), якія можна выкарыстоўваць для развіцця функцыянальнай адукаванасці, асаблівыя абрусы (звярніце ўвагу на тое, што яны пранумараваны, лічбы абазнача­юць від функцыянальнай адукаванасці), прыборы — фламастары.

Для распрацоўкі заданняў на кожным этапе даецца 15—20 мінут, затым па званку ўдзельнікі, акрамя гаспадароў століка, пераходзяць за наступны столік кафэ. Пасля завяршэння абмеркавання гаспадары століка афармляюць сабраныя заданні ў выглядзе меню (размяркоўваюць заданні па ўзроўнях складанасці матэрыялу: закуска, аперытыў, асноўная страва, дэсерт і г.д.) і знаёмяць з вынікамі па гэтым пытанні ўсіх удзельнікаў кафэ.

ІІ. Арыенціровачна-дзейнасны этап.

Уладальнік кафэ:

— Папярэдне на пасяджэннях ВМА вы ўжо азнаёміліся з тэарэтычнымі матэрыяламі па функцыянальнай адукаванасці, а таксама са структурай, асноўнымі падыходамі да канструявання і крытэрыямі ацэнкі заданняў па функцыянальнай адукаванасці. Прайшлі дыягнастычнае апытанне па тэме “Кампетэнцыі настаўніка па фарміраванні адукаванасці навучэнцаў”.

Агучваюцца вынікі дыягнастычнага тэс­та.

— Перад тым як вы прыступіце да выканання практычнай часткі, актуалізуем вашы веды па тэме педагагічнага савета.

Зараз мы пачынаем работу ў групах. З прапанаванага матэрыялу (прадуктаў) складаем страву для меню з той кухні, за столікам якой вы знаходзіцеся: выбіраеце матэрыял краязнаўчага характару з QR-кадатэкі і распрацоўваеце па ім заданне на фарміраванне пэўнага віду функцыя­нальнай адукаванасці з улікам прадметнай спецыфікі. Пасля група дзеліцца на тры мікрагрупы, кожная з якіх выбірае для наведвання іншую кухню (від функцыянальнай адукаванасці). Затым пераходзіце за іншы столік і гатуеце яшчэ адну страву-заданне і г.д. Неабходна знаёміць са сваімі напрацоўкамі гасцей за суседнім столікам, карэкціраваць і афармляць на абрусах візуалізацыі. Можна паўторна перамяшчацца да суседніх столікаў, знаёміцца з іх ідэямі, выказваць свае думкі, заўвагі.

ІІІ. Этап прэзентацыі распрацаваных заданняў (страў).

З атрыманых страў шэфы афармляюць меню — закускі, асноўная страва, дэсерт і інш. — і прэзентуюць яго.

Далей уладальнік кафэ праводзіць анлайн-галасаванне на лепшае меню з улікам яго разнастайнасці.

ІV. Рэфлексія.

Уладальнік кафэ:

— А зараз звярніцеся да вашых лістоў чакання, якія вы пісалі ў пачатку педагагічнага савета, і ўнясіце на патрэбныя старонкі спецыяльнай кнігі “Кніга мудрых заўваг і прапаноў” свае думкі, пажаданні, парады, рэкамендацыі і г.д.

Прыкладныя пытанні ў “Кнізе мудрых заўваг і прапаноў”:

— Што каштоўнага і карыснага вы сёння атрымалі?

— Як будзеце рэалізоўваць (прымяняць) атрыманыя навыкі?

— Як гэта дапаможа дасягнуць асабіс­тых (прафесійных) мэт?

У выніку сумеснай работы мы сёння стварылі метадычнае меню, якое складаецца з банка заданняў па розных відах функцыянальнай адукаванасці, якое можна выкарыстоўваць на вучэбных занятках любой прадметнай накіраванасці з рэалізацыяй выхаваўчага патэнцыялу на аснове краязнаўчага матэрыялу, а таксама заклалі асновы метадычнай “Кнігі мудрых заўваг і прапаноў”.

Наталля МАЛАХАВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 8 Магілёва
Фота Наталлі КАЛЯДЗІЧ выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі