Пераадольваем дзіцячую трывожнасць

- 13:57Дашкольная адукацыя

Працуючы з дзецьмі старэйшага дашкольнага ўзросту, я заўважыла, што колькасць трывожных дзяцей, якія характарызуюцца неспакоем, няўпэўненасцю, эмацыянальнай няўстойлівасцю, павялічваецца. Уваходзячы раніцай у групу, яны часта напружана ўзіраюцца ва ўсё, што знаходзіцца навокал, нясмела садзяцца на краёк найбліжэйшага крэсла. Здаецца, што яны чакаюць нейкіх непрыемнасцей. Працаваць з такімі дзецьмі цяжэй, чым з іншымі катэгорыямі “праблемных” дзяцей, таму што і гіперактыўныя, і агрэсіўныя дзеці заўсёды на вачах, а трывожныя стараюцца трымаць свае праблемы пры сабе.

Трывожных дзяцей вызначае празмерны неспакой, часам яны баяцца не самой падзеі, а яе прадчування, яны чакаюць самага горшага. Дзеці адчуваюць сябе бездапаможнымі, апасаюцца гуляць у новыя гульні, пачынаць новыя віды дзейнасці. У іх высокія патрабаванні да сябе, а ўзровень іх самаацэнкі нізкі, такія дзеці і сапраўды думаюць, што горшыя за іншых ва ўсім, што яны самыя непрыгожыя, неразумныя, нязграбныя. Яны шукаюць падтрымкі, адабрэння дарослых ва ўсіх справах. Для трывожных дзяцей характэрны і саматычныя праблемы: болі ў жываце, галавакружэнні, галаўныя болі, спазмы ў горле, цяжкае паверхневае дыханне, яны часта і доўга хварэюць. Такая трывожнасць з’яўляецца першаснай прыметай неўратычнага стану, які можа правакаваць узнікненне ў дзіцяці неўрозаў і іншых адхіленняў. З паступленнем у школу пашыраецца кола патэнцыяльна трывожных падзей, перш за ўсё за кошт ацэначных сітуацый, узмоцненых фактарам публічнасці (адказ ля дошкі, кантрольная работа і г.д.).

Дзеці з павышанай трывожнасцю эмацыянальна больш востра рэагуюць на паведамленні пра няўдачу, горш пра­цуюць у стрэсавых сітуацыях або ва ўмовах дэфіцыту часу, адведзенага на рашэнне задачы.

Для выяўлення дзяцей з павышанай трывожнасцю я выкарыстоўваю метад назірання, апытальнік для выяўлення трывожнага дзіцяці Г.П.Лаўрэнцьевай, Т.М.Цітарэнка, апытальнік выхавальнікаў, якія адзначаюць, ці характэрны для паводзін дзіцяці такія прыметы, як пастаянная трывога, цяжкасць сканцэнтравацца на чым-небудзь, мышачнае напружанне, раздражняль­насць, парушэнні сну і г.д.; тэсты “Вясёлы — сумны твар”, “Што б гэта значыла?”, пры выкананні якіх дзіцяці прапануюцца розныя сітуацыі, дапамагаюць выявіць крыніцу трывогі. Атрыманыя вынікі абмяркоўваем з педагогамі, якія працуюць з гэтымі дзецьмі, распрацоўваем алгарытм сумеснай дзейнасці.

На пачатковых этапах работы з трывожнымі дзецьмі кіруюся наступнымі правіламі:

  1. Уключаю дзіця ў любую новую гульню паэтапна: спачатку знаёмлю з правіламі гульні, даю магчымасць паглядзець, як у яе гуляюць іншыя дзеці, і толькі потым, калі само захоча, дзіця становіцца яе ўдзель­нікам. У калектыўныя гульні трывожнае дзіця ўключаю толькі тады, калі яно адчувае сябе дастаткова камфортна, а зносіны з іншымі дзецьмі не выклікаюць у яго асаблівых цяжкасцей.
  2. Стараюся пазбягаць спаборніцкіх момантаў і гульняў, у якіх улічваецца хуткасць выканання задання, такіх як, напрыклад, “Хто хутчэйшы?”.
  3. Для таго каб трывожнае дзіця не адчувала небяспекі ад сустрэчы з нечым невядомым у новай гульні, праводжу яе на ўжо знаёмым яму матэрыяле (карцінкі, карткі), а таксама выкарыстоўваю частку інструкцыі або правіл з гульняў, у якія дзіця ўжо гуляла неаднаразова.

Пачынаю работу з трывожнымі дзецьмі з рэлаксацыйных і дыхальных практыкаванняў. Так, напрыклад, практыкаванне “Паветраны шарык” знімае напружанне, супакойвае. Я прапаную дзецям уявіць сабе, што зараз мы будзем надзімаць шарыкі. “Удыхніце паветра, паднясіце ўяўны шарык да губ і, раз­дзімаючы шчокі, павольна, праз прыадкрытыя губы н­адзімайце яго. Сачыце вачамі за тым, як ваш шарык становіцца ўсё большым і большым. Дзьміце асцярожна, каб шарык не лопнуў. А цяпер пакажыце шарыкі адно аднаму”.

Настройваю групу на рабочы лад з дапамогай практыкавання “Карабель і вецер”. Прапаную дзецям: “Уявіце сабе, што наш паруснік плыве па хвалях, але раптам ён спыніўся. Давайце запросім на дапамогу вецер. Удыхніце паветра, моцна ўцягніце шчокі… А цяпер шумна выдыхніце праз рот паветра, і няхай вецер, які вырваўся на волю, падганяе караблік. Давайце паспрабуем яшчэ раз. Я хачу пачуць, як шуміць вецер!”

Дапамагае расслабіць мышцы спіны практыкаванне “Штанга”, пры выкананні якога прапаную дзецям уявіць сябе спартсменамі-цяжкаатлетамі, якія паднімаюць цяжкую штангу: “Зрабіце ўдых, адарвіце штангу ад падлогі на выцягнутых руках, прыпадніміце яе. Вельмі цяжка. Выдыхніце, штангу палажыце на падлогу, адпачніце”. Крыху пазней, калі дзеці асвойваюцца, да гэтых практыкаванняў дабаўляю наступныя: “Падарунак пад ёлкай”, “Бойка”, “Лядзяш”, “Шалтай-Балтай”, “Рукі, якія танцуюць”. Напрыклад, расслабіць мышцы рук, спіны і грудзей дапамагае практыкаванне “Шалтай-Балтай”, пры выкананні якога тулава паварочваецца направа-налева, рукі пры гэтым свабодна матляюцца, як у анучнай лялькі.

Практыкаванне “Помпа і мяч” выкарыстоўваю для зняцця астаткавага напружання. У парах адзін з удзельнікаў “помпа”, другі “мяч”. Мяч “здзьмуты” (цалкам расслаблены, галава апушчана, ногі напаўсагнутыя). Па меры “надзімання”, якое партнёр суправаджае гукам “сс”, мяч выпростваецца, а потым зноў “здзімаецца” з гукам “сс”. Потым удзельнікі мяняюцца ролямі.

Гульні “Зайкі і сланы”, “Чароўнае крэсла” і інш., якія спрыяюць павышэнню самаацэнкі, праводжу на любым этапе работы. Я заўважыла, што гэтыя гульні эфектыўныя, калі праводзяцца шматразова і рэгулярна (кожны раз уношу элемент навізны). Так, практыкаванне “Зайкі і слонікі” дае магчымасць дзецям адчуць сябе моцнымі і смелымі, спрыяе павышэнню самаацэнкі. Спачатку дзеці становяцца зайкамі-баязліўцамі, дрыжаць. Зайка прыціскае вушы, увесь сціскаецца, стараецца стаць маленькім і непрыметным, хвосцік і лапкі яго трасуцца. А потым становяцца сланамі, вялікімі, моцнымі, смелымі. Сланы ходзяць спакойна, мерна, велічна і бясстрашна.

Практыкаванне “Чароўнае крэсла” павышае самаацэнку, паляпшае ўзаемаадносіны паміж дзецьмі. У гэтую гульню мы гуляем з дзецьмі на працягу доўгага часу. “Чароўнае крэсла” павінна быць абавязкова высокім. Я праводжу невялікую ўступную гутарку пра імя кожнага дзіцяці, падкрэсліваючы яго добрыя якасці, станоўчыя рысы характару. Той, пра чыё імя расказваю, становіцца каралём. На працягу ўсяго расказу пра яго імя ён ся­дзіць на троне ў кароне. У канцы гульні прапаную дзецям прыдумаць розныя варыянты яго імя (пяшчотныя, ласкавыя). Можна таксама па чарзе расказаць штосьці добрае пра караля.

З асаблівым задавальненнем дзеці выконваюць такія практыкаванні, як “Рукавіцы”, прызначаныя для развіцця згуртаванасці групы праз сумесную дзейнасць. У выпадковым парадку раздаю парныя загатоўкі “рукавіц”. Задача дзяцей — знайсці сваю пару, дамовіцца і разам размаляваць рукавіцы. У канцы кожная пара прадстаўляе свой твор.

Задавальненне дзецям дае практыкаванне “Далонька”, асноўная мэта якога — павышэнне самаацэнкі праз самааналіз добрых якасцей. Кожны атрымлівае лісток паперы. Трэба, прыклаўшы далоньку, абвесці яе, у цэнтры напісаць сваё імя, а ў кожным пальчыку адзначыць праз малюнак нешта добрае, што дзіця можа ў сабе знайсці. Намаляваную далоньку размалёў­ваюць. На заканчэнне праводзім выставу “далонек”. У выпадку, калі дзіця не можа знайсці ў сябе станоўчыя якасці, прапаную варыянты такіх якасцей або дапамагаю папрасіць дапамогі ў іншых дзяцей.

Заданне “Аплікацыя” накіравана на развіццё навыкаў эфектыўных зносін. Дзецям прапаную набор геаметрычных фігур, выразаных з каляровай паперы. Скрынку з імі стаўлю пасярэдзіне круга. Кожны выбірае некалькі загатовак і складае з іх нейкую карцінку (домік, караблік і г.д.). Фігуркі наклейваем на ліст паперы, папярэдне дамовіўшыся пра тое, дзе што наклейваецца, “каб было прыгожа”. Аплікацыя застаецца ў памяшканні групы.

Гульня “Вусень” накіравана на фарміраванне ў дзяцей пачуцця даверу і ўпэўненасці ў сабе. Мы строімся ланцужком, рукі кладзём на плечы таго, хто стаіць наперадзе. Паміж жыватом аднаго гульца і спінай другога заціскаем паветраны шар. Дакранацца рукамі да паветранага шара строга забараняецца. Першы ў ланцужку ўдзельнік трымае свой шар на выцягнутых руках. Такім чынам, у адзіным ланцугу, але без дапамогі рук, мы праходзім па пэўным маршруце.

Практыкаванне “Змена рытмаў” дапамагае трывожным дзецям уключыцца ў агульны рытм работы, зняць залішняе мышачнае напружанне. Каб прыцягнуць увагу дзяцей, пачынаю пляскаць у далоні і гучна, у такт воплескам, лічыць: “Раз, два, тры, чатыры…” Дзеці далучаюцца і таксама, усе разам пляскаючы ў далоні, хорам лічаць: “Раз, два, тры, чатыры…” Паступова пляскаю разам з дзецьмі ўсё радзей, лічу ўсё цішэй і больш павольна.

Пасля праведзеных заняткаў, у канцы навучальнага года, педагогі і бацькі адзначаюць, што дзеці праяўляюць менш неспакою ў стрэсавых сітуацыях, напрыклад, пры выступленні на ранішніках, адказах на занятках і г.д. Яны ўжо не такія баязлівыя і нерашучыя, а атрыманыя навыкі наладжвання кантактаў у гульнях з іншымі дзецьмі дазваляюць ім заняць больш высокае статуснае становішча ў групе равеснікаў.

Ірына КУРГАНАВА,
педагог-псіхолаг ясляў-сада № 70 Магілёва.