Пераходзіць да больш сучасных і шматпланавых эканамічных адносін

- 14:12Інфармацыйная гадзіна

Беларусь і Егіпет актыўна перайшлі да трансфармацыі дружалюбных палітычных адносін у шматпланавае і выгаднае эканамічнае супрацоўніцтва, адзначыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Прэзідэнтам Егіпта Абдэль Фатахам ас-Сісі ў пашыраным складзе.

“Паміж нашымі дзяржавамі няма абсалютна ніякіх праблемных пытанняў. Няма закрытых тэм для абмеркавання. Важна, што мы актыўна перайшлі да трансфармацыі дружалюбных палітычных адносін у шматпланавае і выгаднае эканамічнае супрацоўніцтва. І сёння ўжо ёсць адчувальны вынік і сур’ёзны прагрэс у гэтым напрамку”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ідзе рэгулярны абмен урадавымі, парламенцкімі і дзелавымі дэлегацыямі. Рэалізавана і падрыхтавана на новы перыяд дарожная карта двухбаковага супрацоўніцтва.

Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь надае вялікае значэнне развіццю дружалюбных сувязей з Егіптам і разглядае гэтую краіну ў якасці найважнейшага партнёра ў рэгіёне Блізкага Усходу і на Афрыканскім кантыненце. “Беларускі бок вітае ўсё большую ролю Егіпта ў Афрыцы, і сведчаннем гэтай ролі з’яўляецца выбранне вас старшынёй Афрыканскага саюза”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама павіншаваў Абдэль Фатаха ас-Сісі і егіпецкі народ з паспяховым завяршэннем палітычных пераўтварэняў і адзначыў дасягненні ў сацыяльна-эканамічнай стабілізацыі, барацьбе з міжнародным тэрарызмам.

“Мы бачым і разумеем, што адбываецца вакол Егіпта, у вашым рэгіёне, наколькі ён дэстабілізаваны, пачынаючы ад Афганістана і заканчваючы Суданам, можа, нават далей. Але вам удалося стры­маць негатыўныя працэсы, утрымаць краіну. І я ад душы віншую вас з тым, што вы справіліся з праблемамі і выйшлі на ўзро­вень стабільнага развіцця. Гэта важна не толькі для нас і вашых сяброў — гэта вельмі важна для ўсяго рэгіёна Блізкага Усходу, Афрыкі. Улічваючы, што Егіпет — гэта велізарная дзяржава са стамільённым насельніцтвам, працэсы, якія адбываюцца ў вас, важныя для ўсяго свету”, — рэзюмаваў прэзідэнт.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэн­ка заявіў, што Беларусь гатова дзяліцца з егіпецкімі партнёрамі ўласнымі прамысловымі тэхналогіямі.

“Мы дамовіліся аб тым, што будзем пераходзіць да больш сучасных і шматпланавых эканамічных адносін. Работа ў гэтым напрамку ўжо вядзецца. Проста абмен таварамі — гэта не сучасны ўзровень. У якасці асноўнага метаду нашага ўзаемадзеяння вызначаны праектны падыход”, — сказаў Аляксандр Лукашэнк­а.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што развітая прамысловасць — адзін з моц­ных бакоў беларускай эканомікі, краіна гатова дзяліцца з егіпецкімі партнёрамі ўласнымі прамысловымі тэхналогіямі. “Тут няма ніякіх закрытых тэм. Усё, што мы можам, мы гатовы перанесці ў Егіпет. Вы на нас у гэтым плане можаце разліч­ваць”, — падкрэсліў прэзідэнт.

У адпаведнасці з дасягнутымі паміж краінамі дамоўленасцямі, у Каіры раней быў дадзены старт сумеснаму праекту па вытворчасці аўтамабільнай тэхнікі МАЗ. У 2018 годзе выраблены 72 адзінкі. “Гэта добры пачатак. Важна на гэтай стадыі станаўлення гэтага прадпрыемства падтрымаць вытворчасць заказамі егіпецкай дзяржавы. Неабходна даць яму магчымасць разгарнуцца і самастойна напрацаваць партфель заказаў. Для стабільнай рэнтабельнасці завод павінен выпу­скаць не менш як 350—400 адзінак тэхнікі ў год, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Са свайго боку мы таксама акажам гэтай кампаніі падтрымку, аб чым мы з вамі толькі што ўмовіліся”.

Павялічвае вытворчасць трактароў “Беларус” шматпрофільнае зборачнае прадпрыемства ў егіпецкай Александрыі. У Каіры створаны зборачныя лініі пагрузчыкаў і сельскагаспадарчага абсталявання. “Мы азнаёмілі спецыялістаў Міністэрства абароны Егіпта з беларускім вопытам, перадалі асобныя тэхналогіі стварэння цяплічных комплексаў, мяса-малочных фермаў, вытворчасці дзіцячага харчавання, жытняга хлеба, вырошчвання агародніны ў закрытым грунце. Калі ў вас ёсць жаданне выкарыстоўваць беларускі вопыт, мы гатовы падключацца да вашых праектаў”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнк­а.

Ён заўважыў, што цяпер Егіпет актыўна рэалізуе нацыянальную праграму па стварэнні цяплічных комплексаў, а для гэтага патрэбна адпаведная тэхніка. “Мы ўжо вырабілі пробную партыю малагабарытных трактароў для прамысловых цяпліц. Мы маглі б вырабляць іх на сумесным прадпрыемстве ў Александрыі”, — прапанаваў кіраўнік дзяржавы.

Беларускі бок таксама гатовы разам з егіпецкімі прадпрыемствамі вырабляць пасажырскую тэхніку, уключаючы электробусы і трамваі, дызельныя рухавікі, ліфтавае абсталяванне, збожжасховішчы, аўтамабілі спецыяльнага прызначэння.

“Прапаную не толькі ўзмацніць узаемадзеянне ў традыцыйных сферах супрацоўніцтва, але і ажыццяўляць сучасныя навукова-тэхнічныя распрацоўкі і рэалізоўваць праекты ў галіне высокіх тэхналогій. Нашы акадэміі навук працуюць ужо над рэалізацыяй сумесных праектаў. Разлічваем, што вынікі гэтай работы ў хуткім часе знойдуць практычнае прымяненне ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы дзвюх краін”, — сказаў прэзідэнт. Акрамя таго, Беларусь прапанавала Егіпту праекты ў галіне электроннага ўрада, лічбавай трансфармацыі, кібербяспекі, камп’ютарных гульняў.

Б еларусь разлічвае на актыўнае развіццё супрацоўніцтва з Егіптам у сферах адукацыі і турызму, заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы ў пашыраным скла­дзе з Прэзідэнтам Егіпта Абдэль Фатахам ас-Сісі.

У якасці аднаго з прыярытэтных напрамкаў узаемадзеяння Беларусь і Егіпет раней вызначылі сферу адукацыі. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што гэтая галіна звязана непасрэдна з моладдзю, развіццём яе патэнцыялу, спартыўных і творчых здольнасцей, прапагандай здаровага ладу жыцця.

“Наша краіна мае значны патэнцыял у галіне адукацыі, падрыхтоўкі спецыялістаў, запатрабаваных у эканоміцы. Цяпер у Беларусі праходзяць навучанне ўсяго 20 егіпецкіх грамадзян. Мы выдзелілі адукацыйныя гранты грамадзянам Егіпта на навучанне ў беларускіх ВНУ. Гэта толькі пачатак. Мы хацелі б бачыць вашых маладых людзей, якія імкнуцца атрымаць сучасную адукацыю ў Беларусі, у большай колькасці”, — заявіў кіраўнік дзяржавы. У Егіпце рабоце з моладдзю ўдзяляюць вялікую ўвагу: 60% насельніцтва краіны — гэта маладыя людзі. Усе яны хочуць мець добрую адукацыю і работу, адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён вітаў ініцыятыву Прэзідэнта Егіпта аб правядзенні ў яго краіне штогадовага Сусветнага маладзёжнага форуму, у якім актыўны ўдзел прымаюць і прадстаўнікі Беларусі. “Мы будзем рабіць усё для таго, каб кантакты паміж маладымі лю­дзьмі Егіпта і Беларусі ўзмацняліся і развіваліся”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка таксама пацвердзіў раней накіраванае запрашэнне для групы егіпецкіх падлеткаў пры­ехаць у Беларусь на адпачынак і аздараўленне ў жніўні 2019 года.

“У справе развіцця дружалюбных адносін паміж нашымі народамі важнае месца займае турызм — мы з вамі пра гэта гаварылі два гады назад у Каіры. За гэтыя апошнія два гады турыстычны паток з Беларусі ў Егіпет павялічыўся больш як у чатыры разы. Мы хацелі б, каб і вашы лю­дзі часцей бывалі ў Беларусі. Як вы сёння сказалі, у Беларусі для егіпецкіх грама­дзян ёсць што паглядзець, а мы створым усе ўмовы для таго, каб грамадзяне Егіпта атрымалі тут усё неабходнае, прыехаўшы на адпачынак”, — запэўніў Аляксандр Лукашэн­ка.

Ён адзначыў, што Беларусь і Егіпет маюць багатую культурную і гістарычную спадчыну. “Мы зацікаўлены ў абмене вопытам у гэтай сферы. Гатовы арганіза­ваць узаемныя візіты спецыялістаў музеяў, археолагаў, рэстаўратараў. Будзем рады правесці ў сябе Дні культуры Егіпта”, — дадаў прэзідэнт.