Дзіцяча-юнацкая спартыўная школа Маларыцкага раёна працягвае наладжваць супрацоўніцтва са спартсменамі суседніх краін. Чарговае пацвярджэнне гэтага — Міжнародны турнір па гандболе сярод хлопчыкаў і дзяўчынак 2004—2005 гадоў нараджэння, ініцыятарам правядзення і арганізатарам якога стаў дырэктар ДЮСШ Маларыцкага раёна М.У.Бойка пры падтрымцы аддзела адукацыі, спорту і турызму Маларыцкага райвыканкама.
Памерацца спартыўнымі сіламі ў Маларыту другі раз прыехалі юныя гандбалісты з пачатковай школы № 3 імя Марыі Канапліцкай Бяла-Падляскі (Польшча). Спаборніцтвы прайшлі па правілах Еўрапейскай гандбольнай федэрацыі.
У выніковай турнірнай табліцы пераможцамі сярод хлопчыкаў і дзяўчынак сталі прадстаўнікі ДЮСШ Маларыцкага раёна. Так, нашы гандбалісты правялі з польскімі равеснікамі чатыры гульні і ўсе выйгралі. Лепшымі гульцамі прызнаны Мікіта Рабчынскі, Кірыл Рабчынскі, Дзяніс Сапожнік, Ілья Белазаровіч, Валерыя Галаўлёва, Таццяна Дацык, Валерыя Віткалава, Марына Ярмалюк і Арына Матузка.
Поспех юных маларыцкіх гандбалістаў невыпадковы. Значная заслуга ў гэтым трэнераў Людмілы Уладзіміраўны Сезік, Таццяны Яўгенаўны Рыжэвіч і Сяргея Аляксандравіча Крупскага, якія не адзін год мэтанакіравана працуюць з юнымі спартсменамі, рыхтуюць іх да спаборніцтваў рознага ўзроўню.
— Гандбол — папулярны від спорту ў нашым раёне, — гаворыць намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Маларыцкага райвыканкама А.М.Хамічук. — Мы маем выдатную гандбольную школу і традыцыі, закладзеныя першым трэнерам Пятром Каменчуком. Гэтыя традыцыі працягваюць развівацца і сёння. За час існавання дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Маларыцкага раёна было падрыхтавана шмат высокакваліфікаваных гульцоў і трэнераў.
Цяпер юныя маларыцкія гандбалісты рыхтуюцца да спаборніцтваў з польскімі равеснікамі, якія, плануецца, пройдуць летам.
Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.