Пераможца абласнога конкурсу “Настаўнік года” настаўнік выяўленчага мастацтва Доўскай сярэдняй школы Рагачоўскага раёна Сяргей Шамінскі лепшы не толькі педагог, але і бацька. З малодшай дачкой ён быў нават у дэкрэтным водпуску. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Дапамагчы і навучыць
Нарадзіўся і вырас педагог у гэтай жа вёсцы Доўск, дзе цяпер жыве і працуе. З самага дзяцінства любіў маляваць. Калі браў у бібліятэцы дзіцячыя кнігі, то не толькі чытаў іх, але і захоплена зрысоўваў малюнкі. А гледзячы па тэлевізары мультфільмы, на хаду пераносіў іх персанажаў на паперу.
Скончыўшы школу, паступіў у Віцебскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя С.М.Кірава на мастацка-графічны факультэт. Пасля заканчэння прапаноўвалі застацца там працаваць, але яму хацелася звязаць сваю будучыню з родным Доўскам.
— Я вельмі прывязаны да сваёй вёскі, яна — частка маёй душы. Калі служыў у арміі, намаляваў бацькоўскі двор з вышыні птушынага палёту і насіў малюнак у кішэні гімнасцёркі. Аднойчы на ранішнім аглядзе зампаліт яго знайшоў. Ён вырашыў, што я намаляваў размяшчэнне нашай ракетнай часці, а гэта быў аб’ект павышанага ўзроўню сакрэтнасці. Я сказаў: “Не, гэта мой двор, вось хата, вось хлеў”, — з усмешкай расказвае педагог.
Да Сяргея Міхайлавіча ў сям’і быў толькі адзін педагог: мамін брат працаваў настаўнікам фізкультуры і ваенруком. Але малады мастак цвёрда вырашыў: гэтая прафесія яму цікавая. У Доўскай сярэдняй школе ён выкладае ўжо 33 гады і ніколі не пашкадаваў аб сваім выбары.
— Галоўнае, за што люблю сваю работу, — гэта вучні. Дзякуючы ім, перажываеш столькі розных эмоцый, у пераважнай большасці станоўчых, колькі дае чалавеку далёка не кожная прафесія. Шмат аддаеш у энергетычным плане, але не менш атрымліваеш узамен. Увечары часам адчуваеш сябе як выціснуты лімон, але раніцай заходзіш у клас, глядзіш на адкрытыя твары вучняў — і зноў поўны сіл. З імі маё жыццё цікавае, кожны дзень не падобны на іншы. Я працягваю займацца творчасцю, развіваюся, асвойваю новыя фарматы і кірункі, — адзначае мой суразмоўнік.
Падчас навучальнага года працоўны графік у педагога даволі насычаны — па 5—6, нават 7 урокаў на дзень. Працуе з дзецьмі ўсіх узростаў з 1 па 10 клас, з адным вучнем з асаблівасцямі развіцця займаецца індывідуальна. У Доўскай школе Сяргей Шамінскі выкладае выяўленчае мастацтва, сусветную мастацкую культуру, чарчэнне, працоўнае навучанне. Шмат гадоў вядзе аб’яднанне па інтарэсах “Юны мастак”. Да таго ж адзін дзень у тыдзень працуе ў суседняй Серабранскай базавай школе, дзе адказвае за працоўнае навучанне.
— Калі для конкурсу “Настаўнік года” мне трэба было сфармуляваць сваё прафесійнае крэда, я вызначыў яго так: “Дапамагчы і навучыць”. Для мяне важна быць не толькі настаўнікам, але і чалавекам, які разумее ўнутраны свет дзіцяці, тонкасці яго душэўнай арганізацыі, імкнецца падтрымаць, натхніць яго, — дзеліцца педагог.
Ён звяртае ўвагу, што кожны ўрок пачынае з жартаў, каб узняць дзецям настрой, вывесці на пазітыўныя эмоцыі. А вось падыход да справы ў яго самы сур’ёзны.
— Як выпускнік мастацка-графічнага факультэта я атрымаў грунтоўную адукацыю і выхаванцаў сваіх таксама вучу акадэмічна. Імкнуся навучыць іх правільна трымаць руку і не проста маляваць аб’ект, а ствараць яго з дапамогай прамых ліній, лінейна-канструктыўнай пабудовы, вызначаць святлацені і г.д. Добра бачу, што ў сучасных дзяцей увагі і цярпення займацца нечым хапае максімум на 15—20 мінут, а потым трэба пераключаць іх на нешта іншае. Таму загадзя прадумваю, як буду мяняць на ўроку віды дзейнасці, каб школьнікі не страчвалі інтарэс, — расказвае мой суразмоўнік.
Як сапраўдная творчая натура, ён у пастаянным пошуку і лепшымі сваімі адкрыццямі ахвотна дзеліцца з навучэнцамі. Услед за ім яны асвойваюць роспіс птушыных пер’яў, камянёў, драўляных яек. Апошняе агульнае захапленне — стварэнне навагодніх ёлачных цацак са звычайных лямпачак. Правялі ўжо некалькі выстаў такіх вырабаў, водзывы атрымалі пазітыўныя. Дарэчы, выставы вучнёўскіх работ ладзяцца ў школьным холе рэгулярна. Да іх арганізацыі настаўнік падыходзіць сур’ёзна: малюе прыгожую афішу, імкнецца аформіць экспазіцыю крэатыўна і запамінальна. Гэта не проста радуе, але і павышае самаацэнку дзяцей.
Не сядзіць педагог без справы і падчас летніх канікул: у першай палове чэрвеня працаваў у лагеры працы і адпачынку. Пад яго кіраўніцтвам старшакласнікі дапамагалі рыхтаваць школу да новага навучальнага года: рамантавалі ці разбіралі старую мэблю, збіралі новую. Клапаціліся пра тое, каб дагледжанай і прыгожай была прышкольная тэрыторыя, стадыён.
Акрамя таго, Сяргей Шамінскі актыўна задзейнічаны на мерапрыемствах у рамках конкурсу “Настаўнік года”. Прызнаецца: адчувае пэўнае хваляванне, бо ў фінале трэба прадстаўляць ужо не толькі школу і раён, а ўсю вобласць. Рыхтуецца зрабіць гэта на дастойным узроўні.
Тата ў хаце
У Сяргея Шамінскага дружная сям’я, у яго з жонкай дзве дачкі. Старэйшая Святлана ўжо дарослая, скончыла Беларускі дзяржаўны эканамічны універсітэт, працуе ў галіне праграмавання. Малодшая Ліза перайшла ў 10 клас.
Мой суразмоўнік падкрэслівае, што школу бацькоўства грунтоўна прайшоў яшчэ з першай дачкой. Падчас дэкрэтнага водпуску жонка завочна вучылася ў Віцебскім дзяржаўным медуніверсітэце і час ад часу ад’язджала на сесію. Тады клопат аб немаўляці бралі на сябе як старэйшыя родзічы, так і бацька.
Калі нарадзілася другая дачка, першыя паўгода ў дэкрэтным водпуску была жонка. Але потым у яе ўзнікла неабходнасць вярнуцца на работу ў бальніцу, бо напарніца сыходзіла на пенсію, а медустанова не магла застацца без урача-лабаранта. У той час у школьнай праграме адбыліся скарачэнні прадметаў, якія выкладаў Сяргей Міхайлавіч, і нагрузка ў яго была невялікая. На сямейным савеце вырашылі: далей у дэкрэтным водпуску будзе знаходзіцца ўжо ён. Даглядаў малодшую дачку амаль два з паловай гады.
— Я параіў бы кожнаму мужчыну хаця б некаторы час пабыць у дэкрэтным водпуску. Па-першае, гэта дазволіла мне быць побач з дачкой у самыя цудоўныя моманты, калі яна толькі-толькі спасцігала гэты свет. Па-другое, я пачаў лепш разумець жонку, цаніць яе нялёгкую матчыну працу. Гэта добра адлюстравалася на сямейных адносінах, — выказвае сваё меркаванне суразмоўнік.
Ён дадае, што заўсёды адказна ставіўся да бацькоўства. І з першай, і з другой дачкой амаль штодзённа вёў запісы ў асобных альбомах: якія першыя гукі і словы вымавіла дзіця, што ўвогуле цікавага здарылася. Крыху пазней пачаў захоўваць там і малюнкі дзяўчынак. Яны, як і тата, з дзяцінства любілі маляваць і да гэтага часу добра тое робяць. У Святланы атрымліваюцца такія выдатныя графічныя партрэты, што ствараецца ўражанне, нібыта іх зрабіў прафесіянал. Здзіўляцца няма чаму — татава школа!
Кожнае лета ў двары дома глава сям’і ствараў дзіцячую пляцоўку, на якой ахвотна праводзілі час і дочкі, і іх сяброўкі. Жартавалі нават, што атрымліваецца своеасаблівы міні-лагер. Дарэчы, арэлі і драўляныя скульптуры ўпрыгожваюць двор і цяпер. Сям’я любіць разам бавіць тут вольны час. Любімы сумесны занятак — настольныя гульні. Сяргей Міхайлавіч захаваў некаторыя гульні са свайго савецкага дзяцінства, а дочкі набылі сучасныя. Калі Святлана прыязджае наведаць бацькоў, разгортваюцца сапраўдныя баталіі.
— Імкнуся быць бацькам, які разумее і падтрымлівае. У нас цёплыя, даверлівыя адносіны. Працуючы з вялікай колькасцю дзяцей, бачу розныя характары і ведаю: да кожнага патрэбны свой падыход. Важна слухаць і чуць сваё дзіця, быць гнуткім і цярплівым, асабліва з падлеткамі. Дзяўчынкі, зразумела, па-жаночы бліжэй да маці, аднак роля бацькі для іх не менш важная. Аб гэтым ніколі не варта забываць, — упэўнены педагог.
Аксана МЫЦЬКО
Фота з асабістага архіва С.М.Шамінскага