Пераможцы міжнародных алімпіяд: куды плануюць паступіць і чаго чакаюць ад студэнцкага жыцця

- 9:00Главная, Образование

У 2023 годзе пераможцамі міжнародных інтэлектуальных спаборніцтваў стаў 41 навучэнец. Што прывяло маладых людзей да поспеху, якую далейшую адукацыйную траекторыю яны выбралі, куды плануюць паступіць і чаго чакаюць ад студэнцкага жыцця — карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” спытала ў сёлетніх выпускнікоў.

Ангеліна Ветлова, выпускніца Маркаўскай сярэдняй школы Мала­дзечанскага раёна Мінскай вобласці:

— Рускай мовай і літаратурай я захапілася яшчэ ў пачатковых класах, удзельнічала ў алімпіядах для малодшых школьнікаў. У 5 класе мой патэнцыял разгледзела настаўніца рускай мовы і літаратуры Таццяна Аляксандраўна Кот. Паралельна з вывучэннем школьнай праграмы мы шмат займа­ліся дадаткова. Я наведвала факультатыўныя заняткі, прымала ўдзел у літаратурных конкурсах, фестывалях. Займалася на курсах, якія арганізоўваліся Мінскім абласным інстытутам развіцця адукацыі, ездзіла ў профільныя лагеры, на раённыя і абласныя зборы. З цягам часу пачала ўдзельнічаць у рэспубліканскіх алімпіядах. У 8 класе спрабавала свае сілы за 9 клас. Пайшлі першыя поспехі: 1-е месца на раённым этапе рэс­публіканскай алімпіяды, потым 3-е месца на абласным узроўні. Ужо ў 10 класе я спрабавала сябе на алімпіядзе Саюз­най дзяржавы “Расія і Беларусь — гістарычная і духоўная еднасць”, але больш паспяхова мне ўдалося прая­віць сябе ў 11 класе на заключным этапе гэтага міжнароднага спаборніц­тва, якое праходзіла ў Брэсце. Там я заваявала дыплом ІІ ступені.

Для перамогі на алімпіядзе важна, каб настаўнік і вучань працавалі ў тандэме. Калі толькі ад аднаго зыходзіць ініцыятыва, поспехаў не бу­дзе. Трэба, каб работа была сістэматычнай на працягу года, а не толькі перад алімпіяднымі турамі, трэба жыць гэтым і адносіцца да прадмета як да вялізнага свету, у які можна паглыб­ляцца не стамляючыся.

Нягледзячы на тое, што дыплом міжнароднай алімпіяды дае мне права быць залічанай у многія УВА без экзаменаў, я хачу паступіць менавіта на факультэт міжнародных адносін БДУ на спецыяльнасць “Міжнароднае права”. Вельмі хочацца вывучаць мову, узаемадзейнічаць з людзьмі — прадстаўнікамі іншых культур, наладжваць зносіны Беларусі з іншымі краінамі. Адным словам, прыносіць карысць роднай краіне і атрымліваць асалоду ад любімай справы.

Для паступлення мне былі патрэбны такія прадметы, як грамадазнаўства, англійская мова. Імі я пачала ўзмоцнена займацца апошнія паўтара года. У выніку ў мяне 100 балаў па грамадазнаўстве і 95 — па англійскай мове. Спадзяюся, гэта дазволіць мне разам з атэстатам у 98 балаў і 100 баламі па рускай мове ажыццявіць маю мару.

Зараз пасля атрымання атэстата вольнага часу стала крыху больш. Яго я прысвячаю самаразвіццю і ўдасканаленню. Праз дадаткі, сайты практыкуюся з носьбітамі ў англійскай мове, пішу тэксты, займаюся капірайтынгам. І, безумоўна, чытаю літаратуру. Апошнія гады захаплялася класікай. Любімыя аўтары — Л.Талстой, У.Маякоўскі. Сучаснай літаратурай не асабліва зачытваюся — не знайшла яшчэ сваіх аўтараў. Падабаецца Стывен Кінг. У яго цікавыя, арыгінальныя творы.

Васіль Матвейкоў, выпускнік Рэчыцкага раённага ліцэя:

— Хіміяй я захапіўся яшчэ ў 7 класе, калі вучыўся ў сярэдняй школе № 9 Рэчыцы. Мне яна лёгка давалася. Вельмі падабалася чытаць навукова-пазнавальную літаратуру, даведвацца цікавыя факты, рашаць хімічныя задачы. Бацькі падтрымлівалі ўсе мае пачынанні. Часта глядзеў на YouTube-канале эксперыменты, якія можна правесці ў дамашніх умовах. Выкарыстоўваў рэагенты, якія адшукваў на кухні ці ў дамашняй аптэчцы, і спрабаваў ставіць доследы спачатку дома, а потым прыносіў і паказваў іх у школе аднакласнікам і настаў­нікам. А ў прабірках адбываліся сапраўдныя цуды: штосьці бурліла, мяняла колер і г.д.

Ужо ў ліцэі пад кіраўніцтвам настаўніцы хіміі Людмілы Міхайлаўны Блажэвіч, якая прыклала шмат намаганняў для маёй падрыхтоўкі, паспрабаваў свае сілы ў раённай хімічнай алімпіядзе, дзе заваяваў дыплом І ступені. Дарэчы, гэта быў мой не першы вопыт удзелу ў алімпіядах — дагэтуль спаборнічаў па рускай і англійскай мовах, матэматыцы.

Пасля атрымання дыплома на абласным этапе мінулагодняй алімпіяды стаў пераможцам у скла­дзе каманды ліцэя турніру юных хімікаў. У 2024 годзе былі новыя перамогі на вобласці і рэспубліцы, якія падштурхнулі да далейшай работы, удасканалення па прадмеце, удзелу ў розных хімічных алімпіядах. Напрыклад, удзел ва Усесібірскай адкрытай алімпія­дзе школьнікаў прынёс мне дыплом II ступені.

На 58-й Міжнароднай Мен­дзялееўскай алімпіядзе, якая прайшла ў кітайскім Шаньчжэні і сабрала школьнікаў больш чым з 20 краін свету, я быў удас­тоены сярэбранага медаля.

Лічу, што, каб стаць пераможцам алімпіяды, патрэбны некалькі складнікаў: добрая тэарэтычная база, практычны вопыт рашэння задач мінулых гадоў, маральная падрыхтоўка, бо калі рукі трасуцца, вельмі складана штосьці рабіць.

Мне задаецца, што няважна, колькі часу ты займаешся, важна эфектыўнасць: што ты робіш і наколькі якасна. Ты можаш займацца па 10 гадзін у дзень, але заданні не падыходзяць табе па ўзроўні, і гэта будзе неэфектыўна, альбо ты можаш напружана папрацаваць 4—5 гадзін, і пры гэтым ККД наблізіцца да 100 працэнтаў. Для кожнага алімпіядніка ўсё вельмі індывідуальна.

Дарэчы, мне больш даспадобы неарганічная, арганічная, фізічная і аналітычная хімія, а вось біяхімія і квантавая хімія ціка­вяць менш.

Хачу працягнуць вучыцца на хімічным факультэце БДУ па спецыяльнасці “Фундаментальная хімія” і атрымаць шырокую хімічную адукацыю, якая ўключае паўнавартасную тэарэтычную і практычную падрыхтоўку ў розных яе галінах. Пасля вучобы можна бу­дзе працаваць у розных установах, арганізацыях і прамысловых комп­лексах хімічнай накіраванасці, а таксама займацца навуковай дзейнасцю.

Ва ўніверсітэце таксама хачу працягваць удзел у алімпіядным руху. Але гэта ў планах. А пакуль рыхтуюся да Міжнароднай хімічнай алімпіяды, якая пройдзе ў Саудаўскай Аравіі з 21 па 30 ліпеня.

Вадзім Ігнаценка, выпускнік гімназіі № 1 Віцебска імя Ж.І.Алфёрава:

Як я захапіўся геаграфіяй? Дзякуючы сваёй настаўніцы Людміле Ціханаўне Карнеенка. Яна заўважыла, што ў мяне добрая памяць, развіта лагічнае мысленне, прасторавае ўяўленне, лёгка даецца геаграфія. Напрыканцы 6 класа яна прапанавала мне пазаймацца летам дадаткова. Я быў не супраць, бо з дзяцінства любіў падарожнічаць і разумеў, што геаграфія значна пашырае кругагляд, дазваляе патлумачыць аб’екты ці пра­цэсы, якія апісваюцца ў вучэбнай літаратуры. Дзякуючы настаўніцы, я пераканаўся, што ў геаграфіі вялікая будучыня. Яна прадугледжвае глыбокае веданне цэлага шэрага іншых прадметаў ці сумежных дысцыплін. У прыватнасці, выдатны географ — гэта і цудоўны матэматык, і бліскучы інфарматык. Сёння галоўнае прызначэнне геаграфіі — прагназаваць будучыню. Што адбудзецца з той ці іншай мясцовасцю, краінай, нашай планетай праз дзесяцігоддзі альбо 100 гадоў? Менавіта дакладны прагноз у значнай ступені паўплывае на заўтрашні дзень. Дарэчы, мне бліжэй фізічная геаграфія, бо ў ёй усё даволі устойліва, тут больш даступнай інфармацыі, у тым ліку і на замежнай мове, а ў эканамічнай усё мяняецца: палітычныя рэжымы, эканамічныя пара­метры і інш.

Паступова геаграфія мяне зацягнула. Асаблівы азарт прачнуўся, калі ў 8 класе ўдзельнічаў у абласной алімпіядзе разам з дзевяцікласнікамі і мне не хапіла некалькі дзясятых бала да дып­лома. У наступным годзе я ўжо трапіў на рэспубліканскую алімпіяду, дзе ўзяў дыплом ІІ ступені, а яшчэ праз год стаў абсалютна першым у рэспубліцы. Тады і з’явілася жаданне трапіць на міжнародную алімпіяду. Паставіў мэту і ўпэўнена ішоў да яе. Сур’ёзна займаўся дзесьці па 6 гадзін у дзень, разбіраўся з мінулагоднімі алімпіяднымі заданнямі. Нягледзячы на нядрэнную англійскую мову, стаў браць прыватныя ўрокі замежнай. У выніку летась на Міжнароднай геаграфічнай алімпіядзе, якая прайшла ў Інданезіі, заваяваў бронзавы медаль.

Для перамогі на міжнароднай алімпіядзе патрэбны матывацыя, высокая працаздольнасць, бо важна не толькі паглыблена займацца геаграфіяй, але і ўдасканальваць навыкі англійскай мовы (ведаць геаграфічныя тэрміны), прымяняць веды на практыцы, хутка мысліць, бо на міжнародных спаборніцтвах даецца мала часу і трэба сабрацца, засяро­дзіцца, прачытаць, правільна зразумець заданне і даць адказ. І яшчэ вельмі важна ўмець адпачы­ваць, абстрагавацца, пераключаць увагу, каб засвоенае адклалася ў галаве. Акрамя геаграфіі, я захапляюся матэматыкай. Нават удзельнічаў у сярэдніх класах у алімпіядзе па ёй.

Па сутнасці, я ўжо студэнт факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі Белдзяржуніверсітэта. Мяне цікавяць геаінфармацыйныя сістэмы. Буду вывучаць укараненне інфармацыйных тэхналогій у геаграфіі. На практыцы ў далейшым можна займацца складаннем карт, у тым ліку анлайн, навігатараў і інш.

Ёсць жаданне пабываць на розных кантынентах, у розных краінах свету. Так, ужо пашанцавала наведаць ААЭ, Інданезію. Цікава было азнаёміцца з ландшафтам, убачыць пустыні, якія да гэтага ўжывую ніколі не бачыў.

Ад студэнцкага жыцця чакаю новых знаёмстваў, зносін з неардынарнымі людзьмі, з шырокім кругаглядам, з якімі можна гаварыць не толькі на геаграфічныя тэмы. Па аповедах знаёмых, яшчэ адзін плюс студэнцкага жыцця — ёсць вольны час для самаўдасканалення і развіцця. Адкрываюцца шматлікія магчымасці для самаадукацыі. Можна наведваць гурткі і секцыі, у прыватнасці, асвоіць тонкасці работы фатографа, відэографа.

Гэтым летам мяне чакае яшчэ некалькі сур’ёзных выпрабаванняў: Еўрапейская геаграфічная алімпіяда ў Сербіі і Міжнародная геаграфічная алімпіяда ў Ірландыі. Рыхтуюся да гэтых спаборніцтваў і спа­дзяюся на поспех.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота на прэўю з архіва рэдакцыі носіць ілюстрацыйны характар