Пераможцы Пушкінскага конкурсу

- 12:29Навіны рэгіёнаў, Рознае

Два педагогі з Мінскай вобласці сталі пераможцамі XVI Міжнароднага Пушкінскага конкурсу. Прадстаўнікі нашай краіны актыўна ўдзельнічаюць у гэтым конкурсе і становяцца яго лаўрэатамі. Сёлета сярод пераможцаў — Ірына Пятроўна Ярышкіна і Уладзімір Піліпавіч Лайкоў.

Міжнародны Пушкінскі конкурс упершыню прайшоў у 2000 годзе, і штогод ён запрашае педагогаў-русістаў краін блізкага і далёкага замежжа да абмеркавання праблем і поспехаў у выкладанні рускай мовы. Мэта конкурсу — маральная і матэрыяльная падтрымка самых энергічных і таленавітых педагогаў. Больш за 6 тысяч чалавек узялі ўдзел у конкурсе за гэты час.

Сёлета для ўдзелу ў конкурсе неабходна было стварыць эсэ на тэму “Вучэбная трывога. Хто і як рыхтуе настаўніка рускай у вашай краіне?”. Арганізатары конкурсу папрасілі расказаць, што адбываецца з русістыкай у розных краінах, ці ёсць конкурс на факультэты, дзе рыхтуюць выкладчыкаў рускай мовы і літаратуры, якія падручнікі выкарыстоўваюць педагогі ў сваёй практыцы, а таксама запрасілі паразважаць, ці дапамагае інтэрнэт у навучанні рускай мове і ці могуць дыстанцыйныя курсы павышэння кваліфікацыі кампенсаваць традыцыйную вучобу. Адказы на гэтыя пытанні шукалі ў сваіх творчых работах каля 250 удзельнікаў з 43 краін свету. Па традыцыі імёны 50 лаўрэатаў былі аб’яўлены ў дзень нараджэння А.С.Пушкіна. Сярод іх прадстаўнікі Міншчыны.

Ірына Пятроўна Ярышкіна працуе намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 3 Крупак, таксама выкладае ў школе рускую мову і літаратуру. Яна арганізоўвала і курыравала ўдзел педагогаў і навучэнцаў школы ў шматлікіх конкурсах і спаборніцтвах. Асабіста паўдзельнічаць у конкурсе яе натхніў прыклад калегі. Аксана Яраславаўна Яромкіна, якая таксама працуе ў сярэдняй школе № 3 Крупак, брала ўдзел у Пушкінскім конкурсе 8 гадоў назад і таксама была пераможцай. Ірына Пятроўна ў сваім эсэ расказала пра тое, як “адчувае” сябе руская мова ў нашай краіне, абапіраючыся на назіранні за сваёй дачкой і яе маладзёжным асяроддзем, а яшчэ паказала сувязь паміж дзвюма дзяржаўнымі мовамі: “Работа над тэмай эсэ ў Пушкінскім конкурсе ўмацавала мяне ў думцы аб тым, што любоў да нашай роднай мовы, беларускай, мілай і гучнай, ніколькі не засланяе прыгажосць, багацце і каштоўнасць рускай мовы, якой у нашай краіне заўсёды знойдзецца годнае месца”, — расказала Ірына Пятроўна.

Уладзімір Піліпавіч Лайкоў — выкладчык рускай мовы і літаратуры Мётчынскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Барысаўскага раёна. Сёлета ён удзельнічаў у конкурсе другі раз. Уладзімір Піліпавіч назваў сваё эсэ радкамі верша Яўгенія Еўтушэнкі “Давайце, хлопчыкі”. І расказаў аб тым, што ён захапіўся мовамі і пранікся да іх любоўю дзякуючы сваім школьным настаўнікам — Івану Дзмітрыевічу Антонаву і Івану Ісакавічу Рабкову, а таксама незабыўным лекцыям Алеся Адамовіча, якія ён слухаў падчас вучобы на філфаку. І сам стараецца сёння быць такім педагогам, дзякуючы якому дзеці адкрываюць для сябе прыгажосць і прыцягальнасць мовы і літаратуры. Верагодна, і праз многа гадоў навучэнцы будуць успамінаць “Сіманаўскія тыдні”, прысвечаныя творчасці Канстанціна Сіманава, што праводзяцца ў школе, і іншыя цудоўныя літаратурныя мерапрыемствы. Уладзімір Піліпавіч у сваім эсэ піша, што метавіта гэтыя хлопчыкі возьмуць эстафету і самі стануць прапагандыстамі прыгожага і вытанчанага ў мове і літаратуры.

Журы Пушкінскага конкурсу заўсёды падкрэслівае, што залогам перамогі ў конкурсе могуць стаць толькі асабістыя разважанні і думкі педагогаў, адкрытасць і шчырасць. Менавіта гэтым і скарылі суддзяў нашы беларускія канкурсанты.

Дар’я РЭВА.