У 2019 годзе перапіс насельніцтва Беларусі будзе сумешчаны з сельскагаспадарчым перапісам. Аб гэтым паведаміла на прэс-канферэнцыі старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна Мядзведзева.
У перапісны ліст будзе ўключаны асобны раздзел па сельскай гаспадарцы, адзначыла кіраўнік Белстата.
“Рэспубліка Беларусь не правяла ніводнага сельскагаспадарчага перапісу. Гэта вельмі дорага, таму было вырашана сумясціць два перапісы, — сказала Іна Мядзведзева. — Адзін з апытальнікаў будзе тычыцца сельскагаспадарчай дзейнасці па раслінаводстве і жывёлагадоўлі. Атрыманыя даныя дадуць магчымасць Белстату палепшыць ацэнку валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі як галіновага элемента ўкладу ў ВУП”.
Пытанні будуць максімальна простыя: аб плошчы пад сельгаскультурамі, наяўнасці жывёлы, кустовых насаджэнняў і інш. “Па гэтым апытальніку з намі працуе камісія харчовай і сельскагаспадарчай Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ФАО)”, — дадала кіраўнік Белстата.
“Даныя перапісу будуць выкарыстаны толькі для мэт Белстата — для разліку статыстычных паказчыкаў. Ніякіх падатковых, кантрольных мерапрыемстваў па выніках перапісу не будзе”, — падкрэсліла старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта.
“Новаўвядзеннем перапісу-2019 з’яўляецца поўная адмова ад папяровых носьбітаў, выкарыстанне планшэтных камп’ютараў у мэтах аўтаматызацыі ўводу даных і падключэння сістэмы кантролю, — адзначыла кіраўнік Белстата. — Гэта дасць магчымасць забяспечыць высокую якасць запаўнення перапісных лістоў”.
Паводле яе слоў, вядзецца работа з Нацыянальным банкам па магчымасці запаўнення перапісных лістоў і іх перадачы праз інтэрнэт.
“Прэзідэнтам пастаўлена задача максімальнага выкарыстання рэгістраў пры правядзенні перапісу, — нагадала Іна Мядзведзева. — Ва ўсе перапісныя лісты ўжо будзе загружана інфармацыя з рэгістра насельніцтва, Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва і іншых рэгістраў, якія існуюць у рэспубліцы. Гэта скароціць час на запаўненне перапіснога ліста”.
Асноўная задача перапісу — атрымаць неабходную інфармацыю аб насельніцтве для распрацоўкі напрамкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, правядзення дэмаграфічных і сацыяльных даследаванняў, прагназавання колькасці складу насельніцтва, аптымальнага размеркавання і выкарыстання працоўных рэсурсаў.