Прысваенне ганаровага звання “Школа міру” сярэдняй школе № 1 Шчучына стала знакавай падзеяй у жыцці ўстановы адукацыі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Як адзначыла намеснік начальніка аддзела адукацыі Шчучынскага райвыканкама Жанна Іванаўна Мецько, не выпадкова менавіта сярэдняя школа № 1 Шчучына першай у раёне атрымала такі статус:
— Гэта ўстанова, дзе асаблівая ўвага ўдзяляецца патрыятычнаму выхаванню, дзе працуе цэнтр дапрызыўнай падрыхтоўкі для навучэнцаў усяго раёна і дзейнічае валанцёрскі атрад. Яна заўсёды прымае ўдзел у мерапрыемствах патрыятычнай накіраванасці. Думаю, статус Школы міру надасць агранку ўсяму, што робяць педагогі і навучэнцы менавіта пад эгідай ідэй міру і стварэння.
Навучэнцы школы разам з начальнікам аддзела адукацыі Шчучынскага райвыканкама П.В.Тарчынскім і намеснікам дырэктара сярэдняй школы № 1 Шчучына В.Ч.Налівайка
— Прааналізаваўшы зробленае ў духоўна-маральным і грамадзянска-патрыятычным напрамках, што і лічыцца прыярытэтным для Школ міру, мы вырашылі падаць заяўку на ўдзел у праекце “Сетка Школ міру ў Рэспубліцы Беларусь”. Падтрымаў нас аддзел адукацыі Шчучынскага райвыканкама, — расказала дырэктар сярэдняй школы № 1 Шчучына Марына Паўлаўна Адашчык. — Вырашылі, што першапраходцамі ў гэтай дзейнасці стануць 8-я класы. Там вельмі ініцыятыўныя класныя кіраўнікі: настаўніца беларускай мовы і літаратуры рэдактар школьнай газеты Ганна Станіславаўна Арашкевіч і настаўніца англійскай мовы Таццяна Чаславаўна Бадзюкова, якая ўзначальвае раённы інтэлектуальны клуб. Яны выхоўваюць такіх жа захопленых дзяцей. Дапамогу ў пашыве формы для школьнікаў аказаў наш сацыяльны партнёр Шчучынская МПМК-167.
У статусе Школы міру ўстанова адукацыі ўжо ўключылася ў праект “Вязні Беларусі”. Юныя міратворцы будуць шукаць людзей, якія прайшлі праз цяжкія выпрабаванні, і запісваць іх успаміны.
— Наша школа — адна з найстарэйшых устаноў адукацыі Шучынскага раёна, педагогі розных пакаленняў заклалі глыбокія традыцыі ў фарміраванні духоўна-маральных і грамадзянска-патрыятычных асноў асобы, — падкрэсліла Марына Адашчык. — Наш абавязак — прадаўжаць гэтыя традыцыі і падмацоўваць іх сапраўднымі справамі. Тым больш што нам ёсць кім ганарыцца і на каго раўняцца. Перш за ўсё гэта настаўнікі, якія прыйшлі ў школу з фронту і мелі баявыя ўзнагароды. Звесткі пра іх лёс сабраны ў школьным музеі баявой славы, якому ў 2014 годзе рашэннем калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь было прысвоена званне народнага.
На сённяшні дзень музей баявой славы налічвае больш за 1700 экспанатаў, сярод якіх ёсць каштоўныя дакументы. На яго базе праводзяцца цікавыя музейныя заняткі “Лісты з фронту” для навучэнцаў устаноў адукацыі Шчучына і ўсяго раёна. Разглядваючы сапраўдныя трохвугольныя лісты ваенных гадоў, дзеці даведваюцца, як яны прыходзілі з фронту, пра што ў іх пісалі. А потым таксама пішуць ветэранам падзячныя лісты і складваюць іх трохвугольнікам. Распрацоўка гэтых музейных заняткаў была ўдастоена дыплома I ступені рэдакцыі выдання “Беларускі гістарычны часопіс”.
У музеі таксама дзейнічае экспазіцыя “Генацыд беларускага народа. Злачынства супраць жыцця”. У 2024 годзе музей прыняў удзел у праекце “Школьны музей Перамогі” рэспубліканскага канала “Беларусь 3”.
У 2020 годзе на базе ўстановы адукацыі быў адкрыты міжшкольны цэнтр па дапрызыўнай падрыхтоўцы юнакоў, які дапамагае навучэнцам іншых устаноў адукацыі раёна атрымліваць якасную падрыхтоўку да прызыву ва Узброеныя Сілы Беларусі, а таксама спрыяе выхаванню мэтанакіраванай, таленавітай, адданай Радзіме моладзі. Цэнтр актыўна ўзаемадзейнічае з ваенным камісарыятам Шчучынскага раёна і са 116-й Гвардзейскай Радамскай Чырванасцяжнай штурмавой авіяцыйнай базай Ліды.
— Мы ганарымся супрацоўніцтвам з авіяцыйнай базай. Лётчыкі часта бываюць у нашай школе і дапамагаюць юнакам вызначыцца з будучай прафесіяй. У выніку штогод выпускнікі паступаюць ва ўстановы вышэйшай адукацыі на ваенныя спецыяльнасці, у прыватнасці ў Ваенную акадэмію. І, безумоўна, такія сувязі садзейнічаюць грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню дзяцей. Наша школа з’яўляецца ініцыятарам правядзення міжшкольных ваенна-спартыўных гульняў “Армейскі марафон”, — адзначыла Марына Адашчык.
Ваенна-патрыятычны клуб “Айчына” аб’яднаў навучэнцаў 9—11 класаў. Шмат гадоў са старшакласнікамі займаўся Віктар Іванавіч Ляштаеў, і не толькі ў клубе, вёў дапрызыўную падрыхтоўку, з’яўляўся кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні. Члены клуба заўсёды ў першых радах на мерапрыемствах патрыятычнай накіраванасці, не раз заваёўвалі прызавыя месцы ў гульні “Зарніца”.
Актыўна працуе валанцёрскі атрад “Твой выбар”. Школьнікі аказваюць дзейсную дапамогу ветэранам працы, пажылым людзям. Ды і біяграфіі сваіх прадзедаў дзеці добра ведаюць, 9 Мая з гордасцю выходзяць на парад з іх партрэтамі.
У школе акцэнт робіцца на спартыўна-патрыятычным выхаванні, таму вялікая ўвага ўдзяляецца развіццю ў дзяцей спартыўных здольнасцей. З 2015 года набіраліся спецыялізаваныя спартыўныя класы, а на працягу апошніх трох гадоў — профільныя спартыўна-педагагічныя групы. У 2022 годзе з 5 выпускнікоў гэтага профілю трое паступілі на факультэт фізічнай культуры ГрДУ імя Янкі Купалы.
У апошнія гады значна змянілася спартыўная база ўстановы адукацыі. У 2020 годзе адкрыты стралковы цір, дзе займаюцца навучэнцы не толькі школы, але і іншых устаноў адукацыі раёна. Тут жа праходзяць раённыя спаборніцтвы. У 2022 годзе, дзякуючы ўдзелу ў раённым кірмашы маладзёжных ініцыятыў і рэалізацыі ў яго межах праекта “Баскетбол як спосаб змяніць лад жыцця да лепшага”, сучасны выгляд набыла баскетбольная пляцоўка. Больш за 30 тысяч рублёў на гэтыя мэты выдзелілі спонсары. Летась у выніку ўдзелу ў рэспубліканскім праекце “Bonfesto — дзецям” сумесна з Беларускай федэрацыяй футбола на стадыёне школы было адкрыта новае футбольнае поле з цвёрдым пакрыццём.
Педагогі ганарацца поспехамі сваіх навучэнцаў. У мінулым навучальным годзе на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі дыплом I ступені атрымала Настасся Жук і дыплом III ступені — Кацярына Жук. Сёстры-блізняты займаюцца ў педагога Вольгі Уладзіміраўны Балобан. Дзяўчынкі захоплены біялогіяй, на працягу апошніх гадоў былі прызёрамі абласнога этапу алімпіяды. Летась навучэнка 10 класа Паліна Цыбульская была ўдастоена стыпендыі Гродзенскага абласнога аддзялення Беларускага фонду міру.
— У перспектыве мы плануем развіваць такія напрамкі, як захаванне гістарычнай памяці аб подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, павышэнне ролі сям’і ў выхаванні падрастаючага пакалення. Прадоўжыцца рэалізацыя розных адукацыйных і культурных праграм, якія таксама накіраваны на захаванне гісторыка-культурнай спадчыны, падтрымку адораных дзяцей, — падкрэсліла кіраўнік установы адукацыі.
Ірына АНІКЕВІЧ
Фота аўтара і з архіва школы