STEM-цэнтраў на карце краіны ўжо больш за дзясятак, а не так даўно ўзнік яшчэ адзін, асаблівы. Першы ў Беларусі STEAM-цэнтр пачаў дзейнічаць у Дуброўне на базе сярэдняй школы № 2.
Дадатковая літара А ў яго назве абазначае Art — “творчасць”, самы новы і актуальны кампанент STEAM-адукацыі. Як педагогі плануюць спалучаць мастацтва і інжынерыю, тонкія матэрыі з дакладнасцю матэматычных формул, мы спыталі ў супрацоўнікаў новага цэнтра і экспертаў.
“Усё пачалося з матэрыялу ў “Настаўніцкай газеце”, з якога я і мае вучні даведаліся, што асацыяцыя “Адукацыя для будучыні” праводзіць конкурс “Хачу вучыцца ў STEM-класе”, — піша ў сваім лісце ў рэдакцыю настаўніца інфарматыкі сярэдняй школы № 2 Дуброўна Вікторыя Валер’еўна Карнеева. — Заінтрыгавала не знаёмая нам на той момант абрэвіятура STEM. Мы пачалі працаваць над конкурснымі матэрыяламі, бо захацелі зразумець яе значэнне і паспрабаваць рэалізаваць практыка-арыентаваны праект у гэтым кірунку”.
Нагадаем: па ўмовах конкурсу, кожная школа магла выйграць STEM-клас з абсталяваннем для робататэхнікі і праграмавання. Каб пазмагацца за адзін з 10 класаў, патрэбна было распрацаваць
STEM-заняткі — урок з элементамі даследавання, міжпрадметнымі сувязямі і г.д.
“На конкурс мы прадставілі матэрыялы STEAM-заняткаў аб’яднання па інтарэсах прыродазнаўча-матэматычнага профілю адукацыйнай галіны “Робататэхніка”, — працягвае Вікторыя Валер’еўна. — Падчас яго вучні сканструявалі і запраграмавалі робатаў, якія ў залежнасці ад колеру паверхні прадмета ўзнаўлялі пэўную ноту з музычнай гамы. Яны стварылі ансамбль, дзе робаты разам з вучнямі, што ігралі на сапраўдных музычных інструментах, выконвалі беларускія народныя дзіцячыя песні. Каб выканаць гэтую задачу, нам давялося карыстацца ведамі і ўменнямі з розных вучэбных прадметаў: матэматыкі, фізікі, біялогіі, выяўленчага мастацтва, музыкі, інфарматыкі, робататэхнікі. Мы вельмі ганарымся тым, што наша праца атрымала высокую ацэнку і мы ўвайшлі ў дзясятку пераможцаў”.
***
Прыз конкурсу “Хачу вучыцца ў STEM-класе” — гэта не проста сродкі на адкрыццё камп’ютарнага цэнтра. Многім удзельнікам ён даў яшчэ і магчымасць супрацоўнічаць з ІТ-кампаніямі, якія гатовы ўкладваць час і намаганні ў развіццё новага пакалення. Так, конкурсным урокам дубровенскай школы зацікавілася кампанія Gismart — беларуска-брытанскі распрацоўшчык музычных дадаткаў і гульняў. Яе зацікавіла аб’яднанне творчасці і дакладных навук у праекце Вікторыі Валер’еўны, і кампанія захацела стаць спонсарам і куратарам гэтага STEM-класа, дакладней — STEAM-акадэміі.
Вікторыя Валер’еўна раней выкладала не толькі інфарматыку, але і сусветную мастацкую культуру, а першая адукацыя ў яе — гуманітарная. Таму цалкам лагічна, што ёй прыйшла ідэя стварыць не проста STEM-клас, а STEAM-акадэмію (па аналогіі з акадэміяй мастацтваў). Па задумцы, у ёй дзеці займаюцца не ў групах, а ў творчых студыях: вывучаюць робататэхніку ў студыі “Дэталька”, малююць на графічных планшэтах у студыі “Піксель” — усяго педагог запланавала зрабіць 12 студый. Першыя 4 пачнуць дзейнасць адразу (першая з іх — студыя “Нотка”, дзе дзеці будуць пісаць лічбавую музыку), астатнія — пасля.
Калі план быў складзены, пачалася падрыхтоўка адведзенага пад акадэмію кабінета. На дапамогу прыйшоў Дубровенскі льнозавод, які за свой кошт зрабіў рамонт для школьнікаў. Хутка клас быў гатовы прыняць першых творцаў.
STEAM-акадэмія расчыніла свае дзверы напярэдадні летніх канікул. Адкрылася, як гэта і мусіць быць у творчым цэнтры, канцэртам — робататэхнічным прадстаўленнем з лічбавай музыкай, якую напісалі вучні, а выконвалі 8 сканструяваных школьнікамі робатаў. Таксама робаты пелі, танцавалі і нават правялі флэшмоб з гледачамі.
***
Тое, што цэнтр адкрыўся ў канцы навучальнага года, зусім не азначае, што прыйдзецца чакаць заняткаў да верасня. У чэрвені кампанія Gismart запрасіла навучэнцаў STEAM-акадэміі да сябе ў офіс на майстар-клас. Яе супрацоўнікі разумеюць, што прафінансаваць абсталяванне — гэта толькі маленькая частка таго, што яны могуць даць школьнікам. Куды больш каштоўныя веды і вопыт, якімі кампанія гатова дзяліцца з дзецьмі.
Падчас сустрэчы дзецям паказалі, як жыве ІТ-кампанія, і дапамаглі паглыбіцца ў праграмаванне і музычную тэорыю. Заняткі ў офісе Gismart правялі дырыжор і музыкант Марыя Калеснікава і выкладчык робататэхнікі Аксана Букіна. Пад наглядам Марыі дзеці азнаёміліся з правіламі ігры аркестра і самі стварылі музычны твор, іграючы на ўсім, што знайшлося пад рукой.
А Аксана абмеркавала з імі асноўныя паняцці з робататэхнікі, дапамагла сфарміраваць агульнае ўяўленне пра алгарытмы.
Экскурсія ў офіс паклала пачатак першаму STEAM-праекту школьнікаў і супрацоўнікаў кампаніі. Разам яны збіраюцца арганізаваць сапраўдны аркестр з робатаў. Шумавы аркестр будзе іграць на пластыкавых бутэльках, паперы і ўсім, што можа ствараць гук. Актыўная работа над праектам пачнецца ў жніўні. Пакуль толькі самыя зацікаўленыя вучні займаюцца з Вікторыяй Валер’еўнай па электроннай пошце. А яна ў сваю чаргу плануе ўжо наступныя праекты:
— У Дуброўне ёсць незвычайны музычны інструмент — гліняная свістулька, не падобная да тых, што сустракаюцца ў іншых рэгіёнах. Аддзел культуры зараз нават збірае матэрыялы, каб тэхналогію вырабу нашай свістулькі прызналі нематэрыяльнай каштоўнасцю, — расказала Вікторыя Валер’еўна. — Мы з дзецьмі пісалі ўжо даследчую работу пра гэты інструмент і хацелі б працягнуць работу з ім. Кампанія Gismart таксама зацікавілася ідэяй і прапанавала зрабіць у асяроддзі праграмавання Scrаtch музей гукаў: спярша там можна будзе толькі паслухаць гэтую свістульку, а з часам — напісаць цэлую мелодыю, выкарыстоўваючы запісаныя гукі інструментаў.
І гэта толькі пачатак. Наперадзе — шмат цікавых праектаў, якія школа рэалізуе разам са сваім новым партнёрам, а асацыяцыя — яшчэ і з іншымі ўстановамі адукацыі.
Пра STEAM
Альберт Эйнштэйн лічыў, што адзін з паказчыкаў праўдзівасці навуковай тэорыі — гэта яе эстэтычная прывабнасць. Навуцы і тэхніцы не чужыя прыгажосць і вытанчанасць. Таму рынку працы патрэбны не проста тэсціроўшчыкі і распрацоўшчыкі, а творцы, якія ўмела аб’ядноўваюць інжынерыю і мастацтва. Спалучэнне тэхнічных і гуманітарных ведаў на рынку працы называюць гібрыднымі навыкамі, у найбліжэйшы час менавіта яны будуць запатрабаваны ва ўсіх інтэлектуальных прафесіях.
Адсюль і ідэя развіваць art-кампанент у STEAM-падыходзе да адукацыі. Аrt азначае, што ў заняткі будуць уводзіцца элементы творчасці. Гэта пашырае кругагляд і развівае крэатыўнасць, вучыць крытычна мысліць, бачыць рэчы і падзеі з розных бакоў. Менавіта багацце ўяўленняў пра свет і здольнасць шукаць нечаканыя рашэнні дапаможа сённяшнім школьнікам у будучыні ствараць прарыўныя тэхналогіі.
Яшчэ адна перавага STEAM-падыходу — пазітыўнае ўздзеянне на псіхалагічны стан дзяцей і падлеткаў. Мастацтва развівае эмацыянальны інтэлект — дапамагае разумець сябе і іншых, больш свядома падыходзіць да сваіх пачуццяў і кантраляваць іх.
Нарэшце, art-кампанент заклікае да самавыражэння і выхоўвае актыўнага творцу.
Пра спалучэнне музыкі і матэматыкі мы спыталі музыканта, дырыжора і педагога Марыю Калеснікаву (Штутгарт, Германія).
— Марыя, вы правялі майстар-клас па музыцы для будучых інжынераў і праграмістаў. Навошта ім?
— Гэтае пытанне было б цікава задаць Альберту Эйнштэйну, які ўсё жыццё іграў на скрыпцы і час ад часу выконваў студэнтам на занятках санаты Моцарта. Ён лічыў, што часам такая музыка можа даць студэнтам больш, чым лекцыя.
Калі ІТ-кампанія падтрымлівае і развівае STEM-адукацыю — гэта натуральна. А вось каштоўнасць art-кампанента не відавочная. Але ж менавіта мастацтва вучыць нас ствараць новае.
Навучанне ігры на музычных інструментах актывізуе мозг. Падчас развучвання новага твора адбываецца адначасовая складаная работа розных аддзелаў галаўнога мозга. Як вынік — развіваюцца памяць, фантазія, увага, пачуццё адказнасці, арганізаванасць. А ігра ў ансамблі ці аркестры паляпшае камунікатыўныя навыкі, soft skills.
— Але на майстар-клас прыйшлі “нулявыя” дзеці: большасць з іх не вывучала музыку нідзе, акрамя школьных урокаў. Як з імі займацца, каб пасля яны змаглі сабраць аркестр?
— Я пераканана, што музыка, як і любое дасягненне цывілізацыі, належыць нам усім без выключэння. Немузыкальных людзей няма. З такой устаноўкай прасцей працаваць з вучнямі любога ўзросту і рознага ўзроўню падрыхтоўкі.
З выхаванцамі STEAM-акадэміі мы займаліся некалькі гадзін запар. Разгледзелі паняцці музыкі, мелодыі, навучыліся нотнаму запісу — музычнаму коду, вывучылі розныя віды графічных партытур, пагаварылі пра аркестр, ролю дырыжора і музыкантаў у ім. Зразумела, праслухалі і прааналізавалі шмат музыкі. А пасля напісалі ўласны твор з дакладнай структурай, логікай развіцця і кульмінацыяй. Ён выконваецца на “шумавых інструментах”: пластыкавым посудзе, цвіках, лыжках, металічных банках, шчотках… Мы нават вынайшлі новы спосаб нотнага запісу! Пасля гэты твор выканаюць LEGO-робаты, якіх запраграмуюць дзеці.
Падчас майстар-класа мяне здзівілі таленавітыя і захопленыя дзеці, цудоўныя педагогі, з якімі лёгка і хутка атрымалася пачаць гэты складаны праект — STEAM-акадэмію. Гэта цудоўны прыклад паспяховай кааперацыі бізнесу і школы.
Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота з архіваў кампаніі Gismart (аўтар — Уладзімір ДАБРЫЯН) і Марыі Калеснікавай.