Першыя крокі да інфарматыкі

- 11:31Выхаваўчая прастора

Сур’ёзныя рэчы можна вывучаць гуляючы. Напрыклад, вызначаць прыметы чаго-небудзь з выкарыстаннем лагічнага адмаўлення. І выхаванцы старшых груп ясляў-сада № 40 Ліды з такой задачай выдатна спраўляюцца. Гэтым звычайным дзецям незвычайна пашанцавала — яны сталі ўдзельнікамі пілотнага адукацыйнага праекта “Інфарматыка без разеткі” ў рамках рэалізацыі рэспубліканскага праекта “Праграмаванне — другая пісьменнасць” Парка высокіх тэхналогій.

Яслі-сад наведалі дырэктар адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій Усевалад Янчэўскі і намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Кадлубай. Гасцям прадэманстравалі, як дзеткі робяць першыя крокі ў праекце, галоўнай мэтай якога з’яўляецца развіццё алгарытмічнага лагічнага мыслення і логікі ў дзяцей старэйшага дашкольнага ўзро­сту як аснова падрыхтоўкі іх да вывучэння інфарматыкі і фарміравання інтэлектуальнай гатоўнасці да навучання на першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі.

— Першапачаткова для ўдзе­лу ў праекце мы запрасілі 30 дзетак, — расказвае загадчык ясляў-сада № 40 Ліды Вера Стэфановіч. — Правялі псіхалагічную дыягностыку выхаванцаў, абмеркавалі сваю дзейнасць у гэтым кірунку на педагагічным савеце. Потым на бацькоўскім сходзе, тэму якога абазначылі як “Значэнне развіцця алгарытмічнага мыслення для дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту”, растлумачылі мамам і татам ідэі праекта і яго мэты. А сёння ў нас займаецца ўжо 45 дзяцей. І такое павелічэнне адбылося па просьбах бацькоў, якія ўбачылі добрыя перспектывы для развіцця іх дзяцей, сучасныя метады навучання.

Выхавальнікі Вольга Банцэвіч, Вольга Вельб, Алена Валынец, Кацярына Грынкевіч і самі спачатку вучыліся, каб працаваць па новых методыках. Навізна праекта ў тым, што ва ўстановах дашкольнай адукацыі краіны адсутніча­юць агульнаадукацыйныя праграмы па вывучэнні інфарматыкі без выкарыстання камп’ютара. Заняткі ў праекце пабудаваны з выкарыстаннем розных схем і алгарытмаў, якія развіваюць алгарытмічнае і лагічнае мысленне, так неабходнае для асваення сучасных інфармацыйных тэхналогій.

— Дзеткі займаюцца два разы на тыдзень па 30 мінут па пра­граме праекта, — расказвае Алена Валынец. — Работа вядзецца ў гульнявой форме. Дзеткі рашаюць лагічныя задачы і разгадва­юць крыжаванкі, пішуць графічныя дыктоўкі і канструююць з LEGO. Тэмы заняткаў: “Дакладна — ня­правільна”, “Адмаўленне па аналогіі”, “Сапраўднае — ілжывае” і г.д. Усё гэта дапамагае фарміра­ваць у выхаванцаў лагічнае мысленне, павышае іх інтэлектуальны ўзровень.

На заняткі і дзеці, і выхавальнікі надзяваюць спецыяльныя майкі з эмблемамі праекта і коцікам Алесікам, якія падарыў Парк высокіх тэхналогій. Ад парка атрыманы метадычныя дапаможнікі, абсталяванне для заняткаў. А яшчэ выява Алесіка з’яўляецца ў блакнотах дзяцей, калі яны самі ставяць сабе адзнакі пасля заняткаў. І адзнакі гэтыя заў­сёды вельмі станоўчыя.

Ганаровыя госці, а таксама за­прошаныя на адкрытыя заняткі праекта супрацоўнікі дашкольных устаноў Лідскага раёна і бацькі дзетак пазнаёміліся з тым, чаму выхаванцы навучыліся за невялікі час. Праект стартаваў у верасні.

Дырэктар адміністрацыі Парка высокіх тэхнологій Усевалад Янчэў­скі адзначыў, што ПВТ рэалізоўвае шмат адукацыйных праектаў і работа з маленькімі дзецьмі (пачынаючы з узросту 5—6 гадоў) бу­дзе працягвацца, будуць укараняцца новыя методыкі, нестандартныя падыходы, каб дзецям было цікава. Намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай дадаў, што важнасць пілотнага адукацыйнага праекта “Інфарматыка без разеткі” яшчэ і ў тым, што ў ім выкарыстоўваюцца здароўезберагальныя тэхналогіі, што спецыялісты сістэмы дашкольнай адукацыі, якія задзейнічаны ў ім, не толькі карыстаюцца распрацоўкамі Парка высокіх тэхналогій, але і ствараюць свае метадычныя матэрыялы.

Праект рэалізоўваецца ў трох дашкольных установах Оршы, у адной — у Мінску і ў дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці пасёлка Дзітва Лідскага раёна. Загадчыца ДЦРД Іаланта Багатка таксама гаворыць пра вялікую зацікаўле­насць дзяцей і іх бацькоў у праекце.

— Наш цэнтр з 2013 года ўдзель­нічае ў інавацыйных праектах, таму з задавальненнем прынялі прапанову ўвайсці ў пілотны праект Парка высокіх тэхналогій, — гаворыць Іаланта Зігмунтаўна. — Курс “Інфарматыка без разеткі” дазволіць таксама забяспечыць бесперапыннасць дашкольнай і першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі па навучанні асновам інфар­матыкі.

У планах работы рэсурснага цэнтра ясляў-сада № 40 Ліды па рэалізацыі пілотнага праекта “Інфарматыка без разеткі” правядзенне адкрытых заняткаў для педагогаў і бацькоў, групавы баць­коўскі сход “Навучаемся ў гульні”, круглы стол з удзельнікамі праекта па тэме “Асноўныя падыходы да развіцця лагічнага мыслення ў дзяцей старэйшага дашкольнага ўзро­сту праз работу ў гуртку “Інфар­матыка без разеткі”. Некалькі разоў на працягу года будзе праведзена псіхолага-педагагічная дыягностыка дзяцей. А каб вынікі ўсіх парадавалі, выхаванцы ясляў-сада атрымалі ў падарунак ад ПВТ новыя развіццёвыя гульні.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.