Першыя крокі ў настаўніцтва

- 11:01Навіны рэгіёнаў, Рознае

Калі вы ўжо вопытны настаўнік, паспрабуйце зараз успомніць сваё першае працоўнае месца і першыя ўрокі ў незнаёмых класах. Хутчэй за ўсё, вас перапаўняла хваляванне, у галаве круцілася мноства думак і, канечне, не давалі спакою галоўныя пытанні: чаго чакаюць ад вас дзеці і як апраўдаць іх чаканні? Да гэтага дабаўлялася мноства асабістых пытанняў. А разам усе гэтыя эмоцыі і пачуцці падмацоўваліся адаптацыяй, уліваннем у калектыў.

Наогул, першыя крокі ў прафесіі заўсёды няпростыя. Для настаўніка — асабліва, таму што ён працуе з дзецьмі. Добра, калі ў пачатку прафесійнага станаўлення побач аказваецца старэйшы калега, гатовы дапамагчы і падтрымаць. Зараз нават існуе правіла: за маладым спецыялістам, калі ён прыходзіць працаваць у школу ці дзіцячы сад, абавязкова замацоўваюць вопытнага педагога, які павінен дапамагаць першыя часы. У Чыгуначным раёне Гомеля пайшлі далей. Штогод у пачатку верасня начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Ірына Казімірава сустракаецца з маладымі спецыялістамі, якія прыйшлі на працу ў падначаленыя ёй установы адукацыі. Днямі адбылася чацвёртая па ліку такая сустрэча. Гэта значыць, што мерапрыемства стала добрай традыцыяй.

Верасень для педагагічнай моладзі — месяц асвойвання: маладых педагогаў знаёмяць з сістэмай адукацыі раёна, яе дасягненнямі, ставяць перад імі пэўныя задачы. Так, паступова, маладыя настаўнікі пераходзяць ад тэорыі да практыкі. Паралельна спецыялісты аддзела і адміністрацыя ўстановы адукацыі тлумачаць аспекты працы і прафесійных патрабаванняў, адказваюць на пытанні, дапамагаюць вырашаць праблемы.

У Чыгуначным раёне працуе больш за 2,5 тысячы педагогаў. А ў гэтым навучальным годзе іх рады папоўніла амаль сто маладых спецыялістаў. Як адзначыла Ірына Раманаўна, добрую дапамогу ў камплектаванні педагагічных калектываў устаноў раёна аказаў Лоеўскі педагагічны каледж, з якога на працу прыбылі 12 маладых настаўнікаў і выхавальнікаў.

Актавую залу гомельскай сярэдняй школы № 30, дзе праходзіла сустрэча, напоўнілі ўчарашнія студэнты, якія сёння ўжо дыпламаваныя спецыялісты.

— Я ведаю, што ў многім ад таго, як у вас будуць складвацца справы на першым працоўным месцы, залежыць, ці застаняцеся вы працаваць у нашых школах і дашкольных установах і ці застаняцеся вы ў прафесіі, — звярнулася да пачынаючых настаўнікаў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Ірына Казімірава. — Зразумела, я вельмі хачу, каб вы заставаліся ў нашых радах. Менавіта таму ўжо чатыры гады запар я сустракаюся з маладымі спецыялістамі, каб у фармаце адкрытага дыялогу ў самым пачатку вырашыць асноўныя пытанні, якія вас хвалююць.

Разам з начальнікам на сустрэчу прыйшлі супрацоўнікі аддзела, якія растлумачылі прынцып фарміравання заработнай платы маладога спецыяліста-настаўніка і адказалі на пытанні адносна жылля.

З дзейнасцю галіновага прафсаюза моладзь пазнаёміла старшыня Чыгуначнай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Таццяна Стрыжак. Яна адзначыла, што прафсаюз у жыцці кожнага педагога — гэта не толькі цікавае правядзенне вольнага часу, але і падтрымка, абарона правоў і інтарэсаў у працоўнай дзейнасці.

У самым пачатку сустрэчы Таццяна Фёдараўна папрасіла маладых спецыялістаў запоўніць распрацаваныя ёй анкеты.

— Калі я абагульню даныя апытання, а яно накіравана на вывучэнне меркаванняў маладых спецыялістаў аб гатоўнасці да прафесійнай дзейнасці і аб створаных умовах на першым працоўным месцы, мы будзем ведаць, дзе ёсць прабелы і ў якім напрамку неабходна рухацца, — растлумачыла прафсаюзны лідар.

У анкеце, дарэчы, разам з іншымі было і пытанне наконт планаў на далейшую працоўную дзейнасць. Апытанне было ананімным, таму адказы былі шчырыя. Нехта мае намер удасканальвацца ў прафесіі, павышаць кваліфікацыю і рабіць педагагічную кар’еру, іншыя імкнуцца атрымаць дадатковую спецыяльнасць у галіне адукацыі. На жаль, ёсць і тыя, хто ўжо ў першыя дні настаўніцтва плануе пакінуць сферу пасля адпрацоўкі.

Прыемна, што і я як прадстаўнік “Настаўніцкай газеты” была запрошана на сустрэчу і мела магчымасць расказаць маладым педагогам пра наша выданне, запрасіць да супрацоўніцтва і, зразумела, сказаць маладым настаўнікам слова на прафесійную дарогу. А Ірына Казімірава адзначыла, што дасць даручэнне кіраўнікам устаноў адукацыі прэміраваць сёлетніх маладых спецыялістаў, каб яны мелі магчымасць выпісаць для сябе сваё прафесійнае выданне. “У вас будзе цэлы квартал, каб пазнаёміцца са сваёй газетай і стаць яе пастаяннымі чытачамі”, — сказала яна. Яшчэ больш прыемна, што напрыканцы мерапрыемства маладыя людзі падыходзілі, цікавіліся выданнем, задавалі пытанні.

Углядаюся ў твары маладых настаўнікаў. Радасна, што большасць з іх — невыпадковыя людзі ў настаўніцтве. Калі бачыш, што гараць іх вочы і яны напоўнены не прэтэнзіямі і незадаволенасцю, а чаканнем новага і прыемнага, ёсць надзея, што педагогіка хутка ўздымецца на новы ўзровень.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.