Першыя крокі ў свет прафесій

У сучасным свеце шмат розных прафесій. Як зрабіць правільны выбар? Як знайсці любімую справу на ўсё жыццё? Адказы на гэтыя пытанні хвалююць не толькі дзяцей і бацькоў. Падрыхтоўка вучняў да ўсвядомленага выбару будучай прафесіі — адзін з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці нашай школы.

Педагогі добра разумеюць, што работу па выяўленні і развіцці прыродных задаткаў дзяцей, іх прафарыентацыі неабходна пачынаць ужо ў пачатковых класах. Канечне, малодшыя школьнікі яшчэ далёкія ад выбару прафесіі, але правільна арганізаваная дзейнасць — надзейны падмурак, на якім будуць развівацца прафесійныя інтарэсы і намеры хлопчыкаў і дзяўчынак у старшых класах. Прафарыентацыйная работа ў гэты час заключаецца пераважна ў прафесійнай асвеце дзяцей і абуджэнні ў іх цікавасці да розных відаў працоўнай дзейнасці. Школьнікаў неабходна паступова ўводзіць у вялікі свет прафесій, вучыць арыентавацца ў ім і ўлічваць, што дзеці запамінаюць пакуль толькі самае яркае, уражлівае і кідкае.

Знаёмлю вучняў са светам прафесій як мага раней. З першых дзён вучобы імкнуся данесці важнасць і значнасць працы людзей, якія штодзень нас акружаюць: кухара, тэхработніка, настаўніка, дворніка.

Праводжу прафарыентацыю ва ўрочны і пазаўрочны час. На ўсіх занятках падкрэсліваю значнасць вучэбнай і працоўнай дзейнасці, выхоўваю адказнасць за сваю работу. Так, на ўроках рускай і беларускай мовы дзеці пішуць словы, сказы і тэксты, звязаныя з рознымі прафесіямі. Вывучаючы прадмет “Чалавек і свет”, хлопчыкі і дзяўчынкі знаёмяцца з прафесіямі ў розных галінах вытворчасці і сельскай гаспадаркі. Творчыя дысцыпліны (музыка, выяўленчае мастацтва і працоўнае навучанне) знаёмяць дзяцей з прафесіямі музыканта, дырыжора, мастака, архітэктара, швачкі і інш. На ўроках шырока выкарыстоўваю наглядныя матэрыялы (карцінкі, фотаздымкі, буклеты, плакаты і прадметы), звязаныя з пэўнымі прафесіямі.

Адаптавацца ў свеце прафесій дзецям дапамагаюць пазакласныя мерапрыемствы. Адна з галоўных форм пазакласнай работы — класная гадзіна. Для павышэння цікавасці вучняў імкнуся разнастаіць тэматыку класных гадзін па прафарыентацыі: “Як з’явілася адзенне”, “Я выбіраю прафесію”, “Хто дапамагае нам адпачываць”, “Усе прафесіі патрэбныя, усе прафесіі важныя”, “Прафесіі маіх бацькоў”, “Самая лепшая ў свеце прафесія”, “Павага да людзей працы”, “Дарога хлеба” і інш.

Тэмай класнай гадзіны можа стаць любое прафесійнае свята. Першыя мерапрыемствы ў гэтым кірунку прымяркоўваю да Дня маці. Арганізоўваю ў класе выставу малюнкаў “Прафесія маёй мамы”, праводжу класную гадзіну “Маміны рукі”, дзе вучні самі знаёмяць аднакласнікаў з прафесіямі сваіх мам, і пазакласнае мерапрыемства “Азбука прафесій”. У класе створаны “Куток прафесій”, у якім дзеці могуць паглядзець і пачытаць кнігі пра розныя прафесіі, пагартаць сюжэтныя карцінкі, разгадаць крыжаванкі і рэбусы.

Даць першасныя прафарыентацыйныя асновы малодшым школьнікам дапамагаюць гульні, якія выкарыстоўваю на ўроках і ў пазаўрочнай дзейнасці. Падчас гульнявых практыкаванняў “Фатограф і фотаапарат”, “Здагадайся па жэстах, што за прафесія”, “Прафесія па асацыяцыі” і “Скрыня адчуванняў” тлумачу дзецям, якімі якасцямі і ведамі павінен валодаць чалавек, каб працаваць па пэўнай спецыяльнасці. Элементы гульні ўключаю і ў гутаркі на занятках па прафарыентацыі.

Творчае стаўленне вучняў да працы выхоўваецца праз развіццё іх творчых здольнасцей. Мае выхаванцы актыўна ўдзельнічаюць у розных школьных і раённых выставах і конкурсах, якія не толькі павышаюць цікавасць да прадметаў, але і знаёмяць з рознымі прафесіямі. Так, у мінулым навучальным годзе мае вучні занялі 1-е месца ў раённым конкурсе “Ратавальнікі вачыма дзяцей” (намінацыя “Малюнак”) і 2-е месца ў раённым конкурсе “Прывітанне, свет!” (намінацыя “Тэатральная творчасць”).

Важную ролю ў прафарыентацыйнай рабоце адыгрываюць навукова-практычныя канферэнцыі, дзе вучні раскрываюць унікальны творчы свет. Так, даследчая работа чацвёртакласніц “Харчовая палітра” была адзначана дыпломам І ступені ў раённай навукова-практычнай канферэнцыі “З навукай у будучыню”.

Самыя яркія ўражанні дзеці атрымліваюць падчас пазнавальных экскурсій. Так, даведацца пра свет прафесій экскурсавода, археолага, астранома, даследчыка і фізіка вучням дапамаглі экскурсіі ў музей займальных навук “Квантум” у Мінску, планетарый “Неба Каперніка”, парк дыназаўраў і дагістарычны акіянарыум у Польшчы. Незабыўныя ўспаміны пакінулі паездкі ў Гродзенскі і Варшаўскі заапаркі, дзе школьнікі не толькі назіралі за жыццём жывёл, але і даведаліся, хто такія кіпер (рабочы па доглядзе за жывёламі), ветурач і ландшафтны дызайнер.

Прафарыентацыя малодшых школьнікаў дапаможа ім вырашыць у будучыні праблему сацыяльнай адаптацыі. Задача настаўніка — убачыць у дзіцяці задаткі, дапамагчы раскрыцца здольнасцям і талентам для далейшага развіцця інтарэсаў у выбары будучай прафесіі. Неабходна стварыць камфортныя ўмовы для карыснай і разнастайнай занятасці дзяцей ва ўрочнай і пазаўрочнай дзейнасці.

Святлана ШКАРАНАВА,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 2 Камянца.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *