З мэтай развіцця творчых здольнасцей дзяцей у дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 1 Ліды быў створаны гурток “Дзіцячае ручное ткацтва”. Арганізоўваем работу з дзецьмі так, каб яны маглі самастойна выбіраць выяўленчы матэрыял, эксперыментаваць з ім, рабіць уласныя адкрыцці, правяраць свае ідэі на практыцы.
Змест дзейнасці адукацыйнай паслугі звыш базавага кампанента “Дзіцячае ручное ткацтва” садзейнічае лепшаму ўспрыманню дзецьмі любога мастацкага твора, фарміраванню эмацыянальнай спагадлівасці, эстэтычнага стаўлення да прыроднага асяроддзя, элементарных паняццяў аб колеры, каларыце, кампазіцыі і іх ролі пры стварэнні мастацкіх твораў, у прыватнасці габелена.
На занятках выкарыстоўваем разнастайны матэрыял — пражу рознай фактуры і колеру, тасьму, абсталяванне — станкі, чаўначкі, выбівачкі, што дазваляе дзецям у поўнай меры развіваць зрокавае, датыкальнае ўспрыманне, фарміраваць разнастайны сенсорны досвед.
Развіццю пазнавальных здольнасцей спрыяе работа па схемах, планах (прыёмы ў ткацтве), неабходнасць аналізаваць і параўноўваць прадметы і эксперыментаваць (спалучэнне матэрыялу ў вырабе), вылучаць гіпотэзы. Выкарыстанне на занятках мастацкіх твораў розных жанраў (вершы, загадкі, пацешкі, урыўкі казак) матывуе дзяцей да дзейнасці, дапамагае адчуць мастацкі вобраз і перадаць яго ў сваім вырабе. Педагогі даюць ім заданні: прыдумаць загадку, скласці апавяданне пра сваю працу, прыдумаць назву да створанага габелена, што стымулюе адначасова і маўленчую творчасць. Дашкольнікі вучацца ўступаць у дыялог, узгадняць свае дзеянні і патрэбы з сябрамі, дзяліцца сваімі пачуццямі, ацэньваць эмацыянальныя паводзіны іншага.
Гурток “Дзіцячае ручное ткацтва” дзейнічае трэці год. Зараз у ім займаюцца 36 дзетак 5—6 гадоў. Заняткі праводзяцца адзін раз на тыдзень у некалькіх падгрупах. Вырабы гурткоўцаў дэманструюцца на выставах. Арганізоўваюцца і персанальныя экспазіцыі. Так, прайшла персанальная выстава нашага выхаванца Данілы Нехвядовіча.
Жанна ШАФАЛОВІЧ,
педагог дадатковай адукацыі дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Ліды.