Новыя падыходы ў арганізацыі харчавання будуць уведзены ў частцы школ з 1 верасня. Другі этап запланаваны з 1 студзеня 2024 года, трэці – з 1 верасня 2024 года, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
Як расказала падчас прэс-канферэнцыі начальнік аддзела па арганізацыі харчавання Нацыянальнага інстытута адукацыі Люцыя Міхальчук, пілотны праект па харчаванні праводзіўся ў мінулым навучальным годзе ў 23 установах адукацыі. У ім прымалі ўдзел 17 гарадскіх школ і гімназій і 6 школ, размешчаных у сельскай мясцовасці. Падчас рэалізацыі праекта прайшла апрабацыя новых тэхналогій гатавання ежы і прынцыпаў арганізацыі школьнага харчавання.
У далейшым праект будзе ўкаранёны ва ўсіх школах краіны. Частка ўстаноў адукацыі пяройдзе на новую сістэму з 1 верасня. Другі этап запланаваны з 1 студзеня 2024 года, трэці – з 1 верасня 2024 года.
Так, ва ўсіх школах з’явяцца новыя стравы і вырабы з улікам існуючай матэрыяльна-тэхнічнай базы сталовых. Гатаваць іх будуць з выкарыстаннем інфармацыйнага зборніка тэхналагічных карт страў і вырабаў, распрацаваных з улікам смакавых пераваг навучэнцаў, якія ўдалося выявіць у ходзе эксперымента. У ім каля 400 страў. Размешчаны зборнік на сайце Міністэрства адукацыі.
У 2023/2024 навучальным годзе харчаваннем будзе ахоплена звыш 1 млн навучэнцаў. Больш за 700 тыс. дзяцей будуць харчавацца бясплатна. За кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў бясплатнае адна-, двух- і трохразовае харчаванне будуць атрымліваць 13 катэгорый навучэнцаў, за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, якія выдзяляюцца на ліквідацыю наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, – яшчэ 4 катэгорыі.
На новы ўзровень выйдзе ўзаемадзеянне з навучэнцамі і іх бацькамі. Размова ідзе аб фарміраванні культуры здаровага харчавання, правядзенні дэгустацыі новых страў, майстар-класаў па іх гатаванні, мерапрыемстваў выхаваўчага характару.
Гігіенічныя прынцыпы харчавання застаюцца нязменнымі – гэта бяспека і якасць. Таму ў школьным меню не будзе гамбургераў і чызбургераў. Нават калі нешта падобнае і будзе ў рацыёне, назавуць такую страву інакш. Пра гэта паведаміла загадчыца аддзялення гігіены дзяцей і падлеткаў Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Міністэрства аховы здароўя Ала Малахава.
Таксама прынята рашэнне аб тым, што 1–4-я класы будуць атрымліваць гарачае снеданне, а 5–11-я класы ва ўсіх рэгіёнах – і сельскай, і гарадской мясцовасці – абед. Ежа будзе гатавацца паслядоўна, не будзе цеснаты ў сталовай. Напярэдадні новага навучальнага года распрацаваны метадычныя рэкамендацыі па арганізацыі харчавання з улікам пілотнага праекта. У дакуменце прапісаны рэкамендацыі па графіках харчавання (у які час лепш атрымліваць снеданне, у які – абед), па харчаванні дзяцей у прадоўжанках, па складанні рацыёнаў і інш.
Надзея ЦЕРАХАВА