Пытанне 15 метраў,

- 12:24Спартыўныя падзеі

або Перспектывы развіцця скалалажання

У 2020 годзе ў Токіа ўпершыню на летніх Алімпійскіх гульнях будзе прадстаўлена скалалажанне — від спорту, які актыўна набірае папулярнасць. Не застаецца ў баку ад гэтай сусветнай тэндэнцыі і наша краіна: кожны год адкрываюцца скаладромы, кожны год сотні хлопчыкаў і дзяўчынак запісваюцца ў адпаведныя аб’яднанні па інтарэсах, якія дзейнічаюць пераважна пры ўстановах дадатковай адукацыі турыстычна-краязнаўчага профілю. У чым сакрэт папулярнасці скалалажання? Чаму, нягледзячы на гэтую папулярнасць, Беларусь пакуль не гатова выставіць па Алімпійскія гульні сваю каманду? Як гэта выправіць? Адказы знойдзем разам з удзельнікамі першынства краіны па скалалажанні, якое нядаўна прайшло на скаладроме Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства.

Хоць Беларусь і не горная краіна, аднак многія нашы землякі не ўяўляюць свайго вольнага часу без пакарэння вяршынь. Скалалажанне — гэта не толькі рамантыка. У дзяцей яно садзейнічае развіццю ўсіх груп мышцаў, а дарослым дазваляе падтрымліваць у належным стане фізічную форму. Удасканальвае скалалажанне і каардынацыю рухаў, бо спартсмену неабходна на абмежаванай паверхні як мага хутчэй правільна згрупавацца. Вось некалькі аргументаў на карысць таго, што скалалажанне варта развіваць. Яшчэ адзін аргумент — гэта адносна невялікія фінансавыя затраты на абсталяванне скаладромаў.

Па словах галоўнага суддзі першынства Ларысы Аляксандраўны Малыжанковай, з кожным годам кантынгент удзельнікаў спаборніцтваў па скалалажанні маладзее. Баць­кі часта запісваюць дзяцей на заняткі ў адпаведныя аб’яднанні па інтарэсах ужо з дашкольнага ўзросту. Калі яшчэ гадоў пяць назад набіраліся групы з 10—12 гадоў, то сёння ў гэтым узросце дзеці становяцца пераможцамі рэспубліканскіх спаборніцтваў. Цяпер набор вядзецца ў асноўным з 6—7 гадоў. Чым раней, тым лепш — менавіта так можна ахарактарызаваць узрост, з якога дзецям можна пачынаць асвойваць тэхніку скалалажання.

— Скалалажанне — малады від спорту, які сёння вельмі папулярны сярод моладзі, і з кожным годам ён становіцца больш даступным. Раней галоўнай перашкодай для заняцця скалалажаннем была наяўнасць рэльефу. У Беларусі няма скал, таму нам даводзілася трэніравацца на руінах храмаў, панскіх палацаў. Часта выязджалі за межы краіны, у асноўным у суседнюю Украіну. Гэтую традыцыю мы працягваем, аднак асноўны час трэніровак праводзім на скаладромах. Штучныя трасы ствараюць роўныя ўмовы для спартсменаў. На скалах надвор’е часта непастаяннае. Напрыклад, першыя ўдзельнікі стартавалі ў ціхае надвор’е, а потым пайшоў дождж або ўзняўся вецер. Дзякуючы скаладромам, у закрытых памяшканнях усе выступаюць у аднолькавых умовах. Скалалажанне становіцца не толькі больш папулярным, але і больш відовішчным відам спорту. Нездарма яно ўключана ў праграму Алімпійскіх гульняў. Першыя скаладромы з’явіліся ў Беларусі гадоў 20 назад, найбольш актыўна яны ствараюцца апошнія 10 гадоў. Ад зін з першых у краіне скаладромаў мы стварылі з калегамі ў Гомелі. Наогул, у гэтай справе многае зале­жыць ад зацікаўленасці адміністрацыі ўстановы адукацыі, дапамогі мясцовага начальст­ва. Яркім прыкладам з’яўляецца Гарадок, дзе нядаўна пры падтрымцы кіраўніцтва Віцебскай вобласці з нуля быў пабудаваны цудоўны скаладром, — паведаміў старэйшы альпініст краіны педагог Гомельскага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Валерый Маратавіч Глыбаўцаў.

В.М.Глыбаўцаў: “Амаль усе нашы скаладромы прызначаны для заняцця боўлдэрынгам. Калі б у нас хаця б у кожным абласным цэнтры былі эталонныя трасы вышынёй 15 метраў, было б цудоўна. Мы б змаглі паспяхова рыхтаваць будучых алімпійскіх чэмпіёнаў”.

Якасны трэнажор для лажання ёсць і ў сярэдняй школе № 1 Веткі імя А.А.Грамыкі. Трэнажор невялікі, бо знаходзіцца ў спартыўнай зале, дзе праходзяць заняткі па гульнявых відах спорту, аднак і ён дазваляе паспяхова асвойваць тэхніку скалалажання. Каманда з Веткі з’яўляецца рэгулярным удзельнікам рэспубліканскіх спаборніцтваў па скалалажанні. “Дзеці ходзяць з вялікім задавальненнем, бацькі актыўна запісваюць іх у гурток. Мне нават даводзіцца рабіць адбор школьнікаў. Трэнажор для лажання ствараў сваімі сіламі, дапамагала адміністрацыя школы. Калі да новага старшыні райвыканкама дайшла інфармацыя пра тое, што ў нашай установе ёсць гурток па скалалажанні, то нам была аказана фінансавая дапамога. Дзякуючы ёй, да дзвюх палос, што мы стварылі разам з калегамі і бацькамі вучняў, былі дададзены яшчэ дзве. Дзякуючы абласному фінансаванню, мне пашчасціла набыць і 200 зачэпаў”, — падзяліўся настаўнік фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 1 Веткі Яўген Аляксандравіч Бяляцкі.

— У адрозненне ад майго калегі з Веткі, мы амаль усё робім сваімі рукамі. У 2015 годзе за свае грошы з татам пабудавалі скальны трэнажор вышынёй 2,5 метра. У 2016 годзе райвыканкам выдзеліў грошы на ўдасканаленне матэрыяльнай базы, аднак асноўную частку рыштунку мы набываем за свае грошы, — далучылася да гутаркі педагог Цэнтра турызму дзяцей і моладзі Пухавіцкага раёна Вольга Сяргееўна Рак.

Узровень майстэрства выхаванцаў Валерыя Маратавіча Глыбаўцава высокі. Сярод юных гомельскіх скалалазаў ёсць нават майстры спорту, якім, на жаль, для ўдасканалення тэхнікі і далейшага развіцця не хапае вопыту ўдзелу ў міжнародных спаборніцтвах. Ды і не толькі выхаванцам Валерыя Маратавіча. Фінансаванне такіх выездаў — гэта адзін праблемны бок пытання выступлення Беларусі на міжнародных спаборніцтвах па скалалажанні. Другі бок — узровень аснашчанасці нашых скаладромаў. Здаецца, скаладромы актыўна адкрываюцца, з’яўляюцца яны не толькі ў абласных цэнтрах, але і невялікіх гарадках. Аднак для паўнацэнных трэніровак, якія б адпавядалі міжнародным стандартам, не хапае некалькіх метраў. Справа ў тым, што эталонны скаладром, на якім можна праводзіць такія трэніроўкі па трох дысцыплінах скалалажання (боўлдэрынг, лажанне на хуткасць і лажанне на цяжкасць), павінен мець вышыню 15 метраў. А самыя высокія ў Беларусі скаладромы вышынёй 10—11 метраў.

В.М.Канавальчык: “Сёння развіццё скалалажання трымаецца на сістэме дадатковай адукацыі. Аднак дадатковая адукацыя — гэта дадатковая адукацыя, яна ў прынцыпе не заклікана рыхтаваць спартсменаў высокай кваліфікацыі, у яе іншыя функцыі і задачы. Важна ствараць дзіцяча-юнацкія спартыўныя школы па скалалажанні. У некаторых рэгіёнах такая патрэба наспела. Узяць для прыкладу Мінск, Віцебск, Гомель, Магілёў, Мар’іну Горку, Ветку, Пінск, шэраг іншых беларускіх гарадоў. Каб дзяцей трэніраваць, трэба ствараць належныя ўмовы, ствараць скаладромы, якія б адпавядалі міжнародным стандартам”.

— Адсутнасць эталоннага скаладрома, а значыць, і паўнацэнных трэніровак, з’яўляецца асноўнай прычынай таго, што Беларусь пакуль не можа выставіць на Алімпійскія гульні ў Токіа каманду па скалалажанні. Калі б на Алімпійскіх гульнях спаборніцтвы праводзіліся асобна па боўлдэрынгу, то мы змагаліся б за гонар краіны. А так нашы, магчыма, будучыя алімпійскія чэмпіёны радуюцца толькі перамогам на рэспубліканскіх першынствах, — адзначыў інструктар па фізічнай культуры Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Алег Аркадзь­евіч Сабалеўскі.

Па словах Ларысы Аляксандраўны Малыжанковай, скалалажанне — гэта не той від спорту, у якім можна круглы год трэніравацца на вуліцы. Патрэбен спецыялізаваны стэнд, без якога не будзе развіцця. Чым больш гэты стэнд будзе адпавядаць міжнародным стандартам, тым больш будзе магчымасцей для якаснай падрыхтоўкі юных спартсменаў. Прасцей за ўсё пабудаваць трасы для боўлдэрынга, дзе не патрэбна вялікая вышыня, такі трэнажор звычайна размяшчаецца ў школьнай спартыўнай зале. А вось для трэніровак па лажанні на цяжкасць і лажанні на хуткасць патрэбны эталонныя скаладромы вышынёй 15 метраў. Менавіта на такіх трасах устанаўліваюцца сусветныя рэкорды.

— Наш партнёр Міністэрства спорту і турызму, якое адказвае за развіццё фізкультуры і спорту ў краіне, павінна быць зацікаўлена ў развіцці скалалажання і ўдзеле нашых спартсменаў у міжнародных спаборніцтвах. Неабходна яшчэ раз паглядзець на гэты від спорту і зрабіць канкрэтныя крокі па яго папулярызацыі, удасканаленні матэрыяльнай базы. Скалалажанне — цікавы від спорту, з кожным годам усё больш і больш дзяцей пачынаюць ім займацца. Каб прадстаўляць краіну на спаборніцтвах высокага ўзроўню, павінны быць збудаванні адпаведнага ўзроўню, адпаведнага ўзроўню павінна быць і кваліфікацыя ў трэнераў. Сумесна з Інстытутам павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіраўніцкіх работнікаў і спецыялістаў фізічнай культуры, спорту і турызму Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства раз у год праводзіць перападрыхтоўку кадраў на базе нашага скаладрома. Кожнага такога спецыяліста трэба берагчы, бо гэтыя людзі непасрэдна займаюцца выхаваннем падрастаючага пакалення, яго фізічным развіццём, яны на вагу золата, — падзяліўся загадчык аддзела турызму і спартыўнага арыентавання Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Васіль Мікалаевіч Канавальчык.

А.А.Сабалеўскі: “У гульнявых залах эталонны скаладром не ўзвядзеш, таму што ён мае пэўныя памеры, і спартсменам па гульнявых відах спорту ён будзе перашка­джаць. Ёсць спецыяльныя залы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях для заняткаў па пажарна-прыкладным спорце. Магчыма, можна супрацоўнічаць з нашымі партнёрамі ў гэтым плане, бо такія залы больш прасторныя, не гульнявыя. Можна ўзяць і прыклад з нашых суседзяў. У Расіі для ўзвядзення эталонных скаладромаў часта выкарыстоў­ваюць безгаспадарныя аб’екты”.

У 2020 годзе ўпершыню на летніх Алімпійскіх гульнях будзе прадстаўлена скалалажанне — від спорту, які актыўна набірае папулярнасць ва ўсім свеце, у тым ліку і ў Беларусі. Ці будуць выступаць нашы землякі ў Токіа, ці зможам мы сфарміраваць каманду скалалазаў-алімпійцаў? Гэтае пытанне застаецца адкрытым. Вырашаць яго трэба ўжо сёння. І пачаць варта хаця б з тых самых некалькіх метраў, якіх не хапае для адкрыцця ў краіне першага, самага высокага эталоннага скаладрома. Адкрытымі застаюцца і пытанні ўдасканалення сістэмы развіцця скала­лажання ў краіне, а таксама ўдзелу беларускіх навучэнцаў у міжнародных спаборніцтвах. Нашы суразмоўцы спадзяюцца, што гэтыя пытанні будуць паспяхова вырашаны.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.