Піянерская дружба працягваецца

- 11:18Навіны рэгіёнаў

Новыя цікавыя ўражанні, калектыўныя справы, знаёмствы і падрыхтоўка да сустрэчы гасцей: як сябруюць віцебскія і маскоўскія піянеры.

БРПА актыўна развівае міжнароднае супрацоўніцтва, і адным з бясспрэчных лідараў тут з’яўляецца віцебская абласная арганізацыя. З 2012 года ў рамках Дзён піянерскай дружбы пры падтрымцы Міжнароднага саюза піянерскіх арганізацый — Федэрацыі дзіцячых арганізацый праходзяць сустрэчы піянераў Паўночнага рэгіёна Беларусі і Масквы. Традыцыйна арганізоўваецца па чатыры такія сустрэчы штогод: двойчы — на віцебскай і двойчы — на расійскай зямлі. На Віцебшчыне прадстаўнікі легендарнай Чырвонай Прэсні наведалі абласны цэнтр і шэраг райцэнтраў, пабылі ў мясцінах, звязаных з імёнамі герояў Вялікай Айчыннай вайны, пазнаёміліся з жыццём піянерскіх дружын, пошукавай дзейнасцю і музеямі ўстаноў адукацыі. Першымі піянераў Прыдзвіння прымалі расійскія сябры. Праграма мерапрыемстваў была прысвечана юбілею Маскоўскага гарадскога палаца дзіцячай (юнацкай) творчасці на Вараб’ёвых гарах. Піянеры Віцебшчыны сустрэліся з кіраўніком управы Прэсненскага раёна Масквы Аляксандрам Міхайлавым, наведалі гістарычны парк “Расія” на ВДНГ, цэнтр “Авіяпарк”, а таксама магілу Зоі Касмадзям’янскай. Незабыўныя ўражанні ў навучэнцаў і педагогаў засталіся ад экскурсій па гістарычным цэнтры Масквы, тэрыторыі Крамля, знаёмства з міжнародным дзелавым цэнтрам Moscow City з пад’ёмам на аглядную пляцоўку, калі піянеры ўбачылі Маскву з вышыні 58-га паверха. У дзяржаўнай бюджэтнай агульнаадукацыйнай установе Масквы “Раманаўская школа” нашы землякі пабачылі работу школьнага музея, паўдзельнічалі ў эксклюзіўным майстар-класе для барабаншчыкаў, які правяла былая выхаванка, а цяпер кіраўнік атрада “Кібальчыш” Алена Сафронава, а таксама сустрэліся з актывам піянерскай дружыны “Чырвоная Прэсня”. Уражанняў і ўспамінаў віцябчане прывезлі багата. А галоўнае, набылі новых сяброў, абмяняліся ідэямі цікавых і карысных для людзей спраў, інавацыйнымі метадамі і методыкамі арганізацыі піянерскай работы. На сённяшні дзень некаторыя з іх ужо рэалізуюцца на практыцы.

— Ёсць такая крылатая фраза: “Піянер — не проста ўзрост, а стан душы!” Стан першынства, першапраходніцтва, калектыўнага падыходу да працы, павагі да гісторыі і вернасці традыцыям, — выказаў меркаванне лідар Маскоўскай гарадской піянерскай арганізацыі кіраўнік піянерскай дружыны “Чырвоная Прэсня” Дзмітрый Шміт. — Піянерыя піша сваю гісторыю яркімі справамі. Мы не забываем той уклад, які арганізацыя ў савецкі час унесла ў дзяржаўнае будаўніцтва і добраўпарадкаванне. Гэта была вялікая і складаная сістэма, сапраўдная дзіцячая краіна, якая бурліла, хвалявалася, імкнулася перамагчы ў спаборніцтвах, зрабіць нешта карыснае.

Тым не менш атаясамліваць сучасных піянераў з юнымі ленінцамі — значыць кіравацца памылковым стэрэатыпам: арганізацыя жыве ў новым стагоддзі і ў новых умовах, яна па-за палітыкай.

— Сённяшняя піянерыя не рыхтуе камуністычную змену, а працягвае вучыць жыццёваму ладу, пры якім калектывізм — безумоўны, таварыства — відавочнае, а імкненне прыйсці на дапамогу ў бядзе нават незнаёмаму чалавеку і прынесці карысць Радзіме стаіць на першым месцы, — адзначыла даўні сябар піянераў дэпутат муніцыпальнага сходу Прэсненскага раёна Таццяна Дзянісенка. — Аб’ядноўвае розныя пакаленні моладзі рамантыка атраднага жыцця: вогнішчы, песні, злёты, цімураўскі рух, калектыўныя творчыя справы, праца з малодшымі і ветэранамі, велізарная колькасць унутраных і сумесных праграм, конкурсаў, праектаў. І, канечне, галоўны сімвал арганізацыі, ваенных і працоўных подзвігаў піянераў — чырвоны гальштук.

Зараз у адпаведнасці з дамоўленасцю аб супрацоўніцтве і сумеснай дзейнасці па праекце “Дні піянерскай дружбы” паміж піянерскімі арганізацыямі горада Масквы і Віцебскай вобласці нашы юныя землякі рыхтуюцца да прыёму дэлегацыі расійскіх сяброў.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.