План мерапрыемстваў па павышэнні прававой культуры моладзі падпісаны паміж ЦВК і Міністэрствам адукацыі

- 9:47Актуально, Новости

Падрыхтоўка да выбарчай кампаніі і павышэнне прававой культуры грамадзян — гэтыя тэмы былі ў ліку ключавых на двухдзённым выязным пасяджэнні ЦВК Беларусі, якое адбылося ў Магілёве, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Удзел у пасяджэнні прынялі кіраўніцтва Цэнт­ральнай выбарчай камісіі, Міністэрства адукацыі, Пастаяннай камісіі Савета Рэс­публікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, прадстаўнікі абласных і гарадскіх выканаўчых камітэтаў, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

Як заўважыў старшыня Цэнтр­выбаркама Ігар Карпенка, цяперашняя электаральная кампанія мае шэраг асаблівасцей. Адбылася трансфармацыя заканадаўства і выбарчай сістэмы ў цэлым.

— Упершыню прой­дзе ­адзі­ны дзень галасавання. У гэты дзень мы выберам дэпутатаў усіх узроўняў, пачынаючы ад Палаты прадстаўнікоў і заканчваючы сельскімі і пасялковымі Саветамі. Усяго будуць выбраны звыш 12,5 тысячы дэпутатаў. Папярэднічаць гэтаму дню бу­дзе датэрміновае галасаванне. Асаблі­васць кампаніі таксама ў тым, што пасля правядзення адзінага дня галасавання выбарчая працэдура не скончыцца: неабходна будзе выбраць членаў Савета Рэспуб­лікі і дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу. Праводзіцца даволі маштабная падрыхтоўчая работа. Мы ўшчыльную падышлі да таго, каб даць старт выбарчай кампаніі. Указы Прэзідэнта аб назначэнні выбараў унесены ва ўстаноўленым парадку, чакаем іх падпісання, — паведаміў Ігар Васільевіч.

Цэнтральнай выбарчай камісіяй сёння ажыццяўляецца значная дзейнасць па прававой асвеце насельніцтва. Асаблівая ўвага ўдзяляецца фарміраванню прававой культуры моладзі. Істотную ролю ў гэтым напрамку адыгрываюць установы адукацыі.

— Патрыятычнае выхаванне ва ўстановах адукацыі будуецца на трох базавых кампанентах. Першы з іх  — грунтоўнае веданне сваёй гісторыі. Менавіта таму перагледжаны і прыняты новы школьны стандарт гістарычнай адукацыі. Ужо з гэтага навучальнага года 14 школ у пілотным рэжыме пачалі асвойваць новую дысцыпліну “Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі”. Плануецца, што з наступнага года гэтая дысцыпліна ўвойдзе ва ўсе нашы агульнаадукацыйныя школы. Сумесна з Генеральнай пракуратурай распрацавана серыя вучэбных дапаможнікаў па генацыдзе беларускага народа для вучняў 1—11 класаў. Электронныя дапаможнікі паступілі ў школы, распачата рэалізацыя абавязковага факультатыву. Другі асноўны аспект — павага да сучаснай Беларусі і яе дасягненняў. У сувязі з гэтым сёлета праект “Школа Актыўнага Грамадзяніна” атрымаў новае гучанне. Ён праходзіць пад дэвізам “Сучасная Беларусь у асобах”. Арганізоўваюцца дыялогі школьнікаў з вядомымі людзьмі, якія сваёй працай унеслі важкі ўклад у прамысловасць, эканоміку, сацыяльную сферу краіны. Такія сустрэчы дапамага­юць дзецям паверыць у сябе, зрабіць свой прафесійны выбар, зразумець, што канкрэтна яны могуць зрабіць для развіцця краіны. Трэці немалаважны фактар — грама­дзянскае і ваенна-патрыятычнае выхаванне. Працуем над раскрыццём патэнцыялу музейнай педагогікі: у школах былі створаны музейныя экспазіцыі, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне і іншым гістарычным старонкам. Цяпер праводзіцца сур’ёзная работа па павелічэнні колькасці пошукавых атрадаў і ваенна-патрыятычных клубаў. Мяркуем, што ўжо да канца гэтага навучальнага года ў кожнай школе будзе ваенна-патрыятычны клуб або ваенна-патрыятычны клас. Гэта вельмі важна, бо наша нацыянальная бяспека грунтуецца ў тым ліку і на разуменні маладымі людзьмі таго, што Радзіму трэба абараняць, — адзначыў міністр адукацыі Андрэй Іванец.

Па яго словах, упор у навучальных установах робіцца і на прававое выхаванне. Шэраг сістэмных мер рэалізуецца ра­зам з ЦВК. Праводзіцца сумесная работа па фарміраванні ў вучняў прававой культуры. Так, алімпіяда па выбарчым праве дапамагае дзецям зразумець палажэнні і асновы беларускай дзяржаўнасці. На базе НДЦ “Зубраня” функцыянуе клуб маладога выбаршчыка. У лютым 2024 года запланавана правя­дзенне адзі­нага ўрока па тэме выбараў і правоў будучых выбаршчыкаў, будзе арганізаваны форум маладых выбаршчыкаў.

— Уся гэтая дзейнасць даз­валяе кожнаму маладому чалавеку рабіць свядомы выбар, разумець свой грама­дзянскі абавязак, адказнасць за незалежнасць, суверэнітэт і будучыню краіны, — пад­крэсліў Андрэй Іванавіч.

У рамках выязнога пасяджэння быў падпісаны план мерапрыемстваў па павышэнні прававой культуры мола­дзі паміж ЦВК і Міністэрствам адукацыі на 2024—2025 гады.

Значнай падзеяй стала і выбранне Маладзёжнага савета пры Цэнтрвыбаркаме. У яго склад увайшлі 19 прадстаўнікоў розных рэгіёнаў. Мэтай гэтага грамадскага фарміравання з’яўляецца павышэнне электаральнай актыўнасці моладзі, развіццё ўсвядомленай цікавасці маладых людзей да кіравання справамі грамадства і дзяржавы праз выбары.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара і БелТА