Пляцоўка для абмену вопытам

Цыкл міжнародных навукова-практычных мерапрыемстваў для педагогаў прайшоў у Гродзенскім інстытуце развіцця адукацыі.

У рамках міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Самарэалізацыя педагога ва ўмовах адзінай адукацыйнай прасторы” ў анлайн-фармаце была арганізавана канферэнцыя “Які ён: сучасны ўрок?”. Таксама анлайн прайшоў фестываль “Інавацыйная школа: сёння, заўтра”. А ўжо непасрэдна ў аўдыторыях ГрАІРА сабраліся педагогі, каб прыняць удзел у майстар-класах настаўнікаў-метадыстаў вобласці.

На працягу двух дзён у інстытуце была разгорнута выстава інавацыйнага вопыту ўстаноў адукацыі Гродзеншчыны “Інавацыя: ад тэорыі да практыкі”.

— Установы адукацыі прымаюць удзел у апрабацыі і ўкараненні навуковых даследаванняў у адукацыйную практыку, і на выставе прадстаўлены вынікі рэалізацыі шэрага інавацыйных праектаў, — расказала метадыст метадычнага ўпраўлення маніторынгу і менеджменту адукацыі ГрАІРА Марына Кійко. — У мінулым годзе 60 устаноў адукацыі вобласці распрацавалі праекты, якія былі потым рэкамендаваны да выкарыстання ў іншых установах.

У рамках выставы сярэдняя школа № 11 імя генерала арміі А.І.Антонава прэзентавала метадычныя матэрыялы ў дапамогу педагогам па фарміраванні фінансавай дасведчанасці ва ўрочнай і пазаўрочнай дзейнасці. Настаўнікі гімназіі № 3 Гродна акцэнтавалі ўвагу на механізмах фарміравання сацыяльнай паспяховасці навучэнцаў, а сярэдняй школы № 1 Скідзеля — на сацыяльнай адказнасці падлеткаў. Вопытам арганізацыі інклюзіўнай адукацыі падзяліліся педагогі сярэдняй школы № 38 Гродна, а напрацоўкамі па фарміраванні культуры этычных паводзін навучэнцаў і іх бацькоў у сацыяльных сетках — педагогі Радуньскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна. Гімназія № 10 Гродна прэзентавала свой праект “МедыяІдэя на 10”. На выставе таксама былі прадстаўлены напрацоўкі па праектнай дзейнасці Гродзенскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа і Гродзенскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа бытавога абслугоўвання насельніцтва.

На фестывалі “Інавацыйная школа: сёння, заўтра” быў прадстаўлены вопыт 131 педагога з 86 устаноў адукацыі вобласці. Прайшоў 21 майстар-клас, а таксама прэзентацыі творчых справаздач, вопыту работы, відэавізітак рэсурсных цэнтраў, інфармацыйных рэсурсаў. Мерапрыемствы праходзілі на працягу трох дзён.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.