Пляцоўка для дыялогу

- 11:15Краязнаўства

І Рэспубліканскі краязнаўчы форум, арганізаваны Нацыянальным гістарычным музеем, Беларускім фондам культуры пры падтрымцы Міністэрства культуры, Міністэрства адукацыі, Міністэрства інфармацыі, сабраў 12—13 сакавіка ў Мінску прадстаўнікоў устаноў культуры і адукацыі, міністэрстваў і ведамстваў, грамадскіх аб’яднанняў — усяго каля 230 чалавек.

І.А.Марзалюк: “Краязнаўства бывае розным, і тэксты краязнаўчыя маюць розную вартасць. Але гэта заўсёды перапляценне эмоцый. Гэта заўсёды пачуццё любові, пяшчоты да той зямлі, таго ўзгорка, таго лесу, той камяніцы, таго храма, з якім мы злучаны ў часе і прасторы”.

Сустрэчы педагогаў-края­знаўцаў для абмену вопытам, папулярызацыі гістарычна-культурнай і прыроднай спадчыны роднага краю, пашырэння магчымасцей творчай самарэалізацыі краязнаўцаў і садзейнічання іх прафесійнаму станаўленню, далучэння моладзі да матэрыяльнай і духоўнай спадчыны Беларусі, грамадзянскага і патрыятычнага выхавання навучэнцаў рэгулярна ладзяцца ў нашай краіне. І Рэспубліканскі краязнаўчы форум, які прайшоў на базе Нацыянальнага гістарычнага музея, стаў першым маштабным мерапрыемствам, на якім сабраліся прадстаўнікі ўстаноў розных сфер, усе, хто неабыякавы да вывучэння і захавання нашай багатай спадчыны.

Гэта было сапраўднае свята беларускага краязнаўства. Педагогі маглі выказаць сваё меркаванне і пачуць слушныя думкі па тых ці іншых аспектах вывучэння малой радзімы не толькі ад калег, але і ад прадстаўнікоў сістэмы культуры. Школьнікі маглі атры­маць грунтоўныя адказы на свае пытанні як ад настаўнікаў, так і ад навукоўцаў. Адным словам, падчас пленарнага пасяджэння і асабліва падчас работы секцый ішоў актыўны дыялог. І гэта выдатна! Усё на карысць нашай агульнай справы — развіцця айчыннага краязнаўства. “Спадзяёмся, што форум зможа згуртаваць края­знаўцаў і стварыць паўнавартасны дыялог паміж краязнаўцамі, выкладчыкамі — даследчыкамі, усімі тымі, хто рупліва займаецца захаваннем, трансляцыяй нашай гістарычнай памяці, вывучае гістарычна-культурную спадчыну, неабыякавы да лёсу краіны”, — адзначыў дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Павел Міхайлавіч Сапоцька.

Т.І.Стружэцкі: “Актуальным застаецца складанне і выданне ілюстраваных карт населеных пунктаў, якія зніклі, з кароткімі даведкамі і датамі існавання, усталяванне памятных дошак, знакаў, прысвечаных гістарычным па­дзеям, вядомым людзям, выхадцам з гэтых мясцін”.

“Кожнаму з нас варта памя­таць, што за нашымі плячыма — вялікія традыцыі, вялікая гісторыя і вялікая культура. Кожны з нас мусіць любіць, паважаць, шанаваць і папулярызаваць гэтыя здабыткі. У гэтай справе важнае значэнне мае краязнаўства. Беларусь, як і любая іншая краіна, пачынаецца з таго месца, дзе ты нарадзіўся, дзе адбылося тваё сталенне і твая сацыялізацыя, дзе ты пайшоў у школу. Таму такія важныя школьнае края­знаўства, роля настаўніка — гісторыка, філолага, літаратуразнаўца, так важна ведаць тых людзей, без якіх няма ўсяго таго багацця, імя якому — Беларусь”, — звярнуўся да ўдзельнікаў форуму старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Аляксандравіч Марзалюк.

Прадстаўнікі сістэмы адукацыі (а гэта навучэнцы і настаўнікі, студэнты і выкладчыкі, педагогі ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі) склалі значную частку ўдзель­нікаў форуму. І гэта невыпадкова. Як адзначыла ў прывітальным слове ад Міністэрства адукацыі дырэктар Рэспублікан­скага цэнтра экалогіі і краязнаў­ства Алена Уладзіміраўна Ануфровіч, у сістэме адукацыі даўно склалася традыцыя сустракацца з педагогамі-краязнаўцамі, дзяліцца края­знаўчымі дасягненнямі, назапашаным багатым вопытам вывучэння роднай зямлі. Ва ўстановах адукацыі праводзяцца рэспубліканскія краязнаўчыя акцыі, праекты, конкурсы, якія аб’ядноўваюць юных краязнаўцаў і педагогаў у любові да даследавання і пазнання гістарычных і культурных пластоў малой радзімы, свайго краю. “Вопыт краязнаўчай работы неабходна папулярыза­ваць, а краязнаўчымі здабыткамі неабходна дзяліцца. І Рэспубліканскі краязнаўчы форум і ёсць тая добрая пляцоўка для дыялогу краязнаўцаў”, — адзначана ў прывітальным адрасе.

Асабліва актыўна такі дыялог вядзецца паміж прадстаўнікамі сістэмы адукацыі і культуры. “Багатая гістарычная і культурная спадчына беларускага народа выклікае відавочную цікавасць у грама­дзян нашай краіны, — звярнуўся да ўдзельнікаў форуму міністр культуры Юрый Паўлавіч Бондар. — Дзякуючы актыўнай стваральнай дзейнасці мясцовых краязнаўцаў, гісторыкаў, мастакоў, а таксама спецыялістаў бібліятэк, музеяў і іншых адданых справе захавання, даследавання і папулярызацыі лакальнай культуры і гісторыі, наша спадчына з’яўляецца нацыянальным здабыткам. Працуючы з вялікай самаадданасцю і любоўю да сваёй краіны, вы робіце значны ўклад у захаванне старонак гісторыі для нашых нашчадкаў”.

Сустрэчы настаўнікаў-края­знаўцаў з супрацоўнікамі ўстаноў культуры з’яўляюцца традыцыйнымі і плённымі. Прафесійныя музейшчыкі, архівісты, бібліятэкары ахвотна дзеляцца з педагогамі сваім вопытам, даюць слушныя парады па тых ці іншых пытаннях, асабліва адносна дзейнасці школьных музеяў. Як вядома, з 2006 года ўсе музеі, у тым ліку музеі ўстаноў адукацыі, з’яўляюцца дзяржаўнымі. Аднак школьныя музеі ажыццяўляюць у першую чаргу адукацыйныя задачы, педагогам не заўсёды проста выконваць патрабаванні заканадаўства. Вопыт калег-музейшчыкаў з сі­стэмы культуры тут вельмі карысны. Дарэчы, сёння ва ўстановах адукацыі дзейнічаюць 1477 музеяў, з якіх 106 — народныя, што з’яўляецца прызнаннем высокіх дасягненняў у выхаванні моладзі, у папулярызацыі і захаванні спадчыны.

Краязнаўчая дзейнасць ва ўстановах адукацыі — гэта спецыфічны і комплексны від дзейнасці на стыку выхавання і адукацыі. Па словах загадчыка аддзела краязнаўства і патрыятычнага выхавання Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Аляксандры Яўгенаўны Кравец, створана і ўдасканальваецца цэласная сі­стэма края­знаўчай работы на ўсіх узроўнях адукацыі. Гэтая работа арганізавана праз дзейнасць аб’яднанняў па інтарэсах турысцка-краязнаўчага профілю, правя­дзенне рэспублікан­скіх і рэгіянальных акцый, праектаў, конкурсаў, экспедыцый, паходаў і экскурсій, краязнаўчых летнікаў і злётаў, праз пошукавую дзей­насць і арганізацыю мера­прыемстваў для педагагічных работнікаў. Ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі па стане на снежань 2019 года функцыянуюць  2599 аб’яднанняў па інтарэсах турысцка-краязнаўчага профілю, у якіх займаюцца больш як 33 тысячы навучэнцаў.

А.Я.Кравец: “Існуе меркаванне, што сучасныя дзеці мала цікавяцца мінулым, іх інтарэсы абмежаваны гаджэтамі, але гэта не больш чым адгаворкі, нежаданне займацца пошукам новых цікавых форм работы. Адукацыйная прастора краязнаўчай дзейнасці неабмежаваная”.

“Першым арыенцірам на шляху фарміравання патрыятычных пачуццяў кожнага чалавека з’яўляецца яго сям’я, яго малая радзіма. Для настаўнікаў галоўнае — дапамагчы дзецям адчуць асабістую прыналежнасць да працэсаў, якія адбываліся на іх малой радзіме, арганічна падвесці да неабходнасці разумення захавання для наступных пакаленняў матэрыяльнай і духоўна-культурнай спадчыны. А гэта вялікая і адказная работа. Хто павінен быць асноўным выхавальнікам: сям’я, школа, грамадства? Вельмі часта гэтыя функцыі адводзяцца толькі школе. Патрэбна сістэмная сумесная работа сям’і, настаўнікаў, грамадскасці. Павінны выкарыстоўвацца не разавыя, а доўгатэрміновыя формы работы. Таму Міністэрства адукацыі ўдзяляла і ўдзяляе ўвагу правядзенню такіх праектаў, акцый, конкурсаў, як “Наш край”, “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, “Я гэты край Ра­дзімаю заву”, “Збяры Беларусь у сваім сэрцы”, — адзначыла Аляксандра Яўгенаўна.

У ліку пераможцаў конкурсу на лепшае краязнаўчае выданне — прадстаўнікі
Аршанскага РЦФКТКДіМ (Л.А.Саратокіна), Лучынскай базавай школы Рагачоўскага
раёна (С.І.Варыкава) і ВМК Маскоўскага раёна Брэста (Т.У.Паўлючук).

Супрацоўніцтва настаўнікаў і вучняў дзеля папулярызацыі края­знаўчай справы ажыццяўляецца не толькі з установамі сістэмы культуры, але і з грамадскімі аб’яднаннямі, у першую чаргу Беларускім фондам культуры, які стаў адным з ініцыятараў і арганізатараў форуму. З першых гадоў існавання БФК распачаў рэалізацыю доўгатэрміновых краязнаўчых, навукова-даследчых і выдавецкіх праектаў “Спадчына”, “Вяртанне”, “Славутыя імёны Баць­каўшчыны”. Самым доўгатэрміновым праектам з’яўляецца “Края­знаўчая газета”, якая выдаецца на пастаяннай аснове ўжо амаль 18 гадоў і адлюстроўвае праблемы беларускай гісторыі, культуры, дзейнасці музеяў, краязнаўцаў. Cярод пастаянных аўтараў выдання — настаўнікі і вучні. Дарэчы, нядаўна з’явілася і электронная версія выдання kazeta.by, якая якраз і можа стаць тым края­знаўчым парталам, стварэнне якога актыўна абмяркоўвалі ўдзельнікі форуму.

Па словах старшыні Беларускага фонду культуры Тадэвуша Іванавіча Стружэцкага, сёння ў краязнаў­стве застаецца шмат актуальных тэм для вывучэння. Акрамя збору звестак пра зніклыя населеныя пункты, гэта добраўпарадкаванне аб’ектаў гістарычна-культурнай спадчыны, захаванне, аднаўленне найбольш цікавых будынкаў як будучых аб’ектаў турыстычных маршрутаў, збор сродкаў на іх аднаўленне, запіс успамінаў старажылаў, абследаванне музейнымі спецыялістамі і края­знаўцамі жылых будынкаў пры іх зносе дзеля выяўлення каштоўных прадметаў і дакументаў.

Ёсць шмат пры­кладаў, калі гэтыя важныя задачы на працягу апошніх дзесяцігоддзяў паспяхова вырашаюцца мясцовымі краязнаўцамі. І цудоўна, што сярод гэтых краязнаўцаў шмат настаўнікаў. Яшчэ прыемна, што нашы калегі сталі пераможцамі конкурсу на лепшае краязнаўчае выданне за 2017—2019 гады, які праводзіўся ў рамках форуму. А настаўнік геаграфіі Пастаўскай гімназіі Ігар Міхайлавіч Пракаповіч нават заваяваў гран-пры конкурсу. Пра вопыт краязнаўчай работы педагогаў — удзельнікаў форуму чытайце ў наступных нумарах “Настаўніцкай газеты”.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.