Побач з сям’ёй, побач з кнігай…

- 10:14Культура

Учора ў выставачным павільёне, які знаходзіцца на праспекце Пераможцаў, 14, пачала працаваць ХХIII Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш. Дзясяткі кніжных выдаўцоў, сотні кніжных прылаўкаў, тысячы найноўшых беларускіх кніжак — трымайце, гартайце, любуйцеся! І галоўнае — чытайце.

Як ніколі, парадавалі словы арганізатараў выставы. Яны былі хоць высокія, але вельмі шчырыя. Поўныя вялікай удзячнасці і павагі словы ў адрас удзельнікаў і сяброў ХХIII Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу выказаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка (віншаванне прэзідэнта нашай краіны агучыў намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта краіны Ігар Іванавіч Бузоўскі). Ён выказаў упэўненасць у тым, што духоўна-культурныя каштоўнасці і надалей будуць перадавацца пакаленням і асновай гэтай перадачы будзе заставацца кніга. Творчага натхнення пажадаў Аляксандр Рыгоравіч удзельнікам ХХІІІ ММКВК.У сваю чаргу міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Лілія Станіславаўна Ананіч агучыла гэтую красамоўную лічбу: у сёлетняй выставе-кірмашы ў Мінску прымае ўд зел больш за 30 краін. А ганаровым госцем ХХІІІ ММКВК з’яўляецца Арменія.
Лілія Станіславаўна таксама падкрэсліла, што адной з самых важных падзей сёлетняга кніжнага форуму ў Мінску стане Міжнародны сімпозіум літаратараў “Пісьменнік і час”. Лагічным працягам усіх гуманітарных намаганняў, якія ладзіліся на працягу апошніх гадоў у нашай краіне, назвала Лілія Ананіч ХХІІІ Мінскую міжнародную кніжную выставу-кірмаш. “Удачы табе, кніжная выстава-кірмаш. А ты, кніга, будзь заўсёды побач з сям’ёй, побач з мамай, татам і іх дзецьмі…”Нагадаем нашым чытачам, што ХХІІІ Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш будзе працаваць да 14 лютага ў выставачным павільёне па праспекце Пераможцаў, 14.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота Мікалая ПЯТРОВА, БелТА.