Помніць імёны герояў

- 10:34Навіны рэгіёнаў

Штогод 8 лютага ва ўсіх навучальных установах краіны хлопчыкі і дзяўчынкі ўспамінаюць равеснікаў, якія ў суровае ваеннае ліхалецце разам з дарослымі сталі на абарону краіны.

Змэтай выхавання патрыятызму, любові і гонару за свой народ у Князеўскай сярэдняй школе Зэльвенскага раёна адбыўся піянерскі збор-рэквіем “Ніколі не забудзем”, прысвечаны Дню юнага героя-антыфашыста. Усе члены дружыны “Дружная” сабраліся разам у фае школы, каб ушанаваць памяць юных піянераў-герояў, на чые дзіцячыя плечы лёг цяжар страт, гора і нядолі. Піянеры расказалі сваім школьным сябрам малодшага ўзросту аб подзвігах, якія здзейснілі Люся Герасіменка, Зіна Партнова, Марат Казей, прачыталі пра іх вершы. У гэты жалобны дзень успомнілі Валю Коціка, Лёню Голікава, Лару Міхеенка, Васю Карабко. Школьнікі ўшанавалі памяць аб усіх юных героях хвілінай маўчання.

Упэўнена, што сённяшняму пакаленню маладых людзей трэба зноў і зноў нагадваць імёны дзяўчынак і хлопчыкаў, іх равеснікаў, якія прынеслі ў ахвяру сваё жыццё дзеля таго, каб пакаленне, якое нарадзілася і жыве пасля вайны, памятала аб цане мірнага неба над галавой.

Ганна САСНОЎСКАЯ,
педагог-арганізатар Князеўскай сярэдняй школы Зэльвенскага раёна.