Гэты год прынёс адразу некалькі прыемных падзей. Літаральна праз 2 месяцы ўстанове споўніцца 150 гадоў. А не так даўно дырэктар каледжа член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Таццяна Генадзьеўна ПОЛУШКІНА атрымала званне заслужанага работніка адукацыі.
Педагог — гэта дарадчык у многіх пытаннях
— Таццяна Генадзьеўна, што для вас значыць атрыманая ўзнагарода?
— Гэта высокая ацэнка не толькі маёй работы як кіраўніка навучальнай установы, дырэктара з 24-гадовым стажам, але і ўсяго калектыву каледжа. Я вельмі ўдзячна калегам за сумесную сістэмную работу па падрыхтоўцы спецыялістаў для сістэмы адукацыі.
Нашы педагогі — гэта высокапрафесійны педагагічны калектыў. З 88 педагагічных работнікаў 78% маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, 55% — акадэмічную ступень магістра. Акрамя гэтага, 1 педагогу прысвоена званне кандыдата філалагічных навук, а 6 выкладчыкаў узнагароджаны нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі”.
Кіраваць такім калектывам вельмі адказна і ганарова. Я лічу, што дырэктар павінен быць лідарам, шмат працаваць над сабой, каб ісці ў нагу з часам. Сістэма адукацыі пастаянна знаходзіцца ў развіцці: абнаўляецца змест, пашыраецца спектр адукацыйных паслуг за кошт увядзення новых спецыяльнасцей і спецыялізацый, укараняюцца новыя адукацыйныя тэхналогіі, удасканальваюцца сістэма выхаваўчай работы, сістэма кіравання развіццём каледжа, матэрыяльная база і г.д.
З упэўненасцю магу сказаць, што калі кіраўніцтва каледжа, педагагічны калектыў і навучэнцы працуюць як адзіны зладжаны механізм, калі чуюць адно аднаго, то гэта прынясе плён.
— Раскажыце, калі ласка, пра сваё станаўленне ў педагогіцы і кіраўніцкай справе.
— Усё маё жыццё непарыўна звязана з педагогікай. Пасля заканчэння агульнаадукацыйнай школы № 13 Полацка паступіла ў Віцебскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя С.М.Кірава. Пасля вярнулася ў свой родны горад, два гады працавала ў школе № 7 Полацка (сёння гэта Полацкая дзяржаўная гімназія № 1 імя Ф.Скарыны), затым была прызначана на пасаду арганізатара пазакласнай і пазашкольнай работы.
Для паспяховай работы каледжа неабходны прафесійныя педагогі, якія пастаянна імкнуцца да ўдасканалення і самаадукацыі, якія смела і творча выкарыстоўваюць інавацыйныя тэхналогіі ў спалучэнні з традыцыйнымі метадамі і прыёмамі навучання і выхавання.
З 1 верасня 1981 года (пасля конкурснага адбору) працавала выкладчыкам філалагічных дысцыплін у Полацкім ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга педагагічным вучылішчы імя Ф.Скарыны. Сёння гэта Полацкі каледж Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава. Дарэчы, у маёй працоўнай кніжцы толькі два запісы: школа № 7 і педагагічны каледж, у якім пройдзены шлях ад выкладчыка, намесніка дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце да дырэктара навучальнай установы.
— Зыходзячы з вопыту: што неабходна для паспяховай работы ўстановы адукацыі?
— Для паспяховай работы каледжа перш за ўсё неабходны матываваныя навучэнцы, якія ўсведамляюць важнасць прафесіі настаўніка. Таксама неабходны прафесійныя педагогі, якія пастаянна імкнуцца да ўдасканалення і самаадукацыі, якія смела і творча выкарыстоўваюць інавацыйныя тэхналогіі ў спалучэнні з традыцыйнымі метадамі і прыёмамі навучання і выхавання. Упэўнена: кожны выпускнік педагагічнай навучальнай установы — гэта не толькі педагог. У першую чаргу гэта асоба і дарадчык у многіх пытаннях. А першачарговая задача педагога, які любіць сваю краіну, — выхаваць не толькі высокаадукаванага грамадзяніна, але і патрыёта роднага краю.
Безумоўна, для паспяховай дзейнасці каледжа важным з’яўляецца ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, пашырэнне супрацоўніцтва з навучальнымі ўстановамі Расійскай Федэрацыі, арганізацыя дзейнасці навукова-даследчых аб’яднанняў навучэнцаў каледжа і Полацкага ўніверсітэта.
— Назавіце дасягненні каледжа, якімі вы як кіраўнік ганарыцеся больш за ўсё?
— Перш за ўсё я ганаруся тым, што са мной працуе высокапрафесійны калектыў выкладчыкаў, які актыўна прапагандуе свой педагагічны вопыт, прымаючы ўдзел у рэспубліканскіх і міжнародных навукова-практычных канферэнцыях. Нашы педагогі друкуюць навукова-метадычныя артыкулы ў профільных газетах, часопісах. На працягу 15 гадоў наш каледж перамагае (дыпломы I, II ступені) на рэспубліканскіх выставах перадавога педагагічнага вопыту.
У нашай установе на высокім узроўні арганізавана ідэалагічная і выхаваўчая работа. Так, за апошнія тры гады Полацкі каледж станавіўся пераможцам абласнога агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю ідэалагічнай работы ў працоўных калектывах Віцебскай вобласці ў намінацыі “Вышэйшая, сярэдняя спецыяльная і прафесійна-тэхнічная адукацыя”. У 2022 годзе наша ўстанова была занесена на Дошку гонару Полацка і Полацкага раёна.
Гордасцю каледжа з’яўляюцца творчыя калектывы, якія маюць званне народных: вакальны ансамбль “Вясна”, эстрадная студыя “Серпанцін”, харавая капэла выкладчыкаў і навучэнцаў. Візітнай карткай нашай установы адукацыі сталі аркестр навучэнцаў і выкладчыкаў “Рэнесанс” і музычны тэатр “Фігара”. Вынікам работы калектываў сталі шматлікія перамогі ў міжнародных і рэспубліканскіх творчых праектах, на фестывалях і конкурсах.
Таксама мы ганарымся зборнай камандай каледжа па валейболе. Каманда дзяўчат у 2021 годзе стала бронзавым прызёрам рэспубліканскіх спаборніцтваў па валейболе сярод сярэдніх спецыяльных і прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў.
Прыняцце ініцыятывы педагога і творчага падыходу ў вырашэнні пастаўленай задачы, падтрыманне іміджу педагога, яго захаванне і трансляцыя навучэнцам каледжа — за ўсё гэта адказны кіраўнік навучальнай установы.
Несумненна, мы вельмі ганарымся ўдзелам у эксперыментальным інавацыйным праекце “Распрацоўка і апрабацыя электроннага адукацыйнага рэсурсу для інтэграцыі ў адзіны адукацыйны рэсурс для ўстаноў ПТА і ССА” і міжнародным узаемадзеяннем з навучальнымі ўстановамі розных краін. Так, у нас заключаны дагаворы і пагадненні аб двухбаковым супрацоўніцтве з пяццю педагагічнымі каледжамі Расійскай Федэрацыі (Кемераўскім педагагічным каледжам, педагагічным каледжам № 18 Міціна (Масква), педагагічнымі каледжамі №№ 4, 8 Санкт-Пецярбурга, Смаленскім педагагічным каледжам).
Індывідуалізацыя навучання — прыярытэт прафесійнай адукацыі
— Якія задачы ставіць перад сабой ваш калектыў на будучыню? Якімі прынцыпамі кіруецеся ў рабоце?
— Самае важнае — гэта якасная падрыхтоўка спецыялістаў для сістэмы адукацыі. Маладыя педагогі павінны быць здольнымі хутка адаптавацца да зменлівага рынку працы і вырашаць шырокае кола прафесійных, сацыяльных і інавацыйных задач.
Таксама ў нашых планах умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы навучальных устаноў і развіццё звязанай з каледжам інфраструктуры, забеспячэнне высокага ўзроўню кваліфікацыі і матывацыі выкладчыцкага і дапаможнага персаналу як найважнейшага рэсурсу ўстановы.
Каледж будзе і надалей прымаць удзел у эксперыментальнай дзейнасці з мэтай стварэння адзінага інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя, выкарыстоўваючы лічбавыя тэхналогіі.
Без забеспячэння актыўнага ўдзелу каледжа ў міжнародных інтэграцыйных адукацыйных працэсах, без развіцця супрацоўніцтва з адукацыйнымі і культурнымі ўстановамі рэгіёна, краіны і замежжа, як і без развіцця сістэмы сацыяльнай падтрымкі супрацоўнікаў і навучэнцаў і ўмацавання іх здароўя, паспяховае функцыянаванне адукацыйнай установы таксама немагчыма.
Што тычыцца прынцыпаў, якімі, упэўнена, павінен кіравацца кожны кіраўнік установы адукацыі — не толькі каледжа, то ў першую чаргу гэта павага да кожнага работніка каледжа і навучэнцаў, а таксама ўважлівае стаўленне да праблем педагогаў і дзяцей, дапамога ў іх вырашэнні.
Патрабавальнасць і прынцыповасць у выкананні службовых абавязкаў работнікаў і захаванне адзіных патрабаванняў навучэнцамі, прыняцце ініцыятывы педагога і творчага падыходу ў вырашэнні пастаўленай задачы, падтрыманне іміджу педагога, яго захаванне і трансляцыя навучэнцам каледжа — за ўсё гэта адказны кіраўнік навучальнай установы. Але ён павінен не толькі сачыць, каб гэтыя прынцыпы выконваліся. Дырэктар павінен гэта рэтрансліраваць і вучыць усіх, хто побач.
— Ведаю, што ў Полацкім каледжы ВДУ імя П.М.Машэрава большасць выкладчыкаў — вашы лепшыя выпускнікі.
— Гэта праўда. Мы гэтым ганарымся, і гэта нас адрознівае ад іншых. Калі прыходзяць маладыя спецыялісты, заўсёды звяртаю ўвагу на ўзровень іх тэарэтычнай падрыхтоўкі, на ўменне кантактаваць, весці дыялог з вучнямі, калегамі, бацькамі, на імкненне і жаданне быць у прафесіі педагога. Таксама звяртаю ўвагу на чалавечыя якасці: адказнасць, любоў да дзяцей, добрасумленнасць, міласэрнасць, памяркоўнасць, на жаданне ўдзельнічаць у грамадскім жыцці каледжа і горада, быць актыўным і ініцыятыўным.
Работа з моладдзю будуецца ў адпаведнасці з планамі выхаваўчай работы каледжа і Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава. Навучэнцы каледжа прымаюць актыўны ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах і акцыях, якія праводзяцца ў раёне, вобласці і краіне. Безумоўна, вялікая ўвага ўдзяляецца патрыятычнаму выхаванню: маладыя спецыялісты прымаюць удзел у маладзёжных форумах, спартыўных мерапрыемствах і інш.
— Таццяна Генадзьеўна, па вашым меркаванні, наколькі эфектыўна сёння працуе сістэма падрыхтоўкі спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай педагагічнай адукацыяй?
— Сістэма падрыхтоўкі ПТА і ССА сёння працуе эфектыўна. Дастаткова прывесці ў прыклад нашу навучальную ўстанову. На працягу больш як 20 гадоў каледж на 100% выконвае кантрольныя лічбы прыёму па ўсіх спецыяльнасцях. Таксама на 100% праходзіць размеркаванне навучэнцаў па розных рэгіёнах нашай краіны. Гэта з’яўляецца доказам запатрабаванасці спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай педагагічнай адукацыяй.
Увогуле, прафесійная падрыхтоўка спецыялістаў павінна пастаянна ўдасканальвацца. Маладыя спецыялісты павінны ўмець хутка адаптавацца ва ўмовах прафесійнай канкурэнцыі. Акрамя гэтага, вялікая роля павінна адводзіцца пераемнасці і бесперапыннасці прафесійнай адукацыі, гнуткасці і дынамічнасці сістэмы прафесійнай адукацыі. Актуалізацыя адукацыйных і выхаваўчых праграм, планаў згодна з патрабаваннямі грамадства, пастаяннае ўзаемадзеянне з заказчыкамі кадраў, забеспячэнне апераджальнага характару прафесійнай адукацыі і індывідуалізацыя навучання — вось што павінна знаходзіцца ў прыярытэце прафесійнай адукацыі.
Гутарыла Наталля САХНО.





