Поспех любіць працавітых

- 15:39Навіны рэгіёнаў, Рознае
На Століншчыне вызначылі пераможцаў раённага этапу Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў “Настаўнік года”. Фінальнае шоу спаборніцтва адбылося ў Столінскім гарадскім доме культуры.

На конкурс, які праходзіў у 6 намінацыях, было пададзена 24 заяўкі ад педагогаў з 14 устаноў адукацыі. У фінальны тур прайшлі 16 педагогаў у 5 намінацыях. Журы ацаніла прафесійнае майстэрства настаўнікаў у распрацоўцы метадычных матэрыялаў і правядзенні ўрокаў у незнаёмых класах і вызначыла 5 пераможцаў. Сярод іх — настаўніца пачатковых класаў Ірына Міхайлаўна Неўдах з сярэдняй школы № 2 Століна, настаўніца англійскай мовы Алена Васільеўна Федарук і настаўнік працоўнага навучання Аляксандр Юр’евіч Камароў са Столінскай гімназіі, настаўніца
фізікі Наталля Юр’еўна Азарава з Асаўской сярэдняй школы і настаўніца гісторыі Ганна Валер’еўна Чырэц з сярэдняй школы № 3 Століна.
На сцэне ГДК канкурсанты ў яркай і творчай форме раскрывалі сакрэты ўласнага педмайстэрства і расказвалі пра сябе. Так, І.М.Неўдах з дапамогай мультымедыйнай прэзентацыі паказала напрамкі сваёй работы, тэхналогіі, якія выкарыстоўвае ў ёй, і дасягненні. Калегі расказвалі пра настаўніцу ў песнях, а навучэнцы — у маляўнічых карцінках. Педагог лічыць, што няма нічога больш важнага ў свеце, чым давер дзяцей.
А.Ю.Камароў паўстаў перад гледачамі як надзвычай творчы і таленавіты чалавек. Педагог спявае ў заслужаным аматарскім калектыве Беларусі, любіць маляваць па дрэве і метале. А галоўны талент настаўніка — талент чалавечых зносін і душэўнасць, якія пакараюць суразмоўцаў адразу і назаўсёды. Аляксандр Юр’евіч вучыць дзяцей таму, што абавязкова спатрэбіцца ў жыцці. Гледачы пазнаёміліся з вырабамі не толькі навучэнцаў, але і настаўніка.
Г.В.Чырэц стала настаўніцай таму, што ў дзяцінстве ёй… “своечасова не зрабілі прышчэпку”. Ганна Валер’еўна працягвае педагагічную дынастыю бацькоў.
Выступленне Н.Ю.Азаравай было пабудавана ў выглядзе фільма “Наталля Юр’еўна не мяняе прафесію”.
Выхаванцы А.В.Федарук не шкадавалі цёплых слоў у адрас любімай настаўніцы.
Выступленні канкурсантаў паказалі, што поспеху можна дасягнуць толькі дзякуючы любові да дзяцей, энтузіязму, ініцыятыўнасці, творчасці і вялікай працавітасці.
Віншуючы пераможцаў, начальнік раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму А.М.Вячорка і старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі А.К.Максімовіч адзначылі высокі прафесіяналізм і кампетэнтнасць канкурсантаў, іх крэатыўнасць і пажадалі ім поспехаў у абласным этапе спаборніцтва.

Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.