Поспех настаўніка — творчасць і эрудыцыя

Выкладчыкі педагагічных каледжаў Гомельшчыны разам са сваімі навучэнцамі і будучымі калегамі даказалі, што педагогі ўмеюць не толькі добра працаваць, але і добра, з карысцю адпачываць.

Педагагічны рынг “Творчасць — шлях да поспеху” сабраў у Лоеўскім педкаледжы творчых выкладчыкаў і лепшых навучэнцаў чатырох педагагічных каледжаў. Ім неабходна было паспаборнічаць у трох інтэлектуальных конкурсах: адказаць на пытанні вядучага, якія тычыліся тэорый і знакамітых выказванняў навукоўцаў і вядомых педагогаў, успомніць назву, а таксама прыгадаць рэжысёраў і акцёраў фільмаў пра настаўнікаў і, нарэшце, паспрабаваць абыграць сапернікаў у рашаючым конкурсе “Брэйн-рынг”.
Думка правесці “Педагагічны рынг” узнікла ў адміністрацыі Лоеўскага педагагічнага каледжа.
— Мы даволі часта збіраемся на семінары, фестывалі, у якіх удзельнічаюць як выкладчыкі, так і навучэнцы, — гаворыць дырэктар каледжа Раіса Каляда. — Але сённяшняе мерапрыемства — гэта нешта іншае. З аднаго боку, яно мае забаўляльны характар, а з другога — патрабуе добрай эрудыцыі.
Насамрэч, спаборніцтва было нялёгкім, а хваляванні ўдзельнікаў зашкальвалі. Праводзіла “Педагагічны рынг” знакаміты ў Гомельскай вобласці трэнер па інтэлектуальных гульнях педагог дадатковай адукацыі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Чыгуначнага раёна Гомеля Святлана Лешчанка. Яна мае даволі вялікі вопыт як падрыхтоўкі ўдзельнікаў да інтэлектуальных спаборніцтваў, так і непасрэдна правядзення турніраў. Святлана Леанідаўна назапасіла для педагогаў шмат цікавых пытанняў. І калі ў пачатку гульні каманды нерашуча ціснулі на кнопку, каб даць адказ, то ўжо ў другім конкурсе гатоўнасць удзельнікаў выказаць сваю думку прыкметна ўзрасла.
Асабліва напружаным быў “брэйн-рынг”, у якім вызначаліся пераможцы. Каманда Лоеўскага педагагічнага каледжа абышла гульцоў з Рагачова, а каманды Гомельскага і Рэчыцкага педагагічных каледжаў доўга абыходзілі адна адну, па чарзе набіраючы ачкі. У рэшце рэшт гамяльчане выйшлі ўперад і пакінулі за сабой першае месца. На другім аказалася каманда прымаючага боку. Педагогі і навучэнцы Лоеўскага педкаледжа праявілі высокую эрудыцыю. У асабістым заліку трое гульцоў каманды набралі найвышэйшую колькасць балаў — 10. У іншых трох камандах вызначыліся толькі па адным гульцу, якія набралі 6 і 9 балаў.
— Для выкладчыкаў барацьба была асабліва няпростай, — пракаменціравала спаборніцтва намеснік дырэктара Гомельскага педагагічнага каледжа імя Л.С.Выгоцкага Людміла Капаткова. — Кожнаму з іх было вельмі важна застацца моцным, эрудзіраваным выкладчыкам у вачах сваіх навучэнцаў.
Педагагічнае спаборніцтва скончылася, каманды атрымалі свае ўзнагароды, але на калідорах каледжа гульцы яшчэ доўга абмяркоўвалі саму гульню, конкурсы, пытанні.
Завяршылася інтэлектуальна-пазнавальнае мерапрыемства наведваннем Музея бітвы за Днепр.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *