Поспех спрыяе актыўным

- 11:44Навіны рэгіёнаў

Лідар ёсць у кожным класе, у кожнай школе. І не адзін, што і прадэманстравалі на адборачным этапе IV Рэспубліканскага агляду-конкурсу “Лідар года — 2016” школьнікі, гімназісты і ліцэісты Ленінскага раёна Гродна.

Удзельнікамі агляду-конкурсу сталі лідары дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў, органаў вучнёўскага самакіравання, члены дзіцячых і маладзёжных парламентаў, якія рэалізоўваюць ініцыятыву “Горад, дружалюбны да дзяцей”. А яшчэ ўсе яны — асобы творчыя, актыўныя, спартыўныя, якія маюць высокія вынікі ў вучобе. Прадэманстраваць свае лідарскія якасці, творчыя здольнасці, грамадзянскую пазіцыю ўдзельнікі маглі ў некалькіх конкурсах. Партфоліа “Гісторыя майго поспеху” і конкурс эсэ, апавяданняў, нарысаў “Свет, я цябе чую” ацэньвалася журы папярэдне. У вочным туры маладыя лідары даказвалі лідарскія якасці, уменне павесці за сабой калектыў словам і справай. Аратарскія і творчыя здольнасці, адлюстраванне светапогляду прадставілі падчас самапрэзентацыі “Мая грамадзянская пазіцыя”.Сацыяльныя ініцыятывы маладыя людзі рэалізоўваюць праз праекты, аб якіх і расказалі ў конкурсным заданні “Практыка, магчымасці, унікальнасць”. Марыя Дзямідзік з ліцэя № 1 з сябрамі рэалізоўвае праект “Я дапамагу табе ўбачыць свет”, накіраваны на падтрымку дзяцей з праблемамі зроку; памяць аб настаўніках-ветэранах, іх успаміны захаваюць навучэнцы сярэдняй школы № 23 разам з Кацярынай Шынкевіч праз рэалізацыю праекта “Вытокі святла і дабрыні”; Аляксей Суцько з гімназіі № 2 прадставіў міжнародны праект па здаровым ладзе жыцця, які гімназісты рэалізоўваюць са сваімі аднагодкамі з Літвы. “Белыя анёлы на чорнай вайне” — такую назву далі свайму праекту, накіраванаму на падтрымку ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, ваенных сясцёр міласэрнасці, школьнікі з сярэдняй школы № 32. Яго прадставіла Кацярына Іадкоўская.
Лідар не існуе без каманды. Конкурснае заданне “Лідар-сюрпрыз” і было прызвана паказацьтакую камандную работу. Адметнасцю яго стала тое, што ўдзельніку трэба было выступіць у творчым дуэце са сваім настаўнікам.
— Такое творчае адзінства паказвае, што ўдзельнікі конкурсу ўмеюць працаваць у камандзе, гэта яркія і таленавітыя маладыя людзі. Нягледзячы на юны ўзрост, гэта сапраўдныя грамадзяне Беларусі — адказныя і актыўныя, — падкрэсліла начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Ленінскага раёна Гродна Аксана Тарасевіч.
Па выніках усіх конкурсаў пераможцам стаў навучэнец 9 класа гімназіі № 2 Аляксей Суцько. Ён будзе прадстаўляць Ленінскі раён на абласным этапе конкурсу. Аляксей — выдатнік вучобы, займаецца вакалам і актыўна ўдзельнічае амаль ва ўсіх творчых гарадскіх мерапрыемствах. У падарунак Аляксей атрымаў планшэт.
Лідарам-інтэлектуалам стала Марыя Дзямідзік з ліцэя № 1, званне лідара-аратара атрымала навучэнка Гродзенскай гарадской гімназіі Ксенія Лазарэвіч, лідара-ініцыятара — Яўгенія Дакола з 6-й гімназіі, лідара-артыстычнасць — навучэнка сярэдняй школы № 32 Кацярына Іадкоўская, лідара-арганізатара — навучэнка сярэдняй школы № 23 Кацярына Шынкевіч. Званне лідара-патрыёта аднагалосна прызначана Настассі Габрыельчык, якая вучыцца ў 27-й школе.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.