Прыпынкам рэспубліканскай грамадска-культурнай акцыі “Марафон адзінства” сталі Баранавічы — горад прамыслоўцаў, чыгуначнікаў і авіятараў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Упершыню форум стартаваў з выставы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі “Позірк за гарызонт”, арганізаванай на базе БарДУ, дзе былі прадстаўлены больш за 100 інавацыйных прадуктаў айчынных спецыялістаў у розных сферах.
— Студэнты, школьнікі і маладыя навукоўцы Баранавіч атрымалі цудоўную магчымасць не толькі азнаёміцца з перадавымі распрацоўкамі айчыннай акадэмічнай навукі, даведацца пра інавацыйныя кірункі яе развіцця і сусветныя трэнды ў гэтым рэчышчы, але і сустрэцца з аўтарамі цікавых праектаў, — расказаў першы прарэктар БарДУ Уладзімір Клімук. — Універсітэт стаў адной з пляцовак “Марафону адзінства” не выпадкова: гэта месца, якое натхняе і матывуе маладых даследчыкаў да новых навуковых пошукаў для ўмацавання інтэлектуальнага і сацыяльна-эканамічнага патэнцыялу нашай краіны.
Асаблівую ўвагу прыцягвала экспазіцыя, прысвечаная распрацоўцы генетычнага пашпарта здароўя чалавека і тэхналогіі “генетыкі прыгажосці”, а таксама новым матэрыялам: шматслойным плёначным электрамагнітным экранам, монакрышталям і ювелірным вырабам са штучных сапфіраў, рубінаў і ізумрудаў (у свеце толькі 5 краін, у тым ліку і наша, валодаюць тэхналогіямі іх вытворчасці). Цікавасць выклікала і экспазіцыя, звязаная з авіякасмічнымі дасягненнямі — беларускім штучным спадарожнікам, беспілотнымі лятальнымі апаратамі і аэрастатам. Біятэхналагічная экспазіцыя знаёміла з кампазіцыйнымі біяматэрыяламі для касцявой пластыкі і біяпрэпаратамі для аднаўлення ўрадлівасці глебы і ачысткі вады. Фота- і відэаматэрыялы расказвалі пра беларускую арктычную экспедыцыю і падрыхтоўку айчынных касманаўтаў.
— Хаця навукай і не займаюся (буду выхавальніцай дзіцячага сада), прыйшла на выставу з радасцю, бо лічу, што кожны чалавек павінен пашыраць кругагляд. Больш за ўсё зацікавіў стэнд з беларускімі ізумрудамі. Не ведала, што яны з’яўляюцца аднымі з самых якасных у свеце. Вырастаюць усяго за 3 месяцы і радуюць вока не горш за прыродныя. Я ў захапленні! — падзялілася ўражаннямі ад выставы чацвёртакурсніца БарДУ Кацярына Гуненка.
“НЕсумная НЕлекцыя” сабрала выкладчыкаў і навучэнцаў Баранавіцкага дзяржаўнага каледжа лёгкай прамысловасці імя В.Я.Чарнышова і Баранавіцкага дзяржаўнага каледжа тэхналогіі і дызайну. У госці да моладзі завіталі намеснік міністра адукацыі Беларусі Кацярына Пятруцкая, кіраўнік прадстаўніцтва Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы ў Мінску Марыяна Шчоткіна і інш.
— У жыцці вельмі важна не толькі зрабіць правільны выбар, але і адказваць за яго, забяспечыць паступальнае развіццё краіны, яе незалежнасць і дабрабыт нашчадкаў, захаваць традыцыйныя сямейныя каштоўнасці… Кожны можа і павінен унесці свой уклад у гэта, — адзначыла Марыяна Шчоткіна.
Данііл Дрэсманіс з Баранавіцкага дзяржаўнага каледжа лёгкай прамысловасці імя В.Я.Чарнышова прызнаўся, што з дзяцінства ўяўляў сябе ў тэхнічнай сферы, таму асвойвае спецыяльнасць тэхніка-механіка ў лёгкай прамысловасці, а затым плануе атрымаць дыплом інжынера-механіка, каб працаваць на айчыннай швейнай вытворчасці.
— Падобныя сустрэчы дазваляюць даведацца пра штосьці новае, прымушаюць задумацца пра важныя рэчы ў жыцці, — лічыць юнак.
— На такіх сустрэчах вучышся ў спікераў прыгожа размаўляць, трымацца ў вялікай аўдыторыі, — дадае Наталля Дзягцярык.
— Лекцыя сапраўды аказалася нясумнай і надзвычай цікавай, — прызнаўся Максім Сцяпанаў з Баранавіцкага дзяржаўнага каледжа тэхналогіі і дызайну. — Сустрэча яшчэ раз прымусіла задумацца пра ўласны прафесійны выбар і яго наступствы. Пераканаўся, што не памыліўся, калі пайшоў вучыцца на прадаўца. Без работы дакладна не застануся. Што да выбару будучыні краіны, то да гэтага пытання варта падыходзіць яшчэ больш удумліва, разважліва і адказна, каб не знішчыць зробленае папярэднікамі.
— Несумненна, сустрэча будучых швачак з прадстаўніком вядомага вытворцы адзення “Панда” надоўга запомніцца яе ўдзельнікам, бо некаторым юнакам і дзяўчатам давядзецца там працаваць, — заўважыла Кацярына Пятруцкая. — З першых вуснаў навучэнцы даведаліся пра ўмовы працы і сацыяльныя гарантыі на прадпрыемстве, а таксама пазнаёміліся з цікавым чалавекам, які знайшоў сябе ў любімай справе.
Шмат станоўчых эмоцый пакінула сустрэча Марыяны Шчоткінай са студэнтамі БарДУ ў рамках праекта “Маё жыццё. Мой шлях. Мой Прэзідэнт”. Спікер расказала моладзі пра ўласны прафесійны шлях і дзяржаўную кадравую палітыку.
— Задача старэйшага пакалення — перадаць эстафету ў надзейныя рукі наступнаму, дапамагчы яму ўсвядоміць адказнасць за будучыню краіны і захаваць мір на роднай зямлі, — падкрэсліла Марыяна Шчоткіна.
Любоў да Радзімы — адна з галоўных якасцей цывілізаванага чалавека, але яна павінна быць дзейснай: у рабоце, сям’і, клопаце пра сваё здароўе, дапамозе іншым.
Не засталіся Баранавічы і без традыцыйнага арт-аб’екта, які ствараецца ў рамках “Марафону адзінства” і застаецца на памяць гараджанам. Маляўнічы мурал “Будучыня Беларусі ў тваіх руках” размясціўся на адным з жылых дамоў непадалёк двух каледжаў і БарДУ.
Гарадскі квест “Гэта ўсё маё роднае”, арганізаваны на пляцоўцы каля Лядовага палаца, сабраў 80 каманд, якія з добрым настроем і азартам спаборнічалі ў веданні гісторыі, развіцця і знакамітых людзей горада і не толькі.
— Мы вырашылі праверыць веды па гісторыі, і вынік нас парадаваў — 120 балаў! Асабліва запомнілася пытанне пра беларускую кухню — страву крупнік. Усе ў захапленні ад лакацыі “Бульба-дэнс”, дзе разам станцавалі пад беларускі хіт, што і дало апошнія выйгрышныя балы, — расказала педагог-арганізатар капітан каманды ліцэя № 1 Баранавіч Лізавета Кузняцова.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота БелТА