Пра атэстацыю і не толькі

Заўчора ў рэдакцыі “Настаўніцкай газеты” адбылася прамая лінія са спецыялістамі Цэнтральнага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі. На пытанні нашых чытачоў адказвалі Раман Восіпавіч Дапіра, намеснік старшыні цэнтральнага камітэта, Ларыса Васільеўна Манюк, галоўны прававы інспектар працы, Валянціна Рыгораўна Герасімовіч, загадчык аддзела сацыяльна-эканамічнай работы, і Марына Леанідаўна Лясун, галоўны тэхнічны інспектар працы. На працягу больш чым дзвюх гадзін спецыялісты адказвалі на пытанні, звязаныя з праходжаннем атэстацыі на прысваенне кваліфікацыйных катэгорый, асаблівасцямі налічэння заработнай платы, заключэння ці скасавання працоўных адносін, адметнасцямі арганізацыі працоўнага распарадку, а таксама вырашэння жыллёвага пытання педагогаў. Сёння мы пачынаем публікаваць адказы на найбольш актуальныя для многіх супрацоўнікаў галіны пытанні.

— Працаваў 25 гадоў настаўнікам фізікі, меў першую кваліфікацыйную катэгорыю. Потым па стане здароўя вымушаны быў аформіць інваліднасць — не працаваў. Зараз вярнуўся ў школу, але ўжо выхавальнікам групы прадоўжанага дня. Ці магчыма перанесці катэгорыю настаўніка на маю сённяшнюю пасаду выхавальніка? Калі так, якім павінен быць парадак дзеянняў з майго боку?
прафР.В.: — У адпаведнасці з пунктам 20 Інструкцыі аб парадку правядзення атэстацыi педагагiчных работнiкаў сiстэмы адукацыi (акрамя педагагiчных работнiкаў з лiку прафесарска-выкладчыцкага складу ўстаноў вышэйшай адукацыi), зацверджанай пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Бедарусь 22 жнiўня 2012 г. № 101 у рэдакцыі пастановы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 26.03.2014 № 20, выхавальнікі, калi iм прысвоена квалiфiкацыйная катэгорыя па пасадзе настаўнiка, пры праходжаннi атэстацыi на прысваенне квалiфiкацыйнай катэгорыi па пасадзе выхавальніка маюць права прэтэндаваць на прысваенне той жа квалiфiкацыйнай катэгорыi, якую яны маюць па пасадзе настаўніка, незалежна ад вызначанага часткай першай пункта 19 названай iнструкцыi стажу работы на гэтай пасадзе.
Гэта значыць, што пры наяўнасці ў вас першай кваліфікацыйнай катэгорыі па пасадзе настаўніка і жадання прайсцi атэстацыю на прысваенне той жа квалiфiкацыйнай катэгорыi па пасадзе выхавальніка ў адпаведнасці з пунктам 17 інструкцыі вы маеце права падаць адпаведную заяву ў атэстацыйную камісію ў тэрмін да 31 сакавіка бягучага навучальнага года. У сваю чаргу атэстацыйная камісія павінна дапусціць вас да атэстацыі на прысваенне першай кваліфікацыйнай катэгорыі па пасадзе выхавальніка незалежна ад стажу работы па пасадзе выхавальніка. Атэстацыя ў гэтым выпадку праводзіцца ў такім жа парадку, што і ў дачыненні да астатніх асоб з ліку выхавальнікаў, якія прэтэндуюць на прысванне першай кваліфікацыйнай катэгорыі па пасадзе выхавальніка, гэта значыць, у форме атэстацыйнай гутаркі на пасяджэннi атэстацыйнай камiсii ў тэрмін, вызначаны ў адпаведнасцi з графiкам атэстацыi.
Трэба мець на ўвазе, што прысваенне ці адмова ў прысваенні ў вашым выпадку першай кваліфікацыйнай катэгорыі па пасадзе выхавальніка з’яўляецца прэрагатывай атэстацыйнай камісіі. Пры адмове ў прысваенні першай кваліфікацыйнай катэгорыі па пасадзе выхавальніка ў адпаведнасці з пунктам 52 інструкцыі вы маеце права прайсцi атэстацыю на прысваенне квалiфiкацыйнай катэгорыi не раней чым праз адзiн год пасля прыняцця адпаведнага рашэння атэстацыйнай камiсiяй.
Адносна перапынку ў рабоце на пасадзе педагагічнага работніка, які ў вас маецца ў сувязі са станам здароўя, тлумачым наступнае. Накіраванне вас па iнiцыятыве кiраўнiка ўстановы адукацыi на пацвярджэнне першай кваліфікацыйнай катэгорыі па пасадзе настаўніка як педагагічнага работніка, які мае перапынак у працы на педагагiчных пасадах больш як два гады, у адпаведнасці з пунктам 5 названай інструкцыі не дапускаецца, бо вы не займаеце на цяперашні момант пасаду настаўніка.

— Працавала ва ўстанове дашкольнай адукацыі музычным кіраўніком, асноўнай адукацыя ў мяне профільная вышэйшая — музычна-педагагічны факультэт педагагічнага ўніверсітэта. Скажыце, ці змагу я прэтэндаваць на прысваенне той жа кваліфікацыйнай катэгорыі (першай), калі перайду працаваць у школу настаўнікам музыкі.
Р.В.: — У гэтым пытанні мы кіруемся пунктам 20 Інструкцыі аб парадку правядзення атэстацыi педагагiчных работнiкаў сiстэмы адукацыi. На жаль, у вашым выпадку немагчыма прэтэндаваць на прысваенне па пасадзе настаўніка музыкі той жа кваліфікацыйнай катэгорыі, што і па пасадзе музычнага кіраўніка.
У вашым выпадку прыйдзецца пачынаць з другой катэгорыі. Прычым першапачаткова неабходна будзе адпрацаваць два гады настаўнікам, каб прэтэндаваць на прысваенне другой кваліфікацыйнай катэгорыі. Лепшым рашэннем у вашым выпадку было б пайці спачатку працаваць у школу па сумяшчальніцтве, а потым ужо, калі будзе напрацаваны двухгадовы стаж, прэтэндаваць на другую кваліфікацыйную катэгорыю настаўніка з далейшым пераходам на пастаяннае месца працы ў школу.
Безумоўна, мы возьмем гэтае пытанне пад увагу для далейшай прапрацоўкі і далейшага магчымага ўнясення змяненняў у адпаведную інструкцыю.

— 7 мая 2014 года настаўнік здаў кваліфікацыйны экзамен на прысваенне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Але не напісаў у неабходны час заяву ў атэстацыйную камісію, таму ў мінулым навучальным годзе не мог атэставацца. Згодна з пунктам 22 Інструкцыі аб правядзенні атэстацыі, тэрмін правядзення атэстацыі работніка на прысваенне катэгорыі не павінен перавышаць 4 месяцы з даты выдачы выпіскі з пратакола аб здачы кваліфікацыйнага экзамену. Ці ўваходзіць у гэты тэрмін працоўны адпачынак? Калі павінна быць напісана заява, каб выпіска з пратакола заставалася сапраўднай? Ці можна пісаць заяву ў атэстацыйную камісію школы з 1 верасня, калі дзейнічае яшчэ мінулы склад атэстацыйнай камісіі?
Р.В.: Найперш варта адзначыць, што напісанне заявы на праходжанне атэстацыі не прывязана да складу атэстацыйнай камісіі. У адпаведнасці з пунктам 17 Інструкцыі аб парадку правядзення атэстацыi педагагiчных работнiкаў сiстэмы адукацыi педагагічны работнік, які выказаў жаданне прайсці атэстацыю на прысваенне кваліфікацыйнай катэгорыі, падае пісьмовую заяву ў атэстацыйную камісію да 31 сакавіка бягучага навучальнага года, таму пачынаючы з 1 верасня 2014 года гэты настаўнік можа падаць адпаведную заяву.
У адпаведнасці з пунктам 22 інструкцыі, тэрмін правядзення атэстацыі педагагічнага работніка на прысваенне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі не павінен перавышаць чатырох месяцаў з даты выдачы педагагічнаму работніку выпіскі з пратакола пасяджэння кваліфікацыйнай камісіі. Такі тэрмін распрацоўшчыкамі інструкцыі і вызначаўся з улікам таго, што ён можа супасці з перыядам летніх адпачынкаў, калі атэстацыйныя камісіі не праводзяць пасяджэнні. У дачыненні да сітуацыі, указанай у пытанні, трэба дадаць, што пры вызначэнні даты заканчэння тэрміну правядзення атэстацыі будуць улічаны перыяды часовай непрацаздольнасці і працоўнага і (ці) сацыяльнага адпачынкаў педагагічнага работніка ў адпаведнасці з пунктам 22 інструкцыі.
Гэта значыць, што да заканчэння чатырохмесячнага тэрміну з даты выдачы выпіскі з пратакола пасяджэння кваліфікацыйнай камісіі без уліку вышэйпазначаных перыядаў настаўніку неабходна паспець падаць заяву ў атэстацыйную камісію, а самой камісіі прыняць рашэнне аб допуску да атэстацыі ці адмове ў такім допуску, а таксама правесці атэстацыйную гутарку з атэстуемым на сваім пасяджэнні і прыняць адпаведнае рашэнне.
Такім чынам, у гэтым выпадку тэрмін праходжання атэстацыі працягваецца прыкладна да канца кастрычніка, калі ў гэты перыяд настаўнік пабываў толькі ў працоўным адпачынку ўстаноўленай працягласці і не меў часовай непрацаздольнасці і (ці) сацыяльнага адпачынку.

— Ці абавязкова наяўнасць павышэння кваліфікацыі пры праходжанні атэстацыі на другую ці першую кваліфікацыйную катэгорыю?
Р.В.: — Варта памятаць, што ў адпаведнасці з сённяшняй рэдакцыяй інструкцыі існуе такое паняцце, як допуск да праходжання атэстацыі. Рашэнне аб допуску на праходжанне атэстацыі на прысваенне кваліфікацыйнай катэгорыі прымаецца атэстацыйнай камісіяй на чарговым пасяджэнні пасля таго, як педработнік падаў заяву на праходжанне атэстацыі на прысваенне кваліфікацыйнай катэгорыі.
У гэтым выпадку неабходна кіравацца пунктам 18 дзеючай інструкцыі аб парадку атэстацыі. У дакуменце значыцца, што абавязковымі ўмовамі допуску педработніка да атэстацыі на прысваенне кваліфікацыйнай катэгорыі — любой — з’яўляецца адпаведнасць атрыманай адукацыі кваліфікацыйным патрабаванням, наяўнасць стажу работы ў адпаведнасці з пунктам 19 інструкцыі (акрамя вызначаных інструкцыяй выпадкаў) і асваенне зместу адукацыйнай праграмы павышэння кваліфікацыі ў тэрміны, прадугледжаныя заканадаўствам. Іншымі словамі, калі ўстаноўлена абавязковае павышэнне кваліфікацыі адзін раз у тры гады, то для праходжання атэстацыі ў тым ліку і на прысваенне другой ці першай катэгорыі гэтая ўмова павінна выконвацца.

— Працую выхавальнікам у дзіцячым садзе, маю першую кваліфікацыйную катэгорыю. Хацела б перайсці на работу ў школу, ведаю, што ў нашым горадзе зараз ёсць магчымасць уладкавацца на работу выхавальнікам групы прадоўжанага дня ці педагогам-арганізатарам. Ці магчымы такі варыянт у маім выпадку? На месцы мне сказалі, што мая адукацыя “дашкольніка” не дазваляе працаваць у школе.
Р.В.: — У такім выпадку неабходна кіравацца кваліфікацыйнымі патрабаваннямі, якія прад’яўляюцца да той ці іншай пасады, устаноўленымі Выпускам 28 Адзінага кваліфікацыйнага даведніка пасад служачых “Пасады служачых, занятых у адукацыі”. У дачыненні да пасады выхавальніка ( у тым ліку групы прадоўжнага дня) гэта наяўнасць вышэйшай ці сярэдняй спецыяльнай адукацыі па профілях “Педагогіка”, “Педагогіка, прафесійная адукацыя” ці вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі і перападрыхтоўкі па профілях “Педагогіка”, “Педагогіка, прафесійная адукацыя” без прад’яўлення патрабаванняў да стажу работы. Іншымі словамі, пры наяўнасці вышэйшай адукацыі па спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя”, што мае на ўвазе падрыхтоўку па профілі “Педагогіка” са спецыялізацыяй “Педагогіка дзяцінства”, магчыма працаваць у школе выхавальнікам групы прадоўжанага дня.
Больш за тое, пры пераходзе на работу ў школу выхавальнікам групы прадоўжанага дня вы можаце прэтэндаваць на тую ж кваліфікацыйную катэгорыю, што і па пасадзе выхавальніка дашкольнай установы, — у вашым выпадку першую.
У дачыненні да пасады педагога-арганізатара прад’яўляюцца наступныя кваліфікацыйныя патрабаванні: вышэйшая ці сярэдняя спецыяльная адукацыя па профілях “Педагогіка”, “Педагогіка, прафесійная адукацыя” ці вышэйшая, сярэдняя спецыяльная адукацыя і перападрыхтоўка па профілях “Педагогіка”, “Педагогіка, прафесійная адукацыя” без прад’яўлення патрабаванняў да стажу работы.
Іншымі словамі, у вашым выпадку адукацыя не з’яўляецца перашкодай для прэтэндавання на названыя пасады.

Алена МАРКЕВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.