Пра кадры, зарплату, навацыі

- 12:18Актуально, Апошнія запісы, Рознае

Як установы адукацыі падрыхтаваны да новага навучальнага года? Як завяршаецца аздараўленчая кампанія? Колькі маладых спецыялістаў прыходзіць у нашы школы сёлета? Пра гэта і многае іншае расказаў міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Сяргей Аляксандравіч Маскевіч на сустрэчы з журналістамі.

Перш за ўсё ён паведаміў, што за летні перыяд, які яшчэ працягваецца, пройдуць аздараўленне прыкладна 354 тысячы дзяцей, з іх 19 тысяч — дзеці-інваліды, сіроты, а гэта прыкметна больш, чым у мінулыя гады. Пэўная частка юных беларусаў адпачывала за мяжой, напрыклад, у Кітаі, Грузіі.
Пасля заканчэння летняй аздараўленчай кампаніі ў навучальныя ўстановы Беларусі прыйдзе каля двух мільёнаў навучэнцаў і студэнтаў, з іх — 104 тысячы першакласнікаў (летась іх было толькі 99,5 тысячы). І за два тыдні, што засталіся да пачатку навучальнага года, трэба завяршыць усе падрыхтоўчыя мерапрыемствы, якія, як запэўніў міністр адукацыі, праходзяць у штатным рэжыме.
Так, у жніўні ў навучальныя ўстановы рэспублікі прыходзіць каля 5 тысяч маладых спецыялістаў, што адпавядае ўзроўню мінулага года.
— Абнаўленне кадраў у нас забяспечана, — заўважыў С.А.Маскевіч, — трэба палепшыць сітуацыю з іх замацаваннем на месцах, менавіта на гэта неабходна звяртаць асаблівую ўвагу. Але гэта тэма для асобнай гаворкі. Скажу толькі, што сёлета будзе павышана ўвага да настаўніцтва. Плануючы павышэнне заработнай платы на гэты навучальны год па даручэнні кіраўніка дзяржавы, мы асаблівую ўвагу ўдзялілі высокакваліфікаваным работнікам з вышэйшай катэгорыяй — нездарма ж у нас уведзена і атэстацыя на кваліфікацыйную катэгорыю “настаўнік-метадыст”. Мы вельмі разлічваем на іх прафесійную работу з маладымі педагогамі. Будзе працягнуты і эксперымент па аплаце працы педагогаў, цяпер ужо ў некалькіх рэгіёнах краіны.
Яшчэ Сяргей Аляксандравіч нагадаў, што створаны адукацыйны партал — новая сетка прафесійных зносін для спецыялістаў галіны, навучэнцаў. Наогул, школы чакае нямала навацый як у сферы вучэбна-метадычнага забеспячэння, так і ў іншых. Міністр разлічвае і на развіццё профільных класаў, якія з’яўляюцца эфектыўнай формай навучання. І, канечне, у новым навучальным годзе адбудзецца шэраг значных мерапрыемстваў: конкурс “Настаўнік года Беларусі”, які пройдзе ў новым фармаце і па новых правілах (напрыклад, з’явіцца намінацыя для выхавальнікаў дзіцячых садоў), ІІІ з’езд настаўнікаў і работнікаў адукацыі краін — удзельніц СНД.
Што да гатоўнасці беларускіх школ, то на сярэдзіну жніўня пераважная большасць з іх атрымалі пашпарты гатоўнасці. 1 верасня адчыняць дзверы 4 новыя школы прыкладна на 3000 вучняў — у Гродне, Брэсце і дзве ў Мінску. Яшчэ адна школа будзе здадзена ў эксплуатацыю пазней. Праўда, закрыта 87 малакамплектных школ з колькасцю вучняў ад 10 да 30—40 чалавек. Але колькасць навучэнцаў, якіх прымуць новыя школы, перавышае колькасць вучняў, што наведвалі закрытыя навучальныя ўстановы. Акрамя таго, пачнуць работу 5 новых дашкольных устаноў (а ўсяго на працягу года іх будзе ўведзена ў строй 14). Усе новыя навучальныя ўстановы, як падкрэсліў міністр, — надзвычай сучасная база не толькі для заняткаў, але і для адпачынку, фізкультуры.
Спыніўся С.А.Маскевіч і на такім важным пытанні, як падвоз навучэнцаў, нагадаўшы, што каля 1400 адзінак тэхнікі падвозяць да школ прыкладна 70 000 навучэнцаў. Да 1 верасня ў навучальныя ўстановы плануецца паставіць яшчэ 72 аўтобусы. Фінансуе праект адзін з беларускіх банкаў.
Пад асаблівай увагай знаходзяцца і пытанні харчавання школьнікаў і выхаванцаў дзіцячых садоў. Па-першае, пры выдачы пашпартоў гатоўнасці ўстановам адукацыі вялікая ўвага ўдзяляецца менавіта стану харчаблокаў, бо ад гэтага залежыць якасць харчавання дзяцей. Сёлета плануецца больш шчыльна задзейнічаць у вырашэнні пытанняў харчавання прафсаюзныя арганізацыі, бо пытанне шматпрофільнае і патрабуе ўдзелу розных арганізацый, грамадскасці. Зараз бацькі ў горадзе даплачваюць за харчаванне да 21 тысячы рублёў у дзень, у вёсцы — менш. “Прыкладна палова нашых дзяцей, а дакладней, іх бацькоў, маюць ільготы па аплаце харчавання”, — заўважыў Сяргей Аляксандравіч.
Падводзячы вынікі выступлення, міністр адукацыі Беларусі дадаў, што ад педагогаў чакаецца самая высокая адказнасць у новым навучальным годзе.
Па яго словах,час прыносіць новыя выклікі, а адказы на іх не заўсёды цалкам адэкватныя. Сучасныя выклікі — гэта і распаўсюджанне спайсаў, і злачыннасць. Неабходна прыкладаць яшчэ больш намаганняў для стварэння бяспечнага і здароўезберагальнага асяроддзя для дзяцей.

 

Марына ХІДДЖАЗ.