Пра песняроў беларускіх

- 10:59Навіны рэгіёнаў

“Дала мне маці гэтую мову як спадчыну і запавет” — пад такім дэвізам прайшлі ў сярэдняй школе № 22 Гродна мерапрыемствы, прысвечаныя 135-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Настаўнікі-беларусазнаўцы разам з творчай лектарскай групай навучэнцаў (Мікіта Сак, Аляксандра Родзік, Юлія Дзьячэнка, Вераніка Гаўрусік) з натхненнем і энтузіязмам рыхтаваліся да свята.

Тыдзень беларускай мовы пачаўся прэзентацыяй літаратурных і лінгвістычных газет, малюнкаў, часопісаў, прысвечаных 135-годдзю з дня нараджэння Купалы і Коласа. Змястоўным і запамінальным быў дзень, прысвечаны роднай мове. Родная мова была для вучняў не толькі вучэбным прадметам, але і сродкам зносін, сродкам выхавання любові да роднага краю, да сваёй культуры. Трэба сказаць і аб тым, што настаўнікі-філолагі на працягу тыдня шчыра запрашалі ўсіх жадаючых у госці на свае ўрокі. На працягу тыдня класныя кіраўнікі таксама ўнеслі значны ўклад у пашырэнне беларускай мовы. Яны правялі панараму класных і інфармацыйных гадзін, дзе навучэнцы мелі магчымасць дакрануцца да роднага слова, літаратурнай спадчыны народных паэтаў Беларусі, іх мудрай і спеўнай паэзіі.

У турніры знаўцаў “Юбілярам прысвячаецца” ўдзельнічалі дзве каманды, якія складаліся з вучняў 9—11 класаў. Дзеці падрыхтавалі творчыя нумары, якімі аздаблялася правядзенне гульні-конкурсу: танец у выкананні Веранікі і Кацярыны Гаўрусік, меладычная ігра на флейце Таццяны Чапрасавай, лірычныя пранікнёныя вершы прачытала Марта Крыштопік. Удзельнікі паказалі добрыя веды пра жыццё і творчасць паэтаў. У канцы спаборніцтва каманды былі ўзнагароджаны зборнікамі вершаў Янкі Купалы і Якуба Коласа.
Цікава прайшла экскурсія ў школьную бібліятэку, дзе была падрыхтавана кніжная выстава, адрасаваная юбілярам. Дзеці мелі магчымасць убачыць “Фотакаледайскоп” аб жыцці славутых паэтаў, а напрыканцы экскурсіі прайшла віктарына.

Настаўнікі-беларусазнаўцы (В.В.Яткоўская, А.П.Старышкіна, А.І.Кошалева) праводзілі кансультацыі для вучняў, настаўнікаў, бацькоў і для ўсіх, хто неабыякавы да беларускай мовы. Ключавая тэма для шчырага дыялогу — “Папулярызацыя і пашырэнне сферы выкарыстання беларускай мовы”. Трэба сказаць, што жадаючых было дастаткова. Хочацца адзначыць прыемныя сустрэчы-кансультацыі менавіта з бацькамі.

У літаратурна-музычнай кампазіцыі “Вячоркі” прынялі ўдзел вучні 8 — 11 класаў, а таксама творчая каманда бацькоў. Мерапрыемства праходзіла ў музейным пакоі, які нагадваў звычайную беларускую хатку. Гэтым самым стварыўся адпаведны эмацыянальны настрой, таму што ўсе экспанаты былі наскрозь прасякнуты беларускім духам. Не абышліся мы і без нацыянальных касцюмаў.

Як запавет вучням прагучалі словы намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Ю.Ф.Камісаравай: “Навучыцеся любіць і шанаваць нашу сінявокую Беларусь так, як гэта рабілі Янка Купала і Якуб Колас!” Беларускамоўнае свята яшчэ раз пераканала нас у тым, што Купала і Колас — гонар, сумленне і слава Беларусі. Яны пасланы з ласкі Божай нам, беларусам, на стагоддзі, назаўсёды, навечна!

Валянціна ЯТКОЎСКАЯ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 22 Гродна.