Тыдзень рускай мовы і літаратуры прайшоў у навучальных установах Іўеўскага раёна і прадэманстраваў нязменную цікавасць навучэнцаў да гэтых прадметаў. Аб тыдні, яго цікавых мерапрыемствах, якія раскрывалі загадкі і магчымасці рускай мовы, расказваюць настаўнікі.
Па веды — у інтэлектуальную краму
Ірына СЯНЮК, настаўніца пачатковых класаў Іўеўскага ясляў-сада — пачатковай школы:
— Тыдзень рускай мовы і літаратуры пачаўся з акцыі “З кнігай у ХХІ стагоддзе”. Пры ўваходзе ва ўстанову і дарослыя, і дзеці з задавальненнем чыталі на памяць любімыя вершы, прыказкі, прымаўкі, загадкі на рускай мове. Кожнага ўдзельніка за гэта пачаставалі цукеркамі.
Гісторыю ўзнікнення кнігі і пісьма дзеці даведаліся на інфармацыйных гадзінах “Як да нас прыйшла кніга”, “Як людзі навучыліся пісаць і чытаць”. Настаўнікі, выкарыстоўваючы ілюстрацыі да рускіх народных казак, правялі для навучэнцаў 1-х класаў літаратурную гульню “Ану ўгадай”. Пасля прагляду мультфільма “У краіне нявывучаных урокаў” вучні 3—4-х класаў пералічвалі слоўнікавыя словы, фразеалагічныя адзінкі, якія сустрэлі ў мультфільме.
Каліграфічнае ўменне навучэнцы праявілі ў конкурсе “Лепшы каліграф”. Многія прынялі ўдзел у конкурсе “Граматычны бой”. Займальны матэрыял быў прадстаўлены ў “Слоўнай перастрэлцы”, “Казачным атракцыёне”.
Актыўнасць прадэманстравалі і выхаванцы старэйшай групы дзіцячага сада ў віктарыне па казках, якую правялі для іх навучэнцы 3“А” класа. Бібліятэчны ўрок “Слоўнікі, даведнікі, энцыклапедыі”, музычна-літаратурны салон “Казкі водзяць карагод”, брэйн-рынг “Разумніцы і разумнікі” сфарміравалі ў дзяцей устойлівую матывацыю да ведаў па рускай мове. На практыцы рэалізаваць атрыманыя веды і ўменні навучэнцам 3—4-х класаў дапамог інтэлектуальны кірмаш. Пры наведванні кірмашовых крамак вучні з захапленнем выконвалі прапанаваныя заданні пазнавальнага, развіццёвага характару па рускай мове і літаратуры.
Знайдзі памылку
Наталля ВІРШЫЧ, настаўніца рускай мовы і літаратуры Чарнельскага дзіцячага сада — базавай школы:
— Ярка і цікава прайшоў у Чарнельскім дзіцячым садзе — базавай школе тыдзень рускай мовы і літаратуры “Філалагічны квест”.
У першы дзень кожны, хто заходзіў у школу, павінен быў прачытаць на памяць верш. У акцыі прымалі ўдзел не толькі навучэнцы, настаўнікі, але і госці школы. У фае і школьнай бібліятэцы былі аформлены выстаўкі “Кнігі-юбіляры”.
“Адгадай ілюстрацыю” — такі конкурс на лепшага знаўца твораў і аўтараў быў прапанаваны на другі дзень. Незвычайнай, пранікнёнай музыкай рускага класічнага раманса, паяднанай з залатым россыпам непаўторнай лірыкі А.С.Пушкіна, М.Ю.Лермантава, быў напоўнены трэці дзень. Таксама гучалі ўрыўкі сучасных музычных кампазіцый на вершы рускіх паэтаў. Віктарына “Якая гучыць класіка” стала сапраўдным адкрыццём для навучэнцаў.
Знайсці і выправіць памылкі ў рэкламных аб’явах і шыльдах, складзеных з памылкамі, а таксама прыдумаць свой варыянт прапанавалася вучням у чацвёрты дзень.
У конкурсе “Філалагічны калейдаскоп” спаборнічалі каманды “Ветразь” і “Пунсовыя ветразі”. Удзельнікі каманд знаходзілі ў тэксце фразеалагізмы, адгадвалі словы па іх лексічным значэнні, аднаўлялі крылатыя выразы па сінанімічных словазлучэннях, тлумачылі значэнне фразеалагізмаў. Гульня яшчэ раз пераканала навучэнцаў у тым, што займацца рускай мовай зусім не сумна, а цікава і займальна. У выніку лік быў роўны, перамаглі веды і любоў да рускай мовы.
Пераможца з другога класа
Тарэса ШМЫК, настаўніца рускай мовы і літаратуры Бакштаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы:
— Прадметны тыдзень рускай мовы і літаратуры — гэта тыдзень сутворчасці настаўніка і вучня, прадуманая і падрыхтаваная сістэма мерапрыемстваў. Прадметны тыдзень дае магчымасць рабіць тое, што хоча і можа школьнік, паспрабаваць сябе ў розных ролях. Гэта крыніца новых мастацкіх уражанняў.
Тыдзень рускай мовы і літаратуры сёлета быў рэкордным па колькасці ўдзельнікаў: абсалютна ўсе навучэнцы 2—11 класаў паспрабавалі свае сілы ў прапанаваных мерапрыемствах. Выклікаць жывую цікавасць да рускай мовы і літаратуры, рэалізаваць прынцып займальнасці дапамаглі як традыцыйныя віды дзейнасці (конкурс-гульня “Знаўцы казак”, конкурс малюнкаў “Мае любімыя твор, вокладка, героі, эпізоды”, літаратурныя чытанні “Вершаў чароўныя радкі…” ), так і новыя формы работы з мастацтвам слова (акцыя “З кнігай у XXI стагоддзе”, праграма выставачнай залы музея васковых фігур).
Адкрыўся тыдзень акцыяй “З кнігай у XXI стагоддзе”, падчас якой гучалі выказванні пра кнігу, літаратуру, пісьменнікаў і мову. Навучэнцы дзяліліся сваімі думкамі пра ролю кнігі і чытання ў сённяшнім свеце. Пераможцам стаў навучэнец 2 класа Аляксандр Буцько.
Актыўна ўдзельнічалі дзеці ў конкурсе “Адгадай твор па ілюстрацыі”, прычым каля стэнда з ілюстрацыямі можна было бачыць не толькі вучняў пачатковага і сярэдняга звяна, але і старшакласнікаў.
“Слоўная перастрэлка” завязалася паміж камандамі “Пунсовыя ветразі” і “Пунсовыя ветразі — 2017”. Ва ўпартай барацьбе яны не саступілі адна адной, і пераможцамі аказаліся абедзве каманды.
Была свая разыначка і ў літаратурных чытанняў “Вершаў чароўныя радкі…”: гульня-пантаміма “Галерэя вершаў” дала магчымасць адным удзельнікам праявіць акцёрскае майстэрства: ім трэба было без слоў данесці да гледачоў сэнс вершаваных радкоў, іншым — праявіць кемлівасць і ўспомніць гэты верш.
Незвычайна ажыўлена было ў школе ў дзень, калі працавала выставачная зала музея васковых фігур, дзе можна было пабываць у зале літаратурных персанажаў. У ролі іх выступалі вучні школы. Але гэта была не проста экскурсія. Яшчэ на ўваходзе кожны атрымліваў маршрутны ліст, у якім неабходна было адказаць на пытанні: назваць герояў, пазначыць аўтара, жанр твора. Аналіз выканання заданняў паказаў, што ўсе навучэнцы пазналі герояў, а вось успомніць аўтараў і вызначыць жанр аказалася больш складана.
Завяршыўся тыдзень “вадаспадам перамог”: Уладзіслаў Шабуня ўзнагароджаны граматай у намінацыі “Самы актыўны і дзейсны ўдзельнік тыдня рускай мовы і літаратуры — 2017”, кожны клас атрымаў ліст падзякі, а лепшыя акцёры ўзнагароджаны граматамі ў намінацыі “За мастацтва пераўвасаблення”.
Падрыхтавала Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.