Пра статус маладога спецыяліста і атэстат за 9 клас : рубрыка «Вам адказвае Міністэрства адукацыі»

- 13:48Образование, Школа управления

На пытанні чытачоў адказала намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення кадравай палітыкі і арганізацыйна-аналітычнай работы — начальнік інфармацыйна-аналітычнага аддзела Міністэрства адукацыі Любоў Мальковіч.

Фота Алега Ігнатовіча выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі

Выпускнікі, якія працуюць па размеркаванні, з’яўляюцца на працягу тэрміну абавязковай работы па размеркаванні маладымі спецыялістамі ці маладымі рабочымі (служачымі). На падставе гэтага ўзнікае пытанне, ці можа чалавек, які страціў статус маладога спецыяліста ў сувязі з паступленнем на больш высокую ступень адукацыі ў дзённай форме (пп. 1.1. п. 1. арт. 79 Кодэкса Рэс­публікі Беларусь аб адукацыі), працягваць адпрацоўку без ста­тусу маладога спецыяліста, або тэрмін адпрацоўкі заканчваецца разам са стратай статусу маладога спецыяліста?

У адпаведнасці з пунктам 3 артыкула 72 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі (далей — Кодэкс), выпускнікі, якім месца работы прадастаўлена шляхам размеркавання, абавязаны адпрацаваць тэрміны абавязковай работы па размеркаванні, устаноўленыя пунктамі 4 і 5 артыкула 72, калі іншае не ўстаноўлена заканадаўчымі актамі.

У адпаведнасці з пунктам 8 артыкула 72 Кодэкса, у тэрмін абавязковай работы па размеркаванні па жаданні выпускніка, маладога спецыяліста, маладога рабочага (служачага) залічваюцца перыяды вайсковай службы па прызыве, вайсковай службы па кантракце, службы ў рэзерве, альтэрнатыўнай службы, перыяд знаходжання ў водпуску па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім узросту трох гадоў, калі гэтыя перыяды мелі месца пасля размеркавання на работу. Іншыя перыяды ў тэрмін абавязковай работы не залічваюцца.

Ці можа атэстат за 9 клас знаходзіцца на руках у навучэнца, а не ва ўстанове адукацыі падчас яго навучання ў 11 класе. Якімі нормамі гэта рэгулюецца?

Пунктам 75 Палажэння аб установе агульнай сярэдняй адукацыі, зацверджанага пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 19.09.2022 № 322, устаноўлена, што на кожнага навучэнца ва ўстанове адукацыі афармляецца асабістая справа, у якой захоўваюцца дакументы, прадастаўленыя пры залічэнні ва ўстанову адукацыі, у тым ліку і пасведчанне аб агульнай базавай адукацыі. Такім чынам, дакументы, прадастаўленыя навучэнцам пры прыёме, павінны захоўвацца ва ўстанове адукацыі.

У 2023 годзе скончыла Ліцэй БНТУ і паступіла на дзённае аддзяленне на бюджэт БДТУ, але па стане здароўя адлічылася. Нядаўна ўбачылі змяненні ў Правілах прыёму ва УВА пасля 11 класа, дзе гаворыцца, што для паступлення на завочнае аддзяленне неабходны стаж работы па спецыяльнасці не менш як 10 месяцаў. Да падачы дакументаў засталося 7 месяцаў, таму адпрацаваць 10 месяцаў немагчыма. З-за праблем са здароўем няма магчымасці вучыцца на дзённай форме атрымання адукацыі. Падкажыце, ці можна паступіць на завочнае аддзяленне ў 2024 годзе (на платнае) без стажу работы.

Прыём абітурыентаў ва ўстановы вышэйшай адукацыі ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Правіламі прыёму асоб для атрымання агульнай вышэйшай і спецыяльнай вышэйшай адукацыі, зацверджанымі Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27 студзеня 2022 года № 23 (далей — Правілы прыёму). Указам кіраўніка дзяржавы ад 29 снежня 2023 года № 416 унесены змяненні ў Правілы прыёму.

У адпаведнасці з Правіламі прыёму, абітурыентам, якія маюць агульную сярэднюю адукацыю, для паступлення на завочную форму навучання як за кошт сродкаў бюджэту, так і на платнай аснове неабходна мець не менш як 10 месяцаў стажу работы па выбраным профілі (напрамку) адукацыі на дату падачы дакументаў у прыёмную камісію ўстановы вышэйшай адукацыі.