Пра тое, як з навучэнцаў зрабіць дасканалых майстроў, ведае дырэктар Смілавіцкага дзяржаўнага каледжа

- 13:19Интервью, Образование

У педагагічнай дынастыі дырэктара Смілавіцкага дзяржаўнага каледжа Юрыя Корсіка тры пакаленні педагогаў звязаны з гэтай установай адукацыі. Пра тое, ці лёгка адпавя­даць высокім педагагічным запытам, закла­дзеным у сям’і, а таксама пра адметнасць профільнай пад­рыхтоўкі ва ўстанове адукацыі карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пагутарыла з Юрыем Васільевічам.

Індывідуальная работа

— Ваш каледж — першапраходзец па стварэнні цэнтраў кампетэнцый у сістэме прафесійна-тэхнічнай адукацыі ў краіне. Як яны дапамагаюць у навучанні?

— Першы цэнтр кампетэнцый па спецыяльнасці “Тэхнічнае забеспячэнне сельскагаспадарчых работ” пачаў праца­ваць у нашай установе адукацыі ў 2004 го­дзе. Тады былі закуплены актуальныя на той момант сельскагаспадарчыя машыны, новая тэхніка, вучыцца на якой прыязджалі з устаноў прафесійнай адукацыі ўсёй Мінскай вобласці. Дзейнасць цэнтра была паспяховай і эфектыўнай, ён развіваўся, а яго функцыянал прырастаў.

Калі паўстала пытанне мадэрнізацыі і далейшага развіцця, каледж пачаў рабіць акцэнт на віртуальных сімулятарах. Сёння займацца на іх прыязджаюць навучэнцы выпускных курсаў, якія маюць навык работы на базавых машынах, агрэгатах ва ўмовах вызначаных тэхналогій. Гэта значыць, нам не трэба ву­чыць іх садзіцца ў кабіну, націскаць на педаль.

Асаблівасць падрыхтоўкі спецыялістаў у цэнтры кампетэнцый у тым, што адзін майстар не можа сачыць за вялікай колькасцю навучэнцаў, групавыя заняткі арганізаваць немагчыма. Работа ў цэнтры індывідуальная. Ёсць машына, майстар і вучань. Майстар не можа гля­дзець за ваджэннем адразу на трох трактарах. Па тэхніцы бяспекі і па схеме навучання ён павінен быць побач з вучнем.

Ва ўсіх нашых партнёраў з вобласці ў вучэбныя планы і праграмы ўнесены заняткі ў цэнтры кампетэнцый. Пасля таго як навучэнцы прыязджа­юць, мы забяспечваем ім кантакт з сучаснымі тэхналогіямі, сучасным абсталяваннем і машынамі, ацэньваем іх паспяховасць, ставім адзнакі.

У 2018 годзе каледж прыняў удзел у рэспубліканскім праекце па развіцці цэнтра кампетэнцый. Гэта дазволіла аснасціць лабараторыі дадатковым абсталяваннем. Сёння ў нас ёсць трэнажоры двух камбайнаў. Сімулятар дазваляе адпрацаваць усе магчымыя аперацыі — агрэгатаванне, кіраванне камбайнам на дарозе і непасрэдна ўборку ўра­джаю. Навучэнцы трэніруюцца самастойна наладжваць камбайн — выбі­раць вышыню зрэзу культур, рэгуляваць вынас матавіла, частату кручэння малацільна-сепарыруючай прылады. А машына паказвае, наколькі якасна выконваецца работа, ці дазволіў выбраны рэжым дасягнуць мінімальных страт.

На трэнажоры сельскагаспадарчага трактара можна адпрацаваць каля 50 сельскагаспадарчых аперацый — ад руху па трактарадроме да апрацоўкі глебы. Таксама ў нас ёсць дынамічны трэнажор бульдозера, франтальнага пагрузчыка і экскаватара KOMATSU, экскаватара-пагрузчыка на базе трактара МТЗ.

Праца на матывацыю

— На чым робіце акцэнт у падрыхтоўцы спецыялістаў рознага профілю?

— Дзякуючы сучаснаму абсталяванню, у навучэнцаў каледжа ёсць магчымасць адпрацоўваць пачатковыя навыкі, удасканальваць іх. Гэта вельмі эфектыўны метад падрыхтоўкі спецыялістаў. У рэжыме рэальнага часу без пагрозы трапіць у дарожна-транспартнае здарэнне навучэнцы могуць адпрацаваць пачатковыя і ўдаскана­ліць ужо атрыманыя навыкі па кіраванні сучаснымі машынамі. Мы можам задаць розныя ўмовы: стварыць ноч, туман, дождж, снегапад і інш. Згадзіцеся, ні адна гаспадарка не пусціць на поле навучэнцаў, каб яны там трэніраваліся праца­ваць з тэхнікай, убіраць ураджай. Трэнажоры, наадварот, дазваляюць працаваць у створаных умовах круглы год. Калі камбайны ў рэальных умовах на поле нельга выпускаць зімой, бо яны не любяць мінусавай тэмпературы паветра, то нашаму трэнажору-камбайну ўсё роўна, што адбываецца за акном. А зна­чыць, за рулём гэтай тэхнікі можна сядзець калі заўгодна ў межах практыкі.

Што тычыцца аперацый, якія можна выканаць, то іх таксама многа. Навучэнцы пры дапамозе сімулятараў капаюць газаправод, пракладваюць вадаправод, абмалочваюць кукурузу, убіраюць сланечнік, пшаніцу, а таксама пераганяюць тэхніку з аднаго пункта ў другі. Дзе яшчэ можна адпрацаваць сітуацыю, калі экскаватар патануў у балоце, як не ў нашым цэнтры? Каб справіцца з гэтай праблемай, неабходна ўмела кіраваць транспартным абсталяваннем. Наша лабараторыя дапамагае гэтаму навучыцца. Калі дзеці садзяцца за руль трэнажора, у іх знікае мандраж. Яны ведаюць, што нічога не зламаецца, калі яны памыляцца, і ўбачаць, што адбываецца далей. Прычым без пагрозы для жыцця, усё бяспечна. А што рабіць, калі нешта ідзе не так? Работа на сімулятары якраз і дапаможа разабрацца з гэтым.

У трэнажорах праграмы настроены такім чынам, што падказваюць, як і што рабіць. Калі сам сеў за трэнажор экскаватара, ён мне сказаў, што я не дасканалы майстар: падымаю пыл на ўчастку, бо высока махаю каўшом, і з-за гэтага нават траціцца лішняе паліва. Заняткі на трэнажорах — гэта зручны спосаб эканоміі часу і фінансаў. У рэальных майстэрнях навучэнцы адпрацоўва­юць на тэхніцы патрэбную коль­касць гадзін. Калі ім неабходны дадатковы час для навучання, то па праграме ён не прадугле­джаны: на кожнага адводзіцца вызначаная колькасць паліва. З трэнажорамі ўсё прасцей, яны больш выгадныя ў навучанні, паліва для іх работы не патрэбна.

Сёння цэнтр кампетэнцый працуе на матывацыю. Мы імкнёмся да таго, каб навучэнцы максімальна адпрацавалі навыкі на трэнажорах. Сучасныя дзеці прывыклі дзейні­чаць, як у гульні: узровень прайшлі і добра. Калі працуюць з трэнажорамі, гэтак жа ставяцца да выкананых задач. Так, мы бачым, што яны справіліся з заданнем, і бачым, з якім вынікам. Але ж трэнажоры дазваляюць павышаць узровень майстэрства і дасягаць больш высокіх паказчыкаў, таму прапануем яшчэ раз пасядзець за сімулятарам, бо ўзровень можна было прайсці з іншым вынікам. Навык работы можна адточ­ваць доўга, пры гэтым будзе траціцца толькі час, а не рэсурсы, якія дорага каштуюць. Нашы педагогі гатовы ахвяра­ваць часам, каб убачыць высокі вынік.

— Юрый Васільевіч, якія адносіны ў Смілавіцкага дзяржаўнага кале­джа склаліся з заказчыкамі кад­раў? Ці запатрабаваны вашы спецыялісты ў сельскай гаспадарцы?

— На выпускнікоў каледжа ў работадаўцаў высокі попыт, яны ведаюць, што мы рыхтуем доб­рых спецыялістаў. Прыкметна, што падчас размеркавання колькасць заявак заўсёды перавышае колькасць выпускнікоў. Акрамя таго, мы працуем на якасць. Сёння ў нас вучыцца больш за 400 навучэнцаў. Адной з запатрабаваных становіцца кваліфікацыя “агароднік”. Важная ўмова паспяховай падрыхтоўкі кадраў — моцнае, трывалае засваенне тэхналогіі розных працэсаў. У гэтым навучэнцам дапамагаюць нашы выкладчыкі і майстры. У Смілавіцкім дзяржаўным каледжы працуюць прафесіяналы, якія зацікаўлены ў тым, каб нашы спецыялісты былі канкурэнтаздольнымі. Быць часткай такой каманды — вялікі гонар.

Каледж рыхтуе па наступных спецыяльнасцях:

“Эксплуатацыя, рамонт і абслугоўванне аўтамабіляў”;

“Эксплуатацыя і рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі”;

“Тэхнічная эксплуатацыя дарожна-будаўнічых машын і абсталявання”;

“Абслугоўванне і выраб прадукцыі ў грамадскім харчаванні;

“Агародніцтва, садаводства і пчалярства”;

“Гандлёвае абслугоўванне”.

Наканавана лёсам

— Як вы прыйшлі ў педагогіку?

— Стаць педагогам мне было наканавана лёсам. Мае мама і баць­ка выкладалі спецыяльныя дысцыпліны ў той навучальнай установе, якой я сёння кірую. Помню, як у дзяцінстве ў шосты школьны дзень прыходзіў з бацькам у каледж і назіраў за тым, як ён з навучэнцамі праводзіць лабараторныя работы. Таксама заўсёды з цікавасцю сачыў, як тата рыхтуецца да заняткаў.

Калі надышоў час выбіраць прафесію, вырашыў стаць інжынерам-механікам.

Свой прафесійны шлях пачынаў са сферы сельскай гаспадаркі. Пазней мне прапанавалі паспраба­ваць сябе ў прафесійнай педагогіцы, у рабоце з людзьмі. Маючы наглядны вопыт і дакладнае разуменне, як гэта адбываецца, я прыйшоў працаваць у Смілавіцкае сельскагаспадарчае вучылішча № 203, якое пасля трансфармавалася ў ліцэй, а пазней у каледж. Пачынаў з выхавальніка інтэрната. Затым, калі пачалі ўводзіцца новыя штатныя адзінкі, стаў загадчыкам аддзялення бесперапыннай інтэграванай сістэмы прафесійнай адукацыі, а праз нейкі час перайшоў на пасаду намесніка дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце. У мінулым месяцы споўнілася 11 гадоў, як я кірую Смілавіцкім дзяржаўным каледжам. 

Высокую планку ў педагогіцы мне задалі бацька, заслужаны настаўнік выдатнік адукацыі Васіль Пятровіч Корсік, і мама, выкладчыца спецыяльных дысцыплін выдатнік адукацыі Валянціна Аляксанд­раўна Корсік. Але і гэта яшчэ не ўсе педагогі ў маёй сям’і. Цётка Ле­акадзія Пятроўна і дзядзька Сямён Пятровіч таксама настаўнікі, працавалі ў Стаўбцоўскім раёне. Сястра і жонка, Святлана Іванаўна, таксама працуюць у школе.

У дынастыі педагогаў быць настаўнікам складана, заўсёды трэба адпавядаць таму ўзроўню высокіх дасягненняў, які першапачаткова быў вызначаны і да якога ўсе імкнуцца.

— Бацькі ўспрымалі вас як педагога альбо вы для іх былі вечным вучнем?

— Мы часта з бацькам дыскутавалі, у нас узнікалі інжынерныя спрэчкі наконт таго, што павінен умець і ведаць выпускнік нашай установы. У мяне было на гэты конт сваё меркаванне, а бацька лічыў інакш. Мы і сёння не знайшлі кампрамісу ў гэтым пытанні. (Смяецца.) Мой бацька прытрымліваецца класікі, лічыць, што выпускнік каледжа павінен усё ве­даць і ўсё ўмець. У мяне ж прадметны погляд на гэтае пытанне. Я лічу, што выпускнік сярэдняй спецыяльнай установы павінен быць практыка-арыентаваным і ўмець рабіць тое, што яму неабходна падчас выканання пэўнага віду функцый.

Сёння Васіль Пятровіч знахо­дзіцца на заслужаным адпачынку, але трымае руку на пульсе: знаёміцца з новымі праграмамі падрыхтоўкі будучых спецыялістаў, крытыкуе некаторыя моманты. А калі ўбачыць у пераліку рэцэнзентаў маё імя, можа спытаць, куды я глядзеў. Адукацыйныя праграмы мяняюцца і не заўсёды ўспрымаюцца старэйшым пакаленнем. Гэта звязана з тым, што яны рабілі ўхіл на агульнатэарэтычныя веды. Тым не менш прафесійная школа сёння — гэта практыка, а ад практыкі залежыць многае.

Наталля САХНО
Фота аўтара