Пра цябе, малая радзіма!

- 10:30Актуально, Апошнія запісы

Вопытам работы па фарміраванні ў навучэнцаў любові да малой радзімы праз грамадзянска-патрыятычнае, эстэтычнае, экалагічнае выхаванне, захаванне гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны, папулярызацыю здаровага ладу жыцця, далучэнне да заняткаў фізічнай культурай і спортам, тэхнічнай творчасцю дзеляцца ў гэтыя дні на пляцоўцы сталічнага выставачнага цэнтра “БелЭкспа” педагогі з усіх рэгіёнаў краіны. З 17 па 19 красавіка ў рамках Года малой радзімы тут праходзіць XVIII Рэспубліканская выстава навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі.

Своеасаблівы вялікі горад — менавіта такія думкі ўзнікаюць, калі пера­ступаеш парог знакамітага “рамонка”, як неафіцыйна называюць арыгінальны будынак “БелЭкспа”. Уздоўж імправізаваных вуліц размясціліся незвычайныя дамы — выставачныя стэнды ўстаноў адукацыі, на якіх з раніцы да вечара віруе адметнае жыццё. Тут і выступленні творчых калектываў, і майстар-класы, і захапляльныя завочныя экскурсіі па розных куточках краіны, і прэзентацыі праектаў. Прадстаўнікі ўстаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай, вышэйшай адукацыі, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі арыгінальна расказваюць пра сваю малую радзіму.

Як адзначыў міністр адукацыі Ігар Ва­сільевіч Карпенка, правядзенне падобных выстаў, якія садзейнічаюць выяўленню і распаўсюджванню лепшага педагагічнага вопыту, інавацыйных ідэй і ініцыятыў, стала добрай традыцыяй. У гэтым годзе выстава праходзіць у рамках Года малой радзімы і напярэдадні святкавання 75-й гадавіны вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Менавіта гэтым знакавым тэмам прысвечана рэспубліканская акцыя “Я гэты край Радзімаю заву”, старт якой быў дадзены на цэнтральнай пляцоўцы выставачнага павільёна. Асноўным лейт­матывам, які аб’ядноўвае мерапрыемствы акцыі, з’яўляецца гордасць за сваю малую радзіму, павага да гісторыі і культуры свайго краю, фарміраванне ў моладзі грамадзян­скіх і патрыятычных якасцей.

— Гэтыя якасці можна і трэба разві­ваць не толькі падчас пазавучэбных мерапрыемстваў, але і падчас вучэбнай дзейнасці. Выхаванне з’яўляецца неад’емным, арганічным складнікам педагагічнага працэсу. Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі паспяхова рэалізоўваюцца асноўныя падыходы і кірункі выхаваўчай работы, асаблівую ўвагу неабходна звярнуць на ўзмацненне выхаваўчага патэнцыялу кожнага ўрока. Змест сучасных вучэбных праграм утрымлівае значны выхаваўчы рэсурс, у настаўніка-прадметніка ёсць унікальная магчымасць выхоўваць навучэнцаў як праз змест вучэбнага прадмета, так і праз розныя формы выхаваўчай работы. Эфектыўнасць яе выканання залежыць ад мэтанакіраванага адбору зместу вучэбнага матэрыялу, які прадастаўляе вучням прыклады сапраўднай маральнасці, духоўнасці, грамадзянскасці і патрыятызму. Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне сёння — гэта не адзінкавая акцыя, а пастаянная творчая дзейнасць згуртаваных калектываў педагогаў-прафесіяналаў, аднадумцаў, якія ўсведамляюць сваю адказнасць за будучыню новага пакалення нашай краіны. Педагогі павінны знахо­дзіцца ў пастаянным пошуку, паколькі выхаванне — гэта праца творчая, якая не мае ўніверсальных сродкаў, патрабуе пастаяннага ўдасканалення, гнуткасці, уліку сучасных умоў, абнаўлення зместу, — паведаміў Ігар Васільевіч.

Для тых, хто ўдзельнічае ў выхаванні падрастаючага пакалення, вельмі важны прафесійныя зносіны, знаёмствы з інавацыйнымі падыходамі ў арганізацыі такой працы. І гэтую магчымасць прадастаўляе наведвальнікам выстава. Кожны яе дзень тэматычны, напоўнены адметнымі мера­прыемствамі. Так, учора, у Дзень рэгіянальных ініцыятыў, адразу пасля ўрачыстага адкрыцця выставы быў дадзены старт рэспубліканскай акцыі “Я гэты край Радзімаю заву”. Насычаную пра­граму падрыхтавалі ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Асаблівая ўвага ўстановам агульнай сярэдняй адукацыі. Калі цэнтры дадатковай адукацыі з’яўляюцца каардынатарамі розных напрамкаў выхаваўчай работы ў краіне, то непасрэднае правя­дзенне такой работы — гэта справа педагогаў школ і гімназій. Для іх прэзентацыя свайго вопыту на рэспубліканскім узроўні ў Дзень рэгіянальных ініцыятыў, Дзень інавацый, Дзень творчасці і спорту — вельмі пачэсна. Акрамя Года малой радзімы, акцэнт удзельнікі выставы робяць на тэме 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і ІІ Еўрапейскіх гульняў. Не засталіся ўбаку і ўстановы вышэйшай адукацыі, якія занялі цэлы імправізаваны квартал выставы.

Больш падрабязна пра вопыт, прадстаўлены рэгіёнамі, чытайце ў суботнім нумары “Настаўніцкай газеты”. А пакуль што завітайце на выставу, прагуляйцеся па імправізаваных вулачках незвычайнага горада, паслухайце, што расказваюць пра сваю малую радзіму яго жыхары. Заўтра, 19 красавіка, наведвальнікаў таксама чакае шмат цікавага, у тым ліку яркая цырымонія закрыцця. Не прапусціце!

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.