Прадаўжальнікі справы Скарыны

- 11:20Культура

Сучасная гісторыя выдавецтва “Беларускі Дом друку” пачалася ў снежні 1917 года, калі мінская губернская друкарня была перайменавана ў друкарню Савета Народных Камісараў Заходняй вобласці і фронту. З таго часу некалькі разоў мяняліся назвы прадпрыемства, але на працягу свайго існавання выдавецтва адрознівае надзвычайная адказнасць і імкненне да ўдасканалення.

Сёння Дом друку пастаянна знаходзіцца на грэбні сучасных паліграфічных тэхналогій, ажыццяўляючы выпуск газет, часопісаў, кніг, а таксама прадукцыі спецвытворчасці. Без перабольшання можна сказаць, што з яго прадукцыяй знаёмы кожны грамадзянін нашай краіны: пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь друкуецца менавіта тут.

Дом друку спраектаваў шэраг мерапрыемстваў, якія пройдуць у найбліжэйшы час. Першай у чарадзе юбілейных падзей стала цырымонія гашэння маркіраванага канверта да 100-годдзя Беларускага Дома друку, якая адбылася 6 снежня падчас юбілейнага паштовага праекта.

Вітаючы прысутных, міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч адзначыў, што ўся гісторыя нашай краіны не магчыма без той працы, якую дзесяцігоддзі ажыццяўляў калектыў Дома друку.

Штогод з друкарскіх станкоў выдавецтва выходзіць амаль 2 мільёны экзэмпляраў кніг і звыш 4 мільёнаў экзэмпляраў рэкламных выданняў, друкаваць свае выданні Дому друку давяраюць 83 рэдакцыі. Прадпрыемства пастаянна ўдасканальвае вытворчую базу і асвойвае новыя віды прадукцыі. “Наша прадпрыемства ўступае ў новае стагоддзе сваёй гісторыі з новымі планамі і новымі перспектывамі”, — падкрэсліў у сваім выступленні генеральны дырэктар РУА “Беларускі Дом друку” Раман Алейнік.

Намеснік кіраўніка спраў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Валерый Ярмошка, выступаючы, адзначыў, што сённяшнія дасягненні Беларускага Дома друку — гэта ў першую чаргу вынік работы яго калектыву, і пажадаў супрацоўнікам прадпрыемства паспяховай працы, а флагману паліграфічнай галіны — далейшага дынамічнага развіцця.

Першы намеснік генеральнага дырэктара РУП “Белпошта” Алена Скрыпчык сканцэнтравала ўвагу прысутных на тым, што з больш як 1200 марак, якія былі выпушчаны суверэннай Беларуссю, амаль палова выдадзена Беларускім Домам друку. Сёння марка — гэта адлюстраванне рэалій і значных падзей, што адбываюцца ў нашай дзяржаве, таму запуск маштабнага паштовага праекта — паказчык значнасці і адметнасці юбілею выдавецтва.

Падчас прэс-канферэнцыі таксама быў прэзентаваны дакументальны фільм Марыі Арэх “Прадаўжальнікі справы Скарыны, або Гісторыю друкуем самі”.

Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота Генадзя ЖЫНКОВА, БелТА.