Прадмет гордасці — вынікі алімпіяднага руху

- 17:36Адукацыйная прастора, Навіны рэгіёнаў

На Гомельшчыне летась уведзена ў эксплуатацыю школа ў мікрараёне № 96 абласнога цэнтра і дзіцячы сад на 330 месцаў у Мазыры. Пра гэта згадаў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Руслан Смірноў падчас пасяджэння калегіі, дзе падведзены вынікі работы за мінулы год.

Дарэчы, таксама ў 2021 годзе была ўведзена ў эксплуатацыю пасля рэканструкцыі цеплавая сетка ясляў-сада № 2 у гарадскім пасёлку Карма. У Рэчыцы пасля капітальнага рамонту з узмацненнем будаўнічых канструкцый адкрыта сярэдняя школа № 4, а ў Добрушы — сярэдняя школа № 2. 

Усяго на ўзвядзенне, рэканструкцыю будынкаў устаноў адукацыі, стварэнне бяспечных умоў, падрыхтоўку да навучальнага года, работы ў зімовых умовах, выкананне энергазберагальных мерапрыемстваў, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы было накіравана звыш Br98 млн, з іх больш як Br7 млн — гэта пазабюджэтныя крыніцы фінансавання. 

Руслан Смірноў адзначыў, што далейшае матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне ўстаноў — гэта вельмі важна, але больш актуальная сёння задача — інфармацыйна-тлумачальная работа сярод усіх, хто вучыць і вучыцца:

— Галоўным упраўленнем адукацыі з пачатку года праведзена звыш 30 сустрэч у працоўных калектывах, адбылося 14 дыялогавых пляцовак. Зносіны паказалі, што пытанняў узнікае шмат і гэтую работу неабходна працягваць у кожным калектыве, пры кожным зручным выпадку. Размаўляць трэба з дзецьмі без лішняга кансерватызму і фармальнасцей — ад душы. Асабліва, калі гаворка ідзе пра такія тонкія паняцці, як любоў да Радзімы, патрыятызм, духоўныя каштоўнасці.

Ва ўстановах адукацыі Гомельскай вобласці працуе 56 з паловай тысяч чалавек, з іх амаль 29 тысяч педагогаў. 93% маюць вышэйшую адукацыю, амаль 78% — вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю, 58 настаўнікаў-метадыстаў.

У рамках праекта “Школа актыўнага грамадзяніна” ёсць цікавы вопыт ва ўстановах Рагачоўскага, Рэчыцкага, Светлагорскага раёнаў, Савецкага раёна Гомеля, педагагічным каледжы імя Л.С.Выгоцкага, аўтамеханічным каледжы, Палескім аграрным каледжы імя У.Ф.Міцкевіча і інш. Начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі падкрэсліў, што ў Год гістарычнай памяці трэба актыўней укараняць у работу клубы, трэнінгі, калі дзеці маюць магчымасць самастойна аналізаваць, абмяркоўваць праблемы, а не быць пасіўнымі слухачамі.

Дарэчы, важную ролю ў патрыятычным выхаванні могуць адыграць сродкі музейнай педагогікі. На Гомельшчыне сёння ва ўстановах агульнай сярэдняй, дадатковай, прафесійнай адукацыі 147 музеяў і 136 музейных пакояў па розных кірунках. 

На працягу мінулага года школьнікі і навучэнцы ўстаноў прафесійнай адукацыі Гомельскай вобласці правялі больш за 15 тысяч экскурсій. Найбольш папулярнымі для наведвання сталі Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, Гомельскі абласны музей ваеннай славы, мемарыяльныя комплексы “Ала”, “Чырвоны бераг”, “Музей бітвы за Днепр”… 

— Гэтыя святыя месцы павінна ведаць кожнае дзіця, — лічыць Руслан Смірноў. — Сёння ў школах актыўна рэалізуецца пілотны праект Міністэрства адукацыі па арганізацыі экскурсій у рамках вучэбных прадметаў, задача якога — наведаць кожнаму школьніку 10—11 класаў два гістарычныя аб’екты ў год. 

На пасяджэнні калегіі галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама адзначана, што ў параўнанні з 2020 годам колькасць школьнікаў вобласці павялічылася амаль на 2,5 тысячы чалавек.18% з іх вучацца ў сельскіх школах, 82% — у гарадскіх. Прадмет гордасці 2021 года на Гомельшчыне — вынікі алімпіяднага руху. 

На міжнародных алімпіядах юныя прадстаўнікі Гомельшчыны заваявалі 17 медалёў. 121 дыплом атрымалі на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах — кожны другі ўдзельнік абласной каманды стаў дыпламантам. Сур’ёзны ўклад у гэтую скарбонку перамог зрабілі школьнікі Жлобінскага, Мазырскага раёнаў, абласнога цэнтра. 

Руслан Смірноў адзначыў, што да канца навучальнага года трэба прапрацаваць пытанні развіцця груп аграрнай накіраванасці. Пакуль іх 48 у 20 раёнах вобласці. Гаворка ішла і пра падрыхтоўку годнай змены ў галіне адукацыі — развіццё груп педагагічнай накіраванасці.

— Добрай дапамогай да школьнай адукацыі з’яўляецца дадатковая адукацыя дзяцей і моладзі, — лічыць кіраўнік галіны. — Школьнікі вобласці занялі першы рэйтынгавы радок па выніках большасці рэспубліканскіх конкурсаў 2021 года: “Прывітанне, свет!”, “Архнавацыя”, “Краявiд”, “Упрыгожым Беларусь кветкамі” і інш. Значнымі з’яўляюцца вынікі дзяцей у тэхнічнай творчасці. 1-е месца сярод абласцей у конкурсах JuniorSkills Беларусь, “Патрыёт.by”, 2-е месца ў конкурсе навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў “ТэхнаІнтэлект”. 

Важнай падзеяй з’яўляецца адкрыццё на базе дарослага тэхнапарка “Карал” унікальнага “Інапарка — дзіцячага тэхнапарка”, дзе створаны ўмовы для развіцця такіх запатрабаваных навукова-тэхнічных кірункаў, як робататэхніка, электроніка, праграмаванне, 3D-мадэляванне і інш. Акрамя таго, на базе абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці пачала работу абласная школа дакладных навук па матэматыцы, фізіцы, інфарматыцы для дзяцей 5—8 класаў. У школу залічана амаль 100 школьнікаў з усіх раёнаў вобласці.

На пасяджэнні калегіі адзначаны пэўныя спартыўныя поспехі. Школьнікі Гомельшчыны заваявалі дыпломы І ступені на рэспубліканскіх мерапрыемствах “300 талентаў для Каралевы”, у летнім мнагаборстве “Здароўе”, спаборніцтвах сярод дзяцей і падлеткаў па лёгкай атлетыцы “Шкаліяда”.

Сярод важных на 2022 год застаюцца задачы выканання кантрольных лічбаў прыёму па шэрагу спецыяльнасцей, абнаўленне абсталявання вучэбна-вытворчых майстэрань, павышэнне якасці падрыхтоўкі спецыялістаў.

На пасяджэнні калегіі быў прадстаўлены вопыт работы пэўных устаноў па кірунках дашкольнай, прафесійна-тэхнічнай, дадатковай адукацыі, а таксама Цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый у сферы адукацыі. Заслужаныя ўзнагароды атрымалі лепшыя педагагічныя работнікі галіны.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.