Прадоўжанка — не камера захоўвання дзіцяці

- 14:58Выхаванне

Рытм жыцця прымушае бацькоў усё больш часу ўдзяляць сваёй прафесійнай дзейнасці, таму дзіця застаецца вельмі часта сам-насам са сваімі праблемамі. А значыць, пустата можа быць запоўнена негатывам. Сярод задач сучаснай школы — выхаванне ў вучню самарэалізацыі. І школа поўнага дня (або прадоўжанка) дапамагае яе вырашыць.

Апошнія два-тры гады прадоўжанка аказалася запатрабаванай. Адно з першых пытанняў у бацькоў, якія прыво­дзяць дзяцей у першы клас: “Ці ёсць у школе група прадоўжанага дня?” Магчыма, гэтая запатрабаванасць звязана з тым, што ў мам і татаў з’явілася больш магчымасцей рэалізаваць сябе ў прафесійным плане. У нашай пачатковай школе група прадоўжанага дня працуе крыху больш за год. Здавалася б, што новага можа прапанаваць сёння старая добрая група прадоўжанага дня? Абед, прагулка, дамашнія заданні… На гэтым пералік паслуг вычэрпваецца? Зусім не. Я лічу, што пры правільнай арганізацыі работы магчымасці прадоўжанкі значна шырэйшыя.

На мой погляд, прадоўжанка павінна быць працягам вучэбна-выхаваўчага працэсу. Недастаткова таго, што дзіця пагуляла, паела і выканала дамашняе заданне. Прадоўжанка — гэта таксама заняткі ў гуртках і секцыях. Гэта цэлы комплекс заняткаў, у цэнтры якіх — дзіця і яго інтарэсы. Іншымі словамі, яна выступае як адзін са складнікаў школы поўнага дня, школы развіцця.

Работа выхавальніка ГПД даволі складаная, спецыфічная і шматгранная, таму што ён адказвае за арганізацыю і каардынацыю адукацыйнага працэсу ў групе, выхаваўчую дзейнасць ажыццяўляе ў адпаведнасці з прававымі і нарматыўнымі актамі, якія ўстанаўліваюць і абараняюць правы і інтарэсы дзяцей, сям’і, вызначаюць мэты і змест выхаваўчай работы.

Выхавальніку ў групе прадоўжанага дня трэба ўмець арганізаваць і зацікавіць навучэнцаў. Дзіця не павінна быць псіхалагічна траўміравана тым, што іншыя дзеці ідуць дадому, а яно застаецца сядзець у школе за партай. У нашай школе мы стараемся гэта ўлічваць.

Я лічу, што быць выхавальнікам ГПД — значыць добра ведаць кожнага навучэнца, яго інтарэсы, схільнасці, захапленні, індывідуальныя асаблівасці. Педагагічны такт, цярплівасць, культура зносін у адносінах з навучэнцамі, шчырая зацікаўленасць жыццём дзяцей — рысы, уласцівыя выхавальніку ГПД.

Група прадоўжанага дня павінна забяспечыць адзінства ўрочнай і пазаўрочнай дзейнасці навучэнцаў, спрыяць умацаванню іх здароўя, павышаць працаздольнасць, паляпшаць фізічнае і маральна-эстэтычнае самаадчуванне дзяцей. Мая задача заключаецца не толькі ў тым, каб заняць дзіця гульнёй, запоўніць яго вольны час, але і арганіза­ваць мера­прыемствы, якія былі б цікавымі і карыснымі для малодшага школьніка, спрыялі яго інтэлектуальнаму і фізічнаму развіццю, узбагачалі яго эмацыянальна. Пры гэтым улічваю індывідуальныя асаблівасці кожнага дзіцяці, яго цікавасці і схільнасці, ствараю ­сітуацыю поспеху пры выкананні дзецьмі любой з пастаўленых задач, няхай гэта бу­дзе задача самаабслугоўвання ў групе прадоўжанага дня, самападрыхтоўкі або гульнявой дзейнасці.

Рэжым груп прадоўжанага дня арганізоўваецца такім чынам: абед, потым адпачынак на вуліцы, каб аднавіць працаздоль­насць навучэнца, традыцыйна адводзіцца час на выкананне дамашніх заданняў. Для падтрымання неабходнага мышачнага і разумовага тонусу падчас кожнай самападрыхтоўкі ў групе праводжу фізкультхвілінкі.

Што да вольнага часу, то галоўнае, каб ён не ператварыўся ў рабочае або проста сумнае адбыванне да вечара. Мая задача — зрабіць вольны час дзіцяці цікавым, насычаным, разнастайным. Прадоўжанка — не камера захоўвання дзіцяці. Запаўняю вольны час навучэнцаў змястоўнай дзейнасцю. Для гэтага ў мяне ёсць цікавыя ідэі і неабходны матэрыял для індывідуальных і калектыўных заняткаў. Выкарыстоўваю здароўе­зберагальныя тэхналогіі. Я зыходжу з таго, што фізічная актыўнасць дзецям неабходна для нармальнага росту і развіцця, таму абавязковымі ў агульным распарадку дня прадоўжанкі з’яўляюцца спартыўныя гадзіны, заняткі на свежым паветры, экскурсіі, гульні, спаборніцтвы. Напрыклад, я лічу мэта­годным кожны дзень вадзіць дзяцей на прагулкі і праводзіць экскурсіі. Мэтанакіравана праходзіць вывучэнне цыкла “Аграгарадок, у якім я жыву”. Разам з навучэнцамі мы гуляем па вуліцах населенага пункта.

У выхаваўчай рабоце ў ГПД я страюся спалучаць разнастайныя формы: КТД, віктарыны, конкурсы, святы, гульні. Гэта, напрыклад, КВЗ “Мы — сябры прыроды”, экалагічная гульня “Кошык грыбніка”, гульня “Поле цудаў” “Па здароўе — да раслін”, КТД “Кніжнае царства — мудрая дзяржава”, святы “Правы дзіцяці”, “Сонечны горад дзяцін­ства”, інтэлектуальныя віктарыны “Таямніцы прыроды” і “Матэматычны кірмаш”, гульня-конкурс “Сакрэты здароўя”, КВЗ “Чалавек і космас”, дзіцячы сімпозіум “Захваем нашу зялёную планету!”, забаўляльная праграма “Як добра, што ёсць сям’я!” і іншыя. Змест іх прадумваю загадзя і такім чынам, каб яны насілі пазнавальны, развіццёвы характар, пашыралі кругагляд дзяцей.

Вяду работу па выхаванні самастойнасці і культуры паводзін у групе прадоўжанага дня, паколькі ад унутранай культуры ў многім залежыць культура знешняя. Але і знешні бок паводзін уплывае на ўнутраную культуру — прымушае чалавека быць вытрыманым, сабраным.

Каб рабіць дабро, трэба прыкладаць намаганні, і перш за ўсё намаганні душэўныя, трэба адрываць ад сябе, аддаваць, а не ­браць. У выхаванні культуры паводзін значнае месца займае выпрацоўка навыкаў і звычак. Менавіта ў пачатковых класах закладваюцца асновы акуратнасці, ветлівасці, дакладнасці, прывіваюцца добрыя манеры, уменне культурна паводзіць сябе. Калі элементарныя нормы не прывіты дзецям з ранніх гадоў, то гэты прабел прыходзіцца запаўняць пазней. Асабісты вопыт дзіцяці яшчэ вельмі бедны, яно часта бывае няветлівае толькі з прычыны няведання таго, калі, дзе і як паводзіць сябе. Лічу сваёй задачай дапамагчы дзіцяці ў авалоданні культурай паводзін. У гэтым напрамку прайшлі цікавыя мерапрыемствы: “Падарожжа па краіне Дабрыні”, “Вучымся быць добрымі”, рыцарскі турнір “У гонар нашых мам”, “Турнір знаўцаў этыкету” і іншыя.

Наша школа супрацоўнічае з раённым Палацам творчасці дзяцей і моладзі. Менавіта ў групе прадоўжанага дня прахо­дзяць прэзентацыі гурткоў і секцый палаца. Такая сістэма работы дазваляе школьнікам паспрабаваць свае сілы ў розных напрамках, а потым спыніцца на самым цікавым для іх.

Нашы дзеці займаюцца ў розных гурт­ках творчай і спартыўнай накіраванасці. Настаўнік фізічнай культуры вя­дзе гурткі “Рухавыя гульні” і “Юны футбаліст”. Настаўнік музыкі займаецца з дзецьмі сольнымі спевамі. Раз на ты­дзень навучэнцы навед­ваюць басейн, які ёсць ва ўстанове. У час знаходжання ў групе прадоўжанага дня некаторыя дзеці ходзяць у музычную і спартыўную школы. Каб ведаць, каго, куды і ў які час адпускаць, у мяне ёсць расклад.

Акрамя таго, бацькі маюць магчымасць выбіраць дадатковыя платныя паслугі. Так, большасць дзяцей наведваюць танцавальны гурток. На мой погляд, пры такім рытме, займаючыся ў дадатковых секцыях і гуртках, дзеці выхоўваюць у сабе ўменне выкарыстоўваць час.

Самае галоўнае ў рабоце выхавальніка — прытрымлівацца прынцыпу “не нашкодзь”, таму ў рабоце я лічу важным су­працоўніцтва з дзецьмі. Неабходна даць магчымасць ім самім агучваць і ажыццяў­ляць новыя, нестандартныя ідэі. Думаю, што з дзецьмі трэба паводзіць сябе, як з дарослымі, падтрымліваючы самастой­насць і іншыя якасці, неабходныя для дарослага жыцця. Я цаню сяброўскі абмен думкамі, які стварае атмасферу даверу і павагі да пазіцыі іншага чалавека. Стараюся дэмакратычна ставіцца да дзяцей, правільна, умела арганізоў­ваць кожны дзень, запаўняць яго цікавымі і карыснымі справамі.

Адказваючы на пытанне, ці патрэбна сучаснай школе група прадоўжанага дня, хачу сказаць, ва ўмовах сучаснай школы яна спрыяе развіццю асобы дзіцяці, выхоўвае свядомага і здаровага члена грамадства, фарміруе інтэлект, развівае пазнавальныя працэсы — увагу, уяўленне, успрыманне, памяць і мысленне.

Лілія ПАПКО,
выхавальніца групы прадоўжанага дня
Бародзіцкага дзіцячага сада — пачатковай школы
Зэльвенскага раёна Гродзенскай вобласці.