Праектныя ўрокі: як павысіць матывацыю да вывучэння гісторыі

- 11:01Образование

Настаўніца гісторыі Наталля Макарэвіч з Купяціцкай сярэдняй школы Пінскага раёна паспяхова павышае матывацыю да вывучэння прадмета з дапамогай праектнай дзейнасці. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Акрамя матывацыі, метад праектаў дапамагае вучням выбраць справу па душы ў адпаведнасці з уласнымі здольнасцямі і інтарэсамі, — гаворыць педагог. — Выконваючы праекты, школьнікі асвойваюць алгарытм даследчай работы, вучацца самастойна шу­каць і аналізаваць інфармацыю, інтэгра­ваць і прымяняць атрыманыя раней веды, у тым ліку дзякуючы ІТ-тэхналогіям.

Па словах настаўніцы, метад праектаў падыходзіць для вывучэння любой школьнай дысцыпліны, але найбольш эфектыўны пры выкарыстанні міжпрадметных сувязей. Даследчыя работы добра актывізуюць дзяцей, якія пішуць, малююць, выраза­юць, наклейваюць, працуюць з даведнікамі, размаўляюць з іншымі людзьмі, падбіраюць фотаздымкі.

— У 5 класе пры вывучэнні гісторыі Старажытнага свету мы распрацавалі прыкладны праект “Па слядах першабытных людзей”, — працягвае Наталля Макарэвіч. — Наша задача заключалася ў тым, каб навучыцца ўсяму, што калісьці адкрыў старажытны чалавек, і паспрабаваць зрабіць усё сваімі рукамі. Дзеці ляпілі гаршкі, выраблялі ўпрыгажэнні, судакранаючыся такім чынам з першабытнай культурай. А пры вывучэнні тэм па культуры Старажытнага Егіпта і Старажытнага Кітая вучні малявалі іерогліфы. Такое пагружэнне ў матэрыял паспрыяла яго лепшаму засваенню.

Не менш цікавымі атрымаліся праекты, створаныя шасцікласнікамі па тэме “Раздробленасць Старажытнай Русі” (пра Кіеўскае і Галіцка-Валынскае княствы, Наўгародскую баярскую рэспубліку) і пяцікласнікамі па тэме “Цывілізацыя Старажытнага Усходу” (“Індыя”, “Кітай”, “Егіпет”, “Дзяржава Аляксандра Македонскага”). У сваіх работах школьнікі адлюстравалі прыродна-геаграфічныя і кліматычныя ўмовы краін, арганізацыю кіравання ў іх, сацыяльныя пласты грамадства і асноўныя заняткі насельніцтва, узаемаадносіны з суседнімі дзяржавамі, узровень культуры і адукацыі.

З вялікай цікавасцю шасцікласнікі складалі летапісы асноўных падзей у Полацкім княстве, а дзевяцікласнікі — у вёсцы Купяцічы па тэме “Наш край”. Даследуючы тэму Вялікай Айчыннай вайны, адзінаццацікласнікі пашырылі веды пра яе гісторыю, перадумовы, перыяды і вынікі ў міні-праектах “Вялікая Айчынная вайна ў гісторыі вёскі Купяцічы” і “Вогненныя сёстры Хатыні”.

— На праектных уроках усе вучні заняты пэўнай работай, — заўважае Наталля Макарэвіч. — Так, сямікласнікі рэалізавалі ролева-гульнявы праект “Дзейнасць вальнага сейма ў ВКЛ”, для выканання якога канструявалі гіпатэтычнае асяроддзе старажытнага княства: размяркоўвалі ролі паслоў сената і пасольскага дома, выбіралі кіраўніка парламента. Дзеці вывучалі гісторыю яго ўзнікнення і традыцыі, аднавіўшы імправізаванае пасяджэнне. У выніку школьнікі не толькі добра засвоілі вучэбны матэрыял, але і набылі пэўны вопыт грамадскай дзейнасці.

Да краязнаўчых праектаў нас­таўніца звяртаецца на ўроках паўтарэння і абагульнення ведаў, а таксама выкарыстоўвае іх у якасці дамашняга задання. Так, вынікам праекта “Наш край” сталі тэматычны куток у кабінеце, выс­тава “Летапіс вёскі” і маршруты экскурсій.

Больш за ўсё вучням падабаюцца гульнявыя праекты. Сярод іх — “Помнікі ваеннай славы Пінскага раёна” ў форме краязнаўчага лато.

— Рэалізацыя метаду праектаў мяняе ролю педагога ў адукацыйным працэсе, — адзначае Наталля Макарэвіч. — З носьбіта гатовых ведаў ён ператвараецца ў арганізатара самастойнай пазнавальнай дзейнасці дзяцей даследчага, пошукавага і творчага характару, цікавай найперш ім, а не настаўніку. Важна, што праекты дазваляюць паспяхова вырашаць не толькі адукацыйныя, але і выхаваўчыя задачы: вучні па-новаму глядзяць на сябе, жыццё, гісторыю і культуру сваёй краіны. Усё гэта ўрэшце фарміруе актыўную грамадзянскую пазіцыю школьнікаў і развівае іх індывідуальныя здольнасці. У сваю чаргу праектаванне стымулюе педагога да атрымання новых ведаў і творчага пошуку, павышае прафесійную кампетэнтнасць.

 Сяргей ГРЫШКЕВІЧ