Праекты на карысць усім

- 11:58Навіны рэгіёнаў

Педагагічныя праекты прыносяць рэальную карысць установам адукацыі. Штогод рэалізацыя пэўнай колькасці праектаў завяршаецца, калі распаўсюдзіць вынікі паспяховых праектаў, то яны прынясуць карысць мноству ўстаноў. З гэтай мэтай у Мінскім абласным ІРА адбылася творчая справаздача ўстаноў адукацыі, якія завяршылі ў мінулым навучальным годзе рэалізацыю педагагічных праектаў.

Другі год запар справаздача праводзіцца творча, у форме стэндавай прэзентацыі. Такі фармат дазваляе шырокаму колу калег пазнаёміцца з праектамі і іх вынікамі, а значыць, знайсці карысныя ідэі для сваіх устаноў адукацыі. Таму ўдзельнікамі мерапрыемства сталі не толькі педагогі ўстаноў, якія працавалі над праектамі, але таксама і прадстаўнікі ўсіх аддзелаў адукацыі рай(гар)выканкамаў вобласці, супрацоўнікі вучэбна-метадычных кабінетаў.

Свае праекты на мерапрыемстве прадставілі 39 устаноў адукацыі. Гэта ўстановы дашкольнай, сярэдняй, дадатковай і спецыяльнай адукацыі, сацыяльна-педагагічная ўстанова. Праекты рэалізоўваліся на ўсіх узроўнях адукацыі па розных кірунках работы, былі прысвечаны розным тэмам. Так, некалькі праектаў былі прысвечаны здароўезберажэнню. Напрыклад, у Бярэзінскай гімназіі рэалізоўваўся праект “Укараненне мадэлі фарміравання фізічнага здароўя навучэнца сродкамі фізкультурна-аздараўленчага асяроддзя гімназіі”. У гімназіі, дзе дзеці матываваныя на вучобу і дасягненні ў інтэлектуальнай дзейнасці, рухальная актыўнасць нярэдка трапляе на другі план, што не ідзе на карысць здароўю. У гімназіі ў выніку рэалізацыі праекта змаглі змяніць сітуацыю і сёння на базе класа, які быў задзейнічаны ў праекце, створана каманда па валейболе рэспубліканскага ўзроўню. Дзеці паспяхова займаюцца футболам, лёгкай атлетыкай, узровень захворванняў значна знізіўся. Навучэнцы сталі больш упэўненымі і смелымі, а зацікаўленасць спортам і фізічнай культурай распаўсюдзілася на ўсю гімназію. Дасягнуць гэтага дапамагла сістэмная праца, якая прадугледжвала арганізацыйную і метадычную работу, стварэнне спрыяльных санітарна-гігіенічных умоў, загартоўванне, мерапрыемствы шостага школьнага дня і, зразумела, правільна пабудаваную работу на ўроках фізічнай культуры і здароўя.

Шмат праектаў прысвечаны розным аспектам выхаваўчай работы, напрыклад, духоўна-маральнаму выхаванню, фарміраванню культуры сямейных адносін. Цікавы вопыт прадставілі педагогі Каменскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Капыльскага раёна. Тут рэалізаваны праект “Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне навучэнцаў сродкамі круглагадовай ваенна-спартыўнай гульні “Зарніца” ў сістэме выхаваўчай работы ўстановы адукацыі”. У “Зарніцу” тут гуляюць усёй школай. Кожны клас — гэта каманда. Каманды атрымліваюць заданні і па суботах або рыхтуюцца да іх, або выконваюць. Тэматыка кожны раз новая. Ваенна-спартыўная гульня дазваляе рознабакова развіваць дзяцей, такая работа забяспечвае не толькі грамадзянска-патрыятычнае выхаванне, але таксама і інтэлектуальнае, творчае развіццё, умацаванне здароўя школьнікаў, псіхалагічную падрыхтоўку, прафарыентацыю. “Зарніца” актывізавала пошукавую, даследчую, дабрачынную дзейнасць вучняў.

Значная ўвага звернута на работу з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Так, Слуцкі раённы ЦКРНіР прадставіў праект “Горад роўных магчымасцей”, закліканы павысіць культуру талерантных паводзін і стварыць пазітыўны вобраз асаблівых людзей у мясцовай супольнасці. З дапамогай розных сродкаў і мерапрыемстваў спецыялісты ЦКРНіР працавалі з навучэнцамі і педагогамі ўстаноў адукацыі Случчыны, прадстаўнікамі розных арганізацый рэгіёна, з бацькамі дзяцей з АПФР. Праз актыўнае ўзаемадзеянне і пашырэнне сацыяльных сувязей мяняўся менталітэт людзей. З удзелам дзяцей з АПФР праводзіліся святы ў гарадскім парку, асеннія кірмашы, спартыўныя мерапрыемствы, інклюзіўныя фестывалі і канцэрты ва ўстановах адукацыі, у розных арганізацыях. Праект стаў імпульсам для далейшай работы па стварэнні ў раёне тэрыторыі талерантнасці.

Адразу дзве ўстановы — ЦТДіМ Капыльскага і Мінскага раёнаў працавалі над праектам “Укараненне мадэлі арганізацыі культурна-адпачынкавай дзейнасці з дзецьмі-інвалідамі ва ўмовах установы дадатковай адукацыі “Падары дзецям радасць зносін”. Праект закліканы інтэграваць у соцыум дзяцей з АПФР з дапамогай працоўнага і эстэтычнага выхавання. Для асаблівых дзяцей ладзіліся цікавыя мерапрыемствы — гульнявыя праграмы, святы, акцыі, фестывалі, педагогі чакалі іх на занятках аб’яднанняў па інтарэсах і праводзілі творчыя майстэрні з элементамі гульні. Выкарыстоўваліся такія формы работы, як гульнятэрапія, ізатэрапія, лялька- і казкатэрапія.

Не абышлі ўвагай і тэму выкарыстання сучасных тэхналогій. Адметна, што да гэтай тэмы звярнулася ўстанова дадатковай адукацыі — Цэнтр дзіцячай творчасці Нясвіжскага раёна рэалізаваў праект “Дыстанцыйнае навучанне як адна з умоў дасягнення якаснай сучаснай адукацыі дзяцей і моладзі ва ўстановах дадатковай адукацыі”. У выніку на сайце ўстановы з’явіўся спецыяльны раздзел, дзе змешчаны відэазапісы заняткаў, майстар-класаў, што праводзяць педагогі цэнтра. Такім чынам засвойваць новыя ўменні дыстанцыйна могуць дзеці і дарослыя.

Акрамя стэндавай прэзентацыі праектаў, у рамках мерапрыемства прайшоў круглы стол для спецыялістаў аддзелаў адукацыі, спорту і турызму рай(гар)выканкамаў, адказных за рэалізацыю педагагічных праектаў ва ўстановах адукацыі па тэме “Рэалізацыя педагагічных праектаў ва ўстановах адукацыі Мінскай вобласці: праблемы і шляхі іх вырашэння”. На мерапрыемстве працаваў экспертны савет, які даваў ацэнку якасці вынікаў педагагічных праектаў. Эксперты вызначылі 10 праектаў, вынікі якіх рэкамендаваны для распаўсюджвання сярод педагогаў Мінскай вобласці.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.