Праектная дзейнасць дазваляе ўстановам адукацыі — ад дзіцячага садка да ўніверсітэта — рабіць працэс навучання і выхавання больш эфектыўным, а інавацыйныя формы работы — назапасіць у кожнай установе адукацыі непаўторны, уласны вопыт, які дапамагае ў сацыялізацыі і станаўленні асобы навучэнца. Аб сваім вопыце работы ў праектах сёння расказваюць прадстаўнікі трох устаноў Гродзеншчыны.
Жыве “Котчынская кадрыля”
Рэгіна ДРАВІЦА, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Азёркаўскай сярэдняй школы Мастоўскага раёна:
— На працягу трох апошніх гадоў у нашай школе рэалізоўваўся інавацыйны праект “Укараненне мадэлі дэмаграфічных паводзін навучэнцаў, накіраваных на ўмацаванне інстытута сям’і”.
Аснову выхавання маладога чалавека бачым ва ўмацаванні пераемнасці пакаленняў на аснове традыцый народа, багатага вопыту народнай творчасці. Прыкладам такой “залацінкі” фальклору, адметнасцю Мастоўскага раёна з’яўляецца “Котчынская кадрыля” з вёскі Котчына. Падчас рэалізацыі інавацыйнага праекта творчая група вырашыла больш даведацца аб гэтым танцы. Навучэнцы гуртка “Рэчанька” вывучылі гісторыю яго ўзнікнення і развучылі ў трох узроставых групах.
Дзеці даведаліся цікавую гісторыю аб танцы. У 1960 годзе на хрэсьбінах дачкі мясцовага жыхара вёскі Котчына Мастоўскага раёна госці ўспомнілі кадрылю. Ужо ў 1969 годзе танец пачаў нанава жыць і быў паказаны на занальным фальклорным аглядзе. А ў 1971 годзе ў вёску прыехалі харэограф М.Хвораст, пісьменнікі І.Ліс, Я.Брыль, М.Аўрамчык, зрабілі апісанне танца і змясцілі яго ў кнізе “Беларускія танцы”.
21 верасня 2010 года пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь мясцовы танцавальны стыль “Котчынская кадрыля” ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як узор нематэрыяльнай культуры з катэгорыяй каштоўнасці “А” (гісторыка-культурныя каштоўнасці, поўная аўтэнтычнасць і дакладнасць якіх безумоўныя і нязменныя).
Мясцовы танцавальны стыль дэманструецца на розных святах, канцэртах і іншых мерапрыемствах абласнога, раённага ўзроўню. У 2015 годзе творчы калектыў з побытавым танцам “Котчынская кадрыля” ўдзельнічаў у Абласным фестывалі рэгіянальнага фальклору “Панямоння жыватворныя крыніцы”, які адбыўся ў Астраўцы, і атрымаў там дыплом ІІІ ступені.
19 лютага 2016 года танцавальны калектыў “Рэчанька” прыняў удзел у адкрыцці Года культуры ў Гродзенскім абласным драматычным тэатры, а ў маі таго ж года — у фальклорным свяце “Па сцежках спадчыны” з папулярызацыяй аб’екта нематэрыяльнай спадчыны “Мясцовы танцавальны стыль “Котчынская кадрыля” вёскі Котчына Мастоўскага раёна”.
Праведзеная на працягу трох гадоў работа паказала, што навучэнцы сталі больш актыўна цікавіцца спадчынай свайго народа: з ахвотай спяваюць беларускія народныя песні, заклічкі, пацешкі, ведаюць і танцуюць беларускія народныя танцы, у іх больш яскрава развіваюцца артыстычныя здольнасці.
Свет дабра
Жанна ГРЫШАН, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Асінаўшчызненскага ясляў-сада — пачатковай школы Смаргонскага раёна:
— Навучэнцы 2-х і 3-х класаў Асінаўшчызненскага ясляў-сада — пачатковай школы пад кіраўніцтвам педагогаў Наталлі Мар’янаўны Паржон і Наталлі Леанідаўны Сосна на працягу 2016/2017 навучальнага года працавалі над праектам “Свет дабра”. Адсутнасць клопату да бліжняга, агрэсія да братоў нашых меншых, абыякавасць да таго, што адбываецца ў свеце, — ці можна гэта змяніць? Навучэнцы разам з педагогамі вырашылі, што кожны павінен пачаць з сябе. Так з’явілася ідэя праекта “Свет дабра”. У ходзе работы над праектам былі створаны творчыя групы: сацыёлагі, літаратары, мастакі.
Сацыёлагі высветлілі, што такое дабро і зло, якое месца яны займаюць у нашым жыцці. Для гэтага была арганізавана экскурсія ў бібліятэку. Карыстаючыся тлумачальным слоўнікам, дзеці даведаліся значэнне слоў “дабро” і “зло”. Потым было праведзена апытанне аднагодкаў і бацькоў. Аналізуючы адказы, прыйшлі да высновы, што дабро — гэта мір, шчасце, сяброўства, калі ёсць бацькі, здароўе, добрыя адзнакі; зло — гэта бяда, гнеў, незадаволенасць, непрыемнасць, няшчасце, сварка. Аказалася, што з 22 апытаных 9 чалавек (40%) добрыя і ветлівыя, 13 чалавек (60%) добрыя час ад часу, яны добрыя не з усімі і не заўсёды. Высветлілі, што ў дапамозе, на думку хлопчыкаў і дзяўчынак, маюць патрэбу тыя, хто ляжыць у шпіталі, інвалід; пажылыя людзі ці дзеці, у якіх няма бацькоў; жабрак, хворы чалавек ці той, хто не мае жылля, сям’і; жывёлы.
Група мастакоў арганізавала выставу “Дабро вачыма дзяцей”. Літаратары вывучылі шмат кніг, часопісаў, з якіх выбралі мноства прыказак, прымавак, вершаў пра дабро і добрыя ўчынкі. У рамках праекта “Свет дабра” прайшоў конкурс на лепшага чытальніка вершаў пра дабро, выпушчаны зборнік вершаў, аформлена кніжка-малышка “Прыказкі і прымаўкі пра дабро”.
Дзеці не забыліся пра людзей, якія маюць патрэбу ва ўвазе і клопаце, і правялі акцыі “Клопат” (віншаванне з Днём пажылых людзей), “Адрасная паштоўка для ветэранаў” (віншаванне настаўнікаў-ветэранаў з Міжнародным жаночым днём), працоўны дэсант “Мы ўсё можам, мы дапаможам” (аказанне дапамогі жыхарам дома сумеснага самастойнага пражывання вёскі Мацюляны). Не забыліся і аб самых дарагіх людзях — бацьках. У кожным класе прайшла гутарка “Клопат пра бацькоў”. Для мам быў праведзены аўкцыён добрага настрою “Самая любімая — матуля мая”, святочны канцэрт “Сёння свята — мамін дзень”, пасля заканчэння якога дзеці ўручылі падарункі, зробленыя сваімі рукамі.
Навучэнцы клапаціліся і пра сваіх малодшых сяброў з дашкольных груп: дапамагалі ім збірацца на прагулку, ачышчалі дзіцячую пляцоўку ад снегу. Першакласнікам, якія толькі вучацца лічыць, зрабілі карысны падарунак — лічыльны матэрыял у выглядзе рознакаляровых фігурак. Перад Новым годам правялі акцыю “Пачатковая школа — дзіцячаму саду: навагодні цуд”, прымалі ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні свят для дзяцей.
Для таго каб развіць пачуцці дабрыні, павагі, адказнасці, узаемаразумення, былі праведзены практычныя заняткі “Падары ўсмешку сябру”, “Хлопчыкі і дзяўчынкі: такія падобныя і такія розныя”, гадзіна пазнання і адкрыцця “Залатыя ключыкі да сэрцаў”, гадзіна зносін “Ёсць такая прафесія — Радзіму абараняць”, урок міласэрнасці “Боль чарнобыльскай трагедыі”, а таксама была выпушчана кніга да Дня Перамогі “Дзецям вайны прысвячаецца…”.
Восенню стартавала акцыя “Пакармі птушак”, якая працягвалася да вясны. Разам з бацькамі зрабілі кармушкі. Перад навагоднімі святамі правялі экалагічную акцыю “Зберажом лясную прыгажуню”: зрабілі лістоўкі, у якіх заклікалі дарослых і дзяцей самавольна не высякаць елкі ў лесе, расклеілі іх у аграгарадку Асінаўшчына і мікрараёне Карані. Вясной прымалі актыўны ўдзел у экалагічных акцыях “Чысты лес”, “Пасадзі дрэва”, “Зберажы дрэва — здай макулатуру”.
Удзел у праекце насіў і творчы характар. Літаратары знайшлі шмат твораў аб добрых учынках, справах, дружбе. Гэта заахвоціла прыняць уд зел у раённым аглядзе-конкурсе тэатралізаваных пастановак “Вясёлы карагод”, на якім выступілі з інсцэніроўкай “Як хлопчык шукаў сабе сяброў” па казцы В.Асеевай “Што падумаў вожык”, дзе занялі 2-е месца.
У пазаўрочны час і ў шосты школьны дзень вывучалі беларускія народныя гульні, з задавальненнем гулялі і прыцягвалі да іх малодшых таварышаў. З напрацаваным матэрыялам мы прынялі ўдзел у раённым фестывалі народных гульняў “Чароўны куфэрак” і занялі 1-е месца.
Для таго каб у нашай школе стала больш добрых, спагадлівых, дружных дзяцей, быў праведзены тыдзень добрых спраў. Дзеці зрабілі выснову, што добрыя справы трэба рабіць кожны дзень, таму што яны прыносяць не толькі карысць іншым людзям, але і велізарнае задавальненне нам самім. Спадзяёмся, што тыдзень добрых спраў стане ў нашай навучальнай установе традыцыяй.
Сацыяльная актыўнасць, адказнасць, кампетэнтнасць
Ганна ФІНАГЕНАВА, загадчык метадычнага кабінета Гродзенскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі:
— Вучнёўскае самакіраванне з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў выхаваўчай работы. Гэты прынцып быў пакладзены ў аснову інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання сацыяльнай паспяховасці навучэнцаў агульнай сярэдняй адукацыі”, рэалізацыя якога была пачата ў Гродзенскім раёне ў 2016/2017 навучальным годзе.
Мэта праекта — фарміраванне канкурэнтаздольнай асобы навучэнца праз развіццё вучнёўскага самакіравання. Каардынатарам праекта з’яўляецца Гродзенскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. Удзельнічаюць у ім Азёрская, Капцёўская, Абухаўская сярэднія школы і сярэдняя школа № 3 Скідзеля.
Асаблівы акцэнт быў зроблены на павышэнне прафесійных кампетэнцый педагогаў. У выніку яны авалодалі тэорыяй і практыкай фарміравання канкурэнтаздольнай асобы праз развіццё вучнёўскага самакіравання, формамі супрацоўніцтва з органамі самакіравання па фарміраванні ў навучэнцаў канкурэнтаздольных якасцей.
Для бацькоў, дзеці якіх удзельнічаюць у праекце, працаваў анлайн-універсітэт, вывучалася іх стаўленне да інавацыйнага праекта. 78,3% бацькоў выказалі гатоўнасць да ўдзелу ў ім, 93,5% вызначылі для сябе вельмі важным фарміраванне ў дзяцей канкурэнтаздольнасці і паспяховасці, 94,8% падтрымалі ўдзел дзяцей у праекце. На сайце цэнтра створана электронная бібліятэка для ўдзельнікаў праекта, у тым ліку і бацькоў.
Быў праведзены раённы саміт школьных сістэм самакіравання “Садружнасць”, тэма якога — “Развіццё канкурэнтаздольнага патэнцыялу вучнёўскай моладзі Гродзенскага раёна”. Падчас саміту адбылася сустрэча з кіраўніцтвам райвыканкама, праведзены майстар-класы, пабывалі ўдзельнікі на прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна.
За год праведзена шмат мерапрыемстваў. Рэалізуецца ініцыятыва кіраўніка раённай асацыяцыі школьных сістэм самакіравання “Садружнасць” навучэнца Капцёўскай сярэдняй школы Антона Кохны “Пакаленне NEXT”. Арганізавана раённая бізнес-гульня “Твой поспех”, кіруе якой раённы холдынг “ЦэнтрПоспех”, створаны на базе Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Вынікі падводзяцца ў канцы кожнага месяца абласным холдынгам “ЦэнтрПоспех”, і ў адпаведнасці з імі налічваецца грашовая ўзнагарода — “раёнкі”. Матэрыялы гульні асвятляюцца ў групе “УКантакце”. Актыўны ўдзел школьнікаў у гульні забяспечвае развіццё сацыяльнай актыўнасці, сацыяльнай адказнасці, сацыяльнай кампетэнтнасці. Гульня дапамагае навучэнцам зразумець складанасць сацыяльных адносін, сфарміраваць сацыяльную пазіцыю, вызначыць свае магчымасці ў рэалізацыі лідарскіх функцый, забяспечвае развіццё самастойнасці ў прыняцці і рэалізацыі рашэнняў для дасягнення грамадска значных мэт.
Праведзены тыдзень інклюзіўнай адукацыі “Пакаленне дабра”, “Калядныя сустрэчы”, дыскусійная пляцоўка “Мадэляванне шляхоў вырашэння крызісных сітуацый”, майстар-клас “Формы работы органаў вучнёўскага самакіравання па фарміраванні канкурэнтаздольных якасцей”.
Аналіз матывацыі педагогаў і навучэнцаў да ўдзелу ў інавацыйным праекце паказаў, што 100% апытаных задаволены сваім удзелам у ім і гатовы да працягу такой дзейнасці.
Матэрыялы педагогаў і творчай групы сістэматызаваны ў зборнік метадычных матэрыялаў. Работа Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі па фарміраванні канкурэнтаздольнай асобы праз развіццё вучнёўскага самакіравання апісана ў зборніку “Інтэграцыя дадатковай і агульнай сярэдняй адукацыі ў арганізацыі прафесійнага самавызначэння і фарміравання асобасных кампетэнцый вучняў” і заняла 1-е месца на XVII Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці вучнёўскай моладзі.
Падрыхтавала Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.