“Праекты ў асобах”: для людзей і з людзьмі

- 10:35Культура

У Маладзечне ў межах праекта “Еўрапейскі саюз для Беларусі” стартаваў трэці сезон выставы “Праекты ў асобах”.

На выставе прадстаўлены 29 праектаў, якія рэалізаваны пры падтрымцы прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі. Яны закранаюць пытанні грамадскага жыцця: рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў, ахова навакольнага асяроддзя, падтрымка прадпрымальніцтва і малога бізнесу, укараненне энергазберагальных тэхналогій ва ўстановах адукацыі, захаванне гістарычных традыцый, абарона жанчын і дзяцей ад насілля ў сям’і, прасоўванне еўрапейскага падыходу ў адукацыі і навуцы. Выстава дэманструе, як ініцыятывы Еўрапейскага саюза дапамагаюць ажыццяўляць мары многіх людзей.

За першыя два гады выставу змаглі наведаць жыхары дванаццаці гарадоў. Сёлета арганізатары запланавалі паказ у Оршы, Горках, Рэчыцы, Светлагорску, Жлобіне, Салігорску, Нясвіжы, Кобрыне і Баранавічах.

Героямі выставы сталі людзі розных прафесій і сацыяльнага статусу: выкладчыкі, навукоўцы, студэнты, валанцёры, фермеры, людзі з інваліднасцю, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і асуджаныя. Кожны праект прадстаўлены стэндам, дзе з аднаго боку змяшчаецца фотаздымак героя, з другога — інфармацыя пра саму ідэю і яе вынікі.

Падмацаваць свае веды аб дзейнасці ЕС у Беларусі, а таксама даведацца пра пэўныя праекты госці мерапрыемства маглі праз гутарку з кіраўніком прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі паслом Андрэа Віктарын, а таксама героямі выставы Уладзімірам Патапенкам (“Валожын без бар’ераў”), Ларысай Басалай і Аленай Карпінскай (“Праграмы па папярэджанні, забеспячэнні гатоўнасці і рэагавання на прыродныя і тэхнагенныя катастрофы ў краінах “Усходняга партнёрства”). Кідалася ў вочы, што асноўную групу наведвальнікаў выставы склала моладзь.

— Мы рэалізуем свае праекты не проста для беларусаў, а разам з імі, — выказалася Андрэа Віктарын.

Ірына ІВАШКА.
Фота аўтара.